Авторизация
 

Дзмітрый і Аліса КАШКУР з Ідолта: Узаемападтрымка для сям’і – аснова асноў

 Шматдзетная сям’я Дзмітрыя і Алісы КАШКУРАЎ жыве ў аграгарадку Ідолта. Выхоўваюць двух сыночкаў і дачушку, добраўпарадкоўваюць свой дом. Галоўныя пункты іх сямейнага кодэкса – падтрымліваць адзін аднаго, разлічваць у першую чаргу на саміх сябе і самастойна будаваць дабрабыт.

 

Рукатворны дэкор

Маладая гаспадыня сустракае на парозе. Калі б не ведала, што Аліса Кашкур сёмы год замужам і даглядае трох дзетак, прыняла б яе за студэнтку. Невысокая, стройная і падцягнутая, з прыветнай усмешкай. Запрашае ў дом – адразу заўважаю на сценах вышыванкі. Гэта работы Алісы. Значная іх частка размясцілася побач на падстаўцы і чакае рамачак. Нямала вышытых карцін майстрыца падарыла блізкім і сябрам. Адна з яе работ – выява Ісуса Хрыста – знаходзіцца ў касцёле ў Ідолта.

 
– Вышыўкай з дзяцінства захапляюся. Бабуля любіла гэты занятак і мяне навучыла. Асвоілі яго дзве малодшыя сястры, – гаворыць Аліса. – Упрыгожваю вышыванкамі дом. Дэкор ручной работы лепш падыходзіць для інтэр’ера, чым, напрыклад, карціны з магазіна. Муж са мной у гэтым пагаджаецца.
Узаемападтрымка для сям’і Кашкураў – аснова асноў. Яна дапамагае пераадольваць цяжкасці, дасягаць пастаўленых мэт.

 

Суровыя іспыты

Сустрэліся Дзмітрый і Аліса ў Ідолта. Малады чалавек працаваў у ВУПКУ «Міёрскі» слесарам, дзяўчына завіхалася на кухні гаспадаркі. У кастрычніку 2014 года стварылі сям’ю. У 2015-м з’явілася на свет дачушка.

 
– Той год быў вельмі цяжкім, – расказвае Аліса. – За адзін тыдзень не стала дарагіх для мяне людзей. Пайшла з жыцця любімая бабуля, з якой я правяла ўсё дзяцінства, праз два дні не стала таты. У гэты час наша трохмесячная дачушка ляжала ў рэанімацыі ў Віцебску, у яе былі праблемы з кішэчнікам. Тэлефаную, каб даведацца пра яе самаадчуванне, і чую ў адказ, што дзяўчынкі больш няма. Думала, не перажыву. Праз нядоўгі час давялося назаўсёды развітацца з бабуліным братам, з родным дзядзькам.

 
 Прыйсці ў сябе пасля жорсткіх удараў лёсу дапамагалі родныя. Асабліва муж. Дзмітрый быў побач і дзяліў гора з Алісай. Іх мужнасць і сіла духу – прыклад для ўсіх. Яшчэ не адзначыўшы першую гадавіну сямейнага жыцця, маладыя муж і жонка сутыкнуліся з выпрабаваннямі, якія не кожная сям’я са стажам зможа пераадолець. У Дзмітрыя і Алісы атрымалася.

 

Радасныя клопаты

Кажуць, калі Бог забірае штосьці дарагое, то вяртае больш. Салодка спіць у ложку чатырохмесячны Алёшка, з цікавасцю вывучае алфавіт на дзіцячым камп’ютары двухгадовая Марынка. Старэйшаму Косціку чатыры. Ён не захацеў застацца дома і даць інтэрв’ю карэспандэнтам газеты – у садку цікавей. Тату Дзмітрыя таксама не засталі, быў на працы. Цяпер заняты слесарам-рамонтнікам на металапракатным заводзе.

 
– Старэйшы сын – хлопчык актыўны. Хутка запамінае вершы, ведае алфавіт, умее лічыць, любіць маляваць і глядзець мульцікі. З інтарэсам назірае за татам, калі той рамантуе камп’ютары, – расказвае пра сваіх дарагіх дзетак Аліса. – Дачушцы лялькі не патрэбны, яе вабяць машынкі і іншыя хлапечыя забавы, часам не могуць падзяліць цацку з братам. Абодва клапоцяцца пра маленькага Алёшку, нам з хатнімі справамі дапамагаюць. Марынка посуд любіць памыць, Косцік збірае агуркі і кабачкі на агародзе, разам з бабуляй спраўляецца ў хляве. Летам любімая забава малых – паскакаць на стагах сена, якое ўсе разам нарыхтоўваем. Просяць граблі, каб таксама паўдзельнічаць у агульнай рабоце. Бабуля вучыла мяне, што ў дзяцей заўсёды павінен быць перад вачамі прыклад працавітасці. На ёй сваіх дзяцей выхоўваем.

 
 Уласнай гаспадаркай Дзмітрый і Аліса пакуль не абзавяліся, дапамагаюць даглядаць гадаванцаў бацькам. Агарод адзін на дзве сям’і, але клопаты пра свае градкі на бацькоўскія плечы не перакладаюць. Ля дома маладая гаспадыня садзіць кветкі. Летам красавалі сорак кустоў вяргінь, гваздзікі, уюнкі, слёз.

 
Штолета Аліса спяшаецца ў лес па чарніцы. Нават у мінулым годзе, калі чакала дзіця, не змагла ўтрымацца ад спакусы назбіраць лясных дароў для соку, кампоту і варэння.
– У лес па ягады адна хаджу. Мужу гэты занятак не падабаецца, – усміхаецца яна. – Затое тата застаецца з дзецьмі і я заўсёды ўпэўнена, што справіцца.

 

Розныя магчымасці

Нараджэнне Алёшкі стала самай радаснай падзеяй 2020-га года для сям’і Кашкур. На другім месцы – вадзіцельскія правы, якія Аліса атрымала ў маі. Цяпер смела садзіцца за руль уласнага аўтамабіля і скіроўваецца ў райцэнтр па справах. Гэта зручна.

 
– Пераязджаць у горад не думаем. Не вабіць ён ні мяне, ні мужа. Дзецям у вёсцы не сумна, на вуліцы шмат забаў у любую пару года. Чыстае паветра ўмацоўвае здароўе, – гаворыць Аліса. – Можа быць, у будучым зменім месца жыхарства. Пакуль тут хораша. Добраўпарадкоўваем дом, які дастаўся ў спадчыну ад майго бацькі. Цяпер у кухні ідзе рамонт.

 
У коле сямейных і бытавых клопатаў маладыя гаспадары знаходзяць час для самаразвіцця і захапленняў. Дзмітрый у вольныя хвіліны ўдасканальвае навыкі па рамонце камп’ютарнай тэхнікі і мабільных тэлефонаў, яшчэ любіць парыбачыць. Аліса, акрамя вышыўкі, займаецца бісерапляценнем, фотаздымкай, занята ў мастацкай самадзейнасці у мясцовым сельскім клубе. Мінулай восенню разам з іншымі маладымі матулямі ўдзельнічала ў конкурсе «Каралева восені».

 
– З загадчыцай клуба Эдзітай Філіпавай мы добрыя сяброўкі. Удзячна ёй за падтрымку, за магчымасць праявіць свае таленты, – гаворыць субяседніца. – Люблю танцаваць. Яшчэ ў школе самастойна развучыла ўсходнія танцы, у студэнцтве асвоіла тэктонік.

 
Бліжэйшыя тры гады Аліса правядзе ў водпуску па доглядзе трэцяга дзіцяці. Наконт будучага працаўладкавання не турбуецца. У яе арсенале прафесіі швачкі-вышывальшчыцы, аператара камп’ютарнай графікі, маляра-тынкоўшчыка, лабаранта. Шмат чаго ўмее і гатова вучыцца новаму. Побач каханы муж, на чыю падтрымку заўсёды можна разлічваць. Радуюць дзеткі, дзеля шчасця якіх бацькі пераадолеюць любыя складанасці. 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ,

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва сям’і КАШКУР.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 1 марта 2021
Даниил, Илья, Макар, Павел, Памфил, Порфирий, Самуил, Юлиан

Именины 28 февраля 2021
Алексей, Арсений, Иван, Михаил, Николай, Павел, Петр, Софья, Афанасий, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта