Не нужен клад

Не патрэбен клад

Не нужен клад У нядзелю, 20 лістапада, у Папшулёўскім сельскім клубе было па-дамашняму цёпла, утульна і весела. Тут сабраліся маладыя сем’і на свята пад назвай “Сямейнае асарці”. Кожная з іх гатова была і сябе паказаць, і іншых паглядзець.

 

Сям’я Мядзелец выступала пад дэвізам “Працуем і весялімся дружна ўсёй сям’ёй”. У наступнай сям’і Кісель дэвіз быў “Наперад з песняй, пераможам!” А Благушы выбралі свой — “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”.

 

У народзе гавораць: красна хата кутамі, а стол пірагамі. Прыемна пацешыў кулінарны конкурс, бо ўсе сем’і прынеслі свае любімыя стравы — адна смачней другой.

На свяце літаральна ўсе — дарослыя і дзеці — змаглі праявіць спрыт, кемлівасць і знаходлівасць. Так, мужчыны з заплюшчанымі вачыма знаходзілі абутак сваіх жонак, спаборнічалі хто хутчэй і лепш ачысціць бульбіну.

А маладыя матулі з закрытымі вачыма спрабавалі сабраць сваё дзіця ў садок. У іх гэта атрымалася дастаткова ўдала.

Шчыры смех выклікаў конкурс для дзяцей. У ім малыя спаборнічалі на лепшага матулінага памочніка.

 

Творчасць, кемлівасць і ўзаемаразуменне прадэманстравалі сем’і ў інтэлектуальным конкурсе.

На працягу ўсяго свята дзеці дарылі прысутным свае песні, вершы, чым стваралі ў іх выдатны настрой.

Пры падвядзенні вынікаў выявілася, што ўсе сем’і выступілі выдатна, хаця ў кожнай была свая адметнасць.

 

Таму атрымалі намінацыі “Самая дружная” —  сям’я Кісель, “Самая творчая” — Мядзелец, “Самая вясёлая” — Благуш.

Падрыхтавала гэтае цудоўнае свята загадчыца клуба Наталля Баслак. У якасці вядучых выступілі Ірына Свяцкая і Наталля Баслак.

 

Такія мерапрыемствы згуртоўваюць і дораць прыемныя хвіліны адпачынку гледачам. Не менш прыемна было назіраць за закаханымі сямейнымі парамі, шчаслівымі тварамі бацькоў і іх дзяцей.

У кожнага свой сакрэт сямейнага шчасця. Галоўнае, каб панавалі ў доме лад, узаемаразуменне, любоў і павага, каб па-сапраўднаму даражылі кожным членам сям’і, каб любы чалавек адчуваў сябе ўтульна і камфортна. Каб яго заўсёды цягнула дадому.

 

Аксана АЛЯКСЕЕВА,

метадыст РМЦ НТ і КАР.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.