Класік пісаў, што ўсе шчаслівыя сем’і падобныя адна да адной. Калі мець на ўвазе ўзаемапавагу паміж бацькамі і іх любоў і клопат пра дзяцей, то можна з ім пагадзіцца. І ўсё ж складнікі дабрабыту ў кожным доме свае. Напрыклад, у сям’і ГАЛЫНЯ з аграгарадка Мікалаёва шчасце складаецца з вершаў, якія чытае тата на сямейных святах; піцы і шаурмы, з любоўю прыгатаваных мамай; яркіх пазлаў, старанна складзеных сыночкам; пацешных танцаў гадавалай дачушкі.
Разам Андрэй і Надзея Галыні шэсць гадоў. Пазнаёміліся, калі Андрэй працаваў аграномам ва УП «Цітова», а Надзея заканчвала школу. Малады хлопец забегся ў незнаёмы дом падзарадзіць тэлефон і там сустрэў сваё каханне. Праз некаторы час стварылі сям’ю, падрастаюць чатырохгадовы Артур і гадавалая Мілана.
– Я родам з Цвеціна, Надзя з Дзісны, а нашы дзеці з’явіліся на свет у Мікалаёве. Мне прапанавалі работу інспектара па ахове працы ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве, прадаставілі жыллё, – расказвае малады гаспадар.
У родным аграгарадку Андрэя памятаюць як таленавітага чытальніка і акцёра. Выступаў на школьных мерапрыемствах, удзельнічаў у аглядах-конкурсах мастацкай творчасці. Прафесію выбраў больш блізкую да зямлі, аднак з творчасцю не парываў. Падчас вучобы ў Лужаснянскім каледжы займаўся ў тэатральнай студыі, быў пераможцам рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў. Цяпер дэкламуе вершы на вясковых мерапрыемствах і сямейных святах.
Кацярына Рынкевіч.
Фота Казіміра Блажэвіча.
Поўную версію чытайте ў раённай газеце.