Владимир Иосифович и Дануся Казимировна Минчины из Миор отметили бриллиантовую свадьбу

 Пазнаёміліся на будаўніцтве ўнівермага ў Міёрах, праз год цёплых адносін сталі сям’ёй, выхавалі пяцярых дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнучку. Так у вельмі скарочаным варыянце выглядае сямейнае жыццё Уладзіміра Іосіфавіча і Данусі Казіміраўны МІНЧЫНЫХ, якія 13 лістапада адзначылі брыльянтавае вяселле. Іх сумесныя 60 гадоў напоўнены мноствам падзей: радасных і трывожных, шчаслівых і журботных. Кожную пражывалі разам.


– Выхавалі пяцярых дзяцей. Двух сыноў ужо няма. Іх адыход цяжка было перажыць, шмат слёз праліла, – расказвае маці. – Муж суцяшаў, хоць у самога горка на душы. Перажываў за мяне, калі ў бальніцу трапіла. Пухліна ў галаве аказалася дабраякаснай, але давялося прайсці праз тры аперацыі. Удзячна віцебскім урачам, якія мяне выратавалі.

Данусі Казіміраўне 78 гадоў, Уладзіміру Іосіфавічу за дзень да брыльянтавага вяселля споўнілася 84. З цеплынёй, са светлым сумам, з перажытым болем узгадваюць сваю сямейную гісторыю.


– Люблю і паважаю сваіх дарагіх бацькоў. Шмат чаму ад іх навучылася. Удзячна за добрае выхаванне, – гаворыць дачка Марына.

Больш за 15 гадоў, як забрала тату і маму ў свой утульны дом, дзе дружна жывуць разам. Радасць і значымасць святочных дат – дня нараджэння Уладзіміра Іосіфавіча і брыльянтавага вяселля – падзялілі з дзядулем і бабуляй унукі. Іван займаецца будаўніцтвам. У Вольгі свая сям’я, выхоўваюць дачушку Дашу, якой ідзе другі год. Маленькая праўнучка – чаканы і жаданы госць на свяце.


Прыйшлі павіншаваць брыльянтавых маладых начальнік і галоўны спецыяліст аддзела загса Ірына Юхно і Вольга Юнок. Уручылі жаніху і нявесце юбілейнае пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу. Уладзімір Іосіфавіч і Дануся Казіміраўна паставілі свае подпісы ў кнізе ганаровых юбіляраў Міёршчыны. Засведчылі подпісамі 60-гадовы шлюб сваіх родных дачка і ўнукі. Гучалі шчырыя пажаданні здароўя, дабрабыту, цеплыні і новай радаснай сустрэчы на чарговым юбілеі сямейнага жыцця. Няхай усё здзейсніцца!


Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поўную версію чытайце ў раённай газеце.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.