В семье Вячеслава ЛЮКЛЯНА и Натальи ПАВЛОВСКОЙ - тихое счастье

 Звычайны вечар у сям’і міярчан Вячаслава ЛЮКЛЯНА і Наталлі ПАЎЛОЎСКАЙ праходзіць цікава. Тата з пяцігадовым Уладзікам гуляюць у футбол ці глядзяць ваенныя фільмы. Маці з пяцікласніцай Лерай спяваюць у караоке або пішуць вершы. Сабака Найда забаўляецца з катом Мішкам. Бабуля Валянціна Фёдараўна цешыцца, назіраючы за сямейнымі радасцямі.

 

– Мы – дружная сям’я! – бадзёра заўважае Лера.
– Наша сям’я – гэта сям’я любові, – дапаўняе сястрычку Уладзік.
Пацвярджэнне дзіцячых слоў навідавоку. Яно ў цеплыні, якой свецяцца вочы таты і мамы. У пяшчоце, з якой бацькі абдымаюць дачку і сына. Ва ўтульнасці дома, створанай клапатлівымі рукамі дарослых і дапоўненай непасрэднымі малюнкамі малых. У смаку духмяных хрустоў, якімі гаспадыня частуе сям’ю і гасцей. У атмасферы, напоўненай шчырасцю, радасцю, любоўю.

 

Праз клопат да адказнасці

Заўважаю на дрэўцах у двары кармушкі для птушак.
– Лера з татам зрабілі, – гаворыць Наталля. – Любоў да прыроды, да птушак і жывёл – гэта ў нас сямейнае. Пра сваіх гадаванцаў клапоцімся.

 
На вуліцы ў вальеры жыве стары лабрадор. Штораніцы, ідучы ў школу, Лера вітаецца з сябрам, ежу яму прыносіць. Нядаўна з’явіўся новы член сям’і – сабачку Найду знайшлі на вясковай дарозе. Слабая і галодная, яна наўрад ці выжыла б на вуліцы. Цяпер у яе клапатлівыя гаспадары, якім дорыць ласку і ўдзячнасць. Нават з катом знайшла агульную мову, хоць часам узнікаюць непаразуменні. Ціха і непрыкметна паводзіць сябе афрыканскі слімак, які таксама ў доме ў радасць. Праз клопат пра гадаванцаў бацькі прывіваюць дзецям адказнасць і эмпатыю, вучаць быць уважлівымі да навакольнага свету.

 

Рады таму, што ёсць

Дзеці запрашаюць у свой пакой. Невялікі, але вельмі ўтульны. На паліцы Леры – падручнікі і кнігі, якія пастаянная чытачка дзіцячай бібліятэкі выбірае і для сябе, і для таты з мамай. Чытаць – таксама сямейная традыцыя. У распарадку дня абавязковая казка перад сном, якую чытае хтосьці з бацькоў. Маці часта сюжэты чэрпае не з кніг, а прыдумвае сама.

 
Уладзік спяшаецца паказаць сваю азбуку з яркімі карцінкамі, па якой вучыць літары, і набор мастака, што падарылі бацькі. Малюнкі хлопчыка развешаны на дзвярах і сценах. З акна бачна, як заходзіць сонца. Сястра і брат часта любуюцца гэтым кожны раз розным відовішчам, клічуць бацькоў паглядзець.

 
– Я рада, што дзеці ўмеюць заўважаць прыгожае. Нават у простых рэчах, – гаворыць маці.
– Камусьці патрэбны планшэты і паездкі на мора. А нашы дзеці ў захапленні ад адпачынку на беразе возера ў палатцы, – заўважае тата. – Збіраючыся на гарадскія святы, адразу агаворваем, колькі грошай можна патраціць на пакупкі. Дзеці заўсёды ўкладваюцца ў суму і рады таму, што атрымалі.

 

Сапраўдныя каштоўнасці

Узнікае лагічнае пытанне: як у сучасным свеце, дзе пануе культ спажывання, выхаваць дзяцей бескарыслівымі, шчырымі, уважлівымі, клапатлівымі. Адказ Вячаслава і Наталлі – праводзіць з малымі як мага больш часу, размаўляць, дзяліцца думкамі і перажываннямі, улічваць іх меркаванне.

 
– Мая самая блізкая сяброўка – мама, а самыя лепшыя сябры – тата і брацік, – радасна заўважае Лера.
– У нашай сям’і няма лідара. Ва ўсіх роўныя правы: і ў бацькоў, і ў дзяцей, – гаворыць тата. – Абавязкі па доме не дзелім на мужчынскія і жаночыя, спраўляемся разам. Дачка і сын ахвотна дапамагаюць даглядаць птушку і свіней. Просяць карову завесці, але вырашылі, што пакуль хопіць казы.

 
– Даём дзецям свабоду самавыяўлення. Калі трымаць іх у строгіх рамках, то вырастуць няўпэўненымі ў сабе. Свае правілы, вядома, ёсць. Абмяжоўваю час на забавы ў смартфоне. У выпадку дзіцячых канфліктаў раю разабрацца і памірыцца, – расказвае маці. – За свавольствы не караем, а тлумачым, у чым правініліся. Аднойчы Уладзік выпадкова разбіў новы плазменны тэлевізар. Я не крычала на яго. Паплакала ў пакоі, затым растлумачыла сыну, што трэба быць асцярожным і берагчы маёмасць.

 
Сям’я – самае галоўнае для бацькоў і дзяцей. Праведзены разам час – каштоўны і шчаслівы. Уладзік распавядае, як хадзіў з татам на зімовую рыбалку і злавіў 13 акунёў. Лера прыгадвае вясёлыя святкаванні дня нараджэння па сцэнарыях, прыдуманых мамай, і незвычайны торт, прыгатаваны татам да 8 Сакавіка.

 

Са смакам любові

– Каця, частуйся! – звонка ўсклікае Уладзік, паказваючы на талерку з пульхнымі хрустамі.
Выпечка на стале бывае часта. Наталля дыплом повара пастаянна пацвярджае на дамашняй кухні. Уладзіку асабліва падабаецца маміна піца, Леры – пюрэ з адбіўнымі, а тату – катлеты са шчупака.
– Так смачна іх больш ніхто гатаваць не ўмее, – заўважае ён.

 
Вячаслаў па прафесіі будаўнік, заняты ў прыватнай фірме, аднак ля пліты таксама адчувае сябе на сваім месцы.
Кулінарны сакрэт у сям’і адзін – дадаваць у стравы любоў. Нават звычайныя сасіскі, пасмажаныя на кастры падчас пікніка, у цёплай сямейнай кампаніі набываюць асаблівы і непаўторны смак.

 

Хораша быць разам

Сям’і Вячаслава і Наталлі 13 гадоў. Выпадковае знаёмства на чыгуначным вакзале ў Віцебску для міёрскай дзяўчыны і хлопца з Браслаўскага раёна стала лёсавызначальным. Будаваць сваю сям’ю вырашылі ў Міёрах. У невялікім утульным доме, дзе прайшло дзяцінства Наталлі, цяпер растуць іх дзеці.

 
Поспехамі ў вучобе і ў творчасці радуе Лера. На ўроках атрымлівае «9-кі» і «10-кі», за перапынкі паспявае падрыхтаваць дамашнія заданні, спрабуе пісаць вершы, вельмі любіць спяваць, у тым ліку і на англійскай мове, зай- маецца вакалам у раённым Цэнтры дзяцей і моладзі. Цікаўным і жвавым расце Уладзік. Дачка і сын – сэнс жыцця бацькоў, стараюцца зрабіць іх дзяцінства яркім і шчаслівым.

 
Ладзяць паходы, паездкі на святы ў суседнія гарады. Любяць бываць на дачы ў Пціцкіх, дзе нядаўна купілі дом. З часам плануюць перабрацца туды на пастаяннае месца жыхарства. Чым бліжэй да цішыні і прыроды, тым лепш. Самае важнае – быць разам.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота аўтара і з асабістага архіва Наталлі ПАЎЛОЎСКАЙ. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.