Дзень нараджэння сям’і дзісненцаў Леаніда Канстанцінавіча і Зоі Генадзьеўны МІШУТАВЫХ – 6 сакавіка 1971 года. Святкуюць залаты юбілей. Іх сямейнае жыццё не назавеш бязвоблачным і вясёлкавым. Разам з тым шмат у ім прыемных, радасных момантаў. А з выпрабаваннямі лёсу муж і жонка спраўляюцца мужна і мудра.
Знаёмства на «пятачку»
– Пазнаёміліся мы «на пятачку» летам 1968 года, – пачынае расповяд пра пачатак сямейнай гісторыі Зоя Генадзьеўна.
«Пятачком» у Дзісне называлі танцавальную пляцоўку, што знаходзілася побач з пажарным пастом. Па выхадных тут збіралася моладзь, збягаліся паглядзець на танцы дзятва і гараджане старэйшага ўзросту.
– Музыка гучала на ўвесь горад і вабіла на пляцоўку, – успамінае субяседніца. – Не раз я прасілася ў мамы пайсці паглядзець, як танцуюць. Адказ быў такі: «Школу скончыш, тады пойдзеш».
І вось 18-гадовая Зоя разам з сяброўкай «на пятачку». Прыгожая статная дзяўчына з доўгай густой касой.
– Паглядзеў на яе – і ўсё, – кажа Леанід Канстанцінавіч.
На той час ён ужо скончыў лясны тэхнікум, адслужыў у арміі і ўладкаваўся памочнікам ляснічага ў Лужкі. На танцпляцоўку прыйшоў з сябрам, абодва звярнулі ўвагу на маладых дзяўчат і вырашылі пазнаёміцца. Прычым загадзя дамовіліся, хто якую танцаваць запросіць.
– Я шчаслівая, што пайшла на той «пятачок» і што Лёня выбраў менавіта мяне, – гаворыць праз 50 гадоў сямейнага жыцця Зоя Генадзьеўна.
Яна і цяпер захоўвае пісьмы ад каханага. Пранумераваныя і падшытыя.
Тым летам Зоя паступіла ў радыётэхнічнае вучылішча ў Віцебск. Пасля там жа скончыла бухгалтарскую школу. Каб быць бліжэй да каханай, Леанід таксама падаўся ў абласны цэнтр вучыцца ў фізкультурны тэхнікум. З часам у Ленінградзе атрымаў вышэйшую адукацыю ў сферы лясной гаспадаркі, але працаваць у ёй больш не давялося.
У адказе за самых блізкіх
Будаваць сваё сямейнае жыццё маладыя вырашылі ў роднай Дзісне. У снежні 1971 года ў іх нарадзіўся сын Сяргей. З’яўленне на свет першынца стала адначасова радаснай і сумнай падзеяй: у хлопчыка невылечнае захворванне. Падобныя сітуацыі нярэдка становяцца прычынай распаду сям’і, але не ў выпадку з Мішутавымі. Хворы сын толькі ўзмацніў бацькоўскую адказнасць.
Пайсці ў звычайную школу Сяргей не мог. Чатыры класы адвучыўся дома, затым стаў навучэнцам спецыяльнай установы ў Рэчыцы, дзе займаліся з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі. На канікулы бацькі забіралі сына дадому. Кожнае лета тата выпраўляўся з ім у падарожжы па рацэ на лодцы. Плавалі ў Полацк, Віцебск, Верхнядзвінск. Напрыклад, сплаў у Віцебск доўжыўся пятнаццаць дзён з начнымі прываламі. У абласны цэнтр якраз на «Славянскі базар» трапілі. Апошнія гады пераселі на аўтамабіль і скіроўваюцца па больш блізкіх маршрутах: у Дворнае Сяло, Пераброддзе, Новы Пагост. Штодня 76-гадовы бацька водзіць сына на прагулку. Наведваюцца да куратніка дагледзець птушак, якіх Сяргей набыў сам.
– У нас часам пытаюцца, чаму не аддалі сына ў спецыяльную ўстанову. Сэрца не дазваляе гэтага зрабіць, – гаворыць маці. – Хвароба ў Сяргея прагрэсіруе, ногі слабеюць. Гэта адбіваецца на яго настроі. Перажыванняў нам хапае, але мы нясём адказнасць за свайго сына.
У Мішутавых яшчэ двое дзяцей. Сярэдні сын Аляксандр знайшоў сябе ў будаўнічай сферы, жыве з сям’ёй у Наваполацку. Малодшая дачка Ганна працуе інструктарам-метадыстам па фізічнай рэабілітацыі ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Тата рады, што Ганна пайшла па яго прафесійным шляху і атрымала вышэйшую адукацыю ў Акадэміі фізічнай культуры.
Сам Леанід Канстанцінавіч 35 гадоў вёў урокі фізкультуры ў дзісненскіх сярэдняй і школе-інтэрнаце. Зоя Генадзьеўна столькі ж адпрацавала ў гарсавеце, дзе займалася бухгалтарскімі справамі. Дома ў Мішутавых шмат фотаальбомаў з чорна-белымі і каляровымі здымкамі. Вось шчаслівыя маладыя за вясельным сталом. Вось сын Сяргей радуецца прывалу на беразе ракі. Вось ідзе ў першы клас унук Кірыл, які цяпер вучыцца на стаматолага на трэцім курсе ўніверсітэта ў Смаленску. З-за пандэміі апошнім часам бачыцца з ім не выпадае. Прыязджаюць з Мінска малодшыя ўнукі – трынаццацігадовая Паліна і васьмігадовы Цімафей. Дзядуля і бабуля рады сустрэчы з імі, але непакояцца, што дзеці шмат часу праводзяць у смартфонах.
– Наша дзяцінства было куды больш шчаслівым, чым у нашых унукаў, – заўважаюць яны. – Мы бегалі босымі па гарачым пяску, купаліся ў рэчцы, шмат часу праводзілі на вуліцы і заўважалі, як цудоўна навокал. Цяпер жа ўсе інтарэсы ў адным экране. Гэта псуе асанку, зрок і слых, пазбаўляе многіх радасцей.
Дарэчы, Леанід Канстанцінавіч штодня знаходзіць у сваім раскладзе гадзіну для заняткаў спортам. Без фізічнай нагрузкі адчувае сябе некамфортна. Таму ў сваім паважаным узросце выглядае стройным і падцягнутым. Зоі Генадзьеўне весці актыўны лад жыцця не дазваляюць праблемы са здароўем. Перажытыя цяжкасці адлюстраваліся ў медыцынскай карце, доўгую густую касу хваробы ператварылі ў кароткую стрыжку. Пераадольваць цяжкасці дапамагалі моц духу і пастаянная падтрымка мужа.
Назаўсёды адно ў аднаго
«Ты у меня одна, словно в ночи луна, словно в году весна, словно в степи сосна…», – радкі з калісьці папулярнай песні Юрыя Візбара пісаў Леанід у пісьмах да каханай Зоі. Прайшлі гады, і ён застаецца верным гэтым словам.
– Самы лепшы муж у свеце, – гаворыць жонка. – Ніколі не пакрыўдзіць, не скажа нічога дрэннага, усе цяжкасці нашага агульнага лёсу ўзяў на сябе і годна з імі спраўляецца, мяне падбадзёрвае.
– У Зоі запальчывы характар, яна імпульсіўная, але хутка супакойваецца, – заўважае муж. – Сям’я павінна трымацца на павазе і ўзаемаразуменні. Трэба ўмець дараваць крыўды і памылкі, быць адказнымі адзін за аднаго.
– І каханне важна берагчы. Можа быць, гэта гучыць банальна, але без яго сям’і не бывае, – дадае Зоя Генадзьеўна.
Пяцідзясяты сямейны юбілей Мішутавы адзначаюць разам з самымі блізкімі людзьмі і добрымі сябрамі. Прыемны падарунак бацькам зрабілі дзеці – заказалі ў кафэ банкет, каб у адрас таты з мамай зноў загучалі добрыя пажаданні і тосты «За маладых!».
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва сям’і МІШУТАВЫХ.