Авторизация
 

У міёрскім аддзеле загса рэгіструюць нараджэнне дзяцей і шлюбы. Распавялі і пра іншыя абавязкі супрацоўнікі

95

 Спецыяльнасці «супрацоўнік органаў загса» няма на факультэтах вну. Аснова для работы ў гэтай сферы – вышэйшая юрыдычная адукацыя. Яшчэ тым, хто вядзе ўлік знакавых падзей у нашым жыцці, неабходны псіхалагічныя навыкі і творчыя здольнасці. Так лічаць начальнік і галоўны спецыяліст аддзела загса райвыканкама Ірына ЮХНО і Вольга ЮНОК.


Прыемная і ўтульная атмасфера ў аддзеле загса райвыканкама – адна з адметных характарыстык гэтай структуры. Тут заўсёды сустракаюць з душэўнай цеплынёй і прафесіянальнай увагай. Многія памятаюць шчырую ўсмешку і бадзёры голас колішняга начальніка аддзела Ірыны Гушчы, якая прысвяціла справе 26 гадоў. Яе пераемніца Вольга Галімбоўская таксама гарманічна сумяшчала адкрытасць у зносінах і дакладнасць у паперах. Больш далёкае мінулае аддзела звязана з імёнамі начальніка Дзіны Язёнак, інспектара Зінаіды Шэсцеравай, чый прафесійны шлях доўжыўся не адзін дзясятак гадоў.


Найбольш прыемныя моманты ў справе работнікаў аддзела загса – рэгістрацыя нараджэнняў і шлюбаў. За адзінаццаць месяцаў у раёне нарадзілася 107 дзетак. У першы дзень зімы з’явіўся на свет міярчанін Багдан Удобкін. Шчаслівы тата Дзмітрый рэгістраваць нараджэнне сына прыйшоў з кветкамі для работнікаў аддзела загса. Так падзяліўся з імі сваёй радасцю і павіншаваў з блізкім прафесійным святам.


– Гэта трэці сынок у нашай сям’і, – расказвае ён. – Старэйшаму Кірылу 11 гадоў, сярэдняму Аляксандру восем. Імя трэцяму хлопчыку выбрала жонка Алена. Усе чакалі маленькага. Эмоцыі, якія ўзнікаюць, калі бярэш на рукі немаўля, на словах не перадаць. Мы яшчэ пра дачушку марым.


Хлопчык з імем Багдан сёлета ў раёне другі. Самымі папулярнымі сталі імёны Арцём і Мацвей. На другім месцы Дзмітрый, трэцяе дзеляць Дзяніс, Міхаіл, Цімафей. З рэдкіх імён – Мірон, Назар, Сцяпан, Эмін. Што да дзявочых імён, тут у лідарах Сафія. Далей – Анастасія, Ганна, Дар’я, Міраслава. Рэдкія імёны – Адэль, Аміна, Уладзіслава, Мар’яна, Таісія, Тэя.


– З пачатку года ў раёне зарэгістраваны 94 шлюбы. Пышных вяселляў няшмат, усё часцей маладыя распісваюцца без сведкаў і гасцей, – заўважае начальнік аддзела.


Рэгістрацыя нараджэнняў і шлюбаў – тая вяршыня айсберга, па якой у грамадстве ўяўляюць дзейнасць органаў загса. Разам з тым супрацоўнікі маюць справу са змяненнямі і дапаўненнямі, якія ўносяць у дакументы грамадзян. Звяртаюцца да іх з пытаннямі наконт змены прозвішча. Сёлета такой магчымасцю скарысталіся шэсць чалавек. Хтосьці ўзяў сабе прозвішча айчыма, які замяніў тату, іншыя пажадалі насіць прозвішча сваіх дзядуль.


Вядзецца работа па аблічбоўцы архіўных запісаў. Інфармацыя ў электронным варыянце значна спрашчае пошук. Арсенал рабочых інструментаў папоўніла прыстасаванне для счытвання ID-карткі, што з нядаўняга часу стала альтэрнатывай пашпарта. Аплаціць дзяржпошліну за ажыццяўленне адміністрацыйнай працэдуры наведвальнікі могуць у сістэме АРІП, не выходзячы з кабінета. Асабліва ацаніла гэтую зручнасць моладзь.


З развіццём тэхналогій застаюцца каштоўнымі чалавечыя зносіны.

– Да нас прыходзяць з рознымі праблемамі, часам негатыўна настроеныя, а развітваемся штораз на пазітыве. Нават калі па аб’ектыўных прычынах не змаглі дапамагчы, наведвальнікі ўдзячныя нам за ўвагу і дабрыню, – гаворыць Вольга Юнок. – Імкнёмся супакоіць, падбадзёрыць, знайсці словы падтрымкі. Гэта не службовы абавязак, а ўнутраная патрэба.


– Мы займаемся важнай і патрэбнай справай. Прыемна адчуваць сваё дачыненне да шчаслівых падзей у жыцці людзей, – дадае Ірына Юхно.

Як заўважылі суразмоўніцы, органы загса не мінуў ні адзін чалавек. Хоць раз у жыцці тут бывае кожны.


Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Поўную версію чытайце ў раённай газеце.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 27 января 2023
Адам, Андрей, Аристарх, Вениамин, Давид, Иван, Илья, Иосиф, Макар, Марк, Моисей, Павел, Сергей, Степан, Агния, Нина

Именины 26 января 2023
Максим, Петр, Марфа, Афанасий, Яков

Госці краін

free counters
Партнеры сайта