Разам — шчаслівейшыя і мацнейшыя
gazeta 28-10-2011, 15:56 2 274 Сямейны лад
Пра сям’ю Шаўчонкаў з Пад’ельцаў гавораць з падкрэсленай павагай. Не кожны пахваліцца такой пазітыўнай рэпутацыяй, не выпадковай, а заслужанай, тым больш на вёсцы, калі кожны чалавек навідавоку. Хоць аграгарадок Пад’ельцы і далучаецца да райцэнтра, аднак уклад жыцця тут вясковы. Апрацоўваюцца прысядзібныя ўчасткі, на падвор’і — жыўнасць розная. Зямельныя надзелы вялікія, што патрабуе адпаведных людскіх намаганняў. Так і ў Шаўчонкаў. Усё дагледжана, даведзена да ладу. Акуратны дом, тэрыторыя ля яго. Сядзіба вылучаецца сярод іншых, відаць, што шчыравала тут дбайная гаспадарская рука. Яно так і ёсць.
Былы ваенны Валерый Міледзьевіч Шаўчонак любіць парадак ва ўсім. Да пары яму і жонка Алена Іванаўна, якая заўсёды клапоціцца, каб панавала чысціня ў пакоях прасторнага, але ўтульнага дома, каб заўсёды было згатавана есці, каб спалі ў мяккім і цёплым... і яшчэ шмат розных “каб” пераадольвае яна дзеля дабрабыту ўласнай сям’і, дзе жывуць самыя дарагія ёй людзі.
Са сваім будучым мужам, каханым Валерыем Алена сустрэлася ў гэтым жа бацькоўскім доме. Тады да яе — маладога цырульніка — прывёў падстрыгчыся сябрука стрыечны брат. Позіркі дзяўчыны і хлопца сустрэліся, абодва адчулі, як імгненна мільганула паміж імі нябачная іскарка сімпатыі. Хацелася гаварыць і гаварыць, смяяцца ад цёплай шчырасці тых слоў, ад бестурботнага шчасця і нават забыліся пра мэту візіту.
— Не падстрыгла я тады яго, — усміхаецца субяседніца. — А назаўтра раніцай яму трэба было ехаць на службу — на Далёкі Усход. Паехаў.
Праз нейкі час пачала атрымліваць паштоўкі, пісьмовыя пасланні. Адказвала на іх. Наша знаёмства перарасло ў цёплае сяброўства, ды і напэўна — каханне.
Вяртаючыся назад, варта зазначыць, што Алена Бубіновіч (дзявочае прозвішча) вучылася спачатку ў СШ №1, а потым у СШ №3. Школу закончыла ў 1986 годзе. Па накіраванню РКБА паехала вучыцца на цырульніка ў Віцебск. І ўжо праз год вярнулася адтуль спецыялістам — з “чырвоным” дыпломам. Працаваць пачала загадчыцай КБА ў Пераброддзі.
Нядоўга затрымалася Алена на Міёршчыне, бо ў час наступнага водпуску Валерыя згулялі вяселле. І маладая сям’я Шаўчонкаў скіравалася на Далёкі Усход.
— Прыехалі мы, — прыгадвае Валерый Міледзьевіч, — холад, завея, снег. Мне трэба было на наступны дзень на службу. Пакінуў маладую жонку дома, супакоіў, што хутка вярнуся. Яна засталася чакаць. А ў нас, як на тое, здарылася непрадбачаная сітуацыя. На працягу трох сутак я не мог і вестачкі падаць пра сябе. Непакоіўся вельмі, а зрабіць нічога не мог.
На шчасце, у вайсковым гарадку яе акружылі ўвагай іншыя людзі, супакоілі, што такое ў ваеннаслужачых здараецца нярэдка. Абагрэлі маю Аленку, дапамаглі дачакацца мяне.
Былы вайсковец прыгадаў, што ад яго саслужыўцаў, здаралася, уцякалі маладыя жонкі, тым больш гарадскія, якія з утульных кватэр траплялі ў непрыстасаваныя баракі, дзе не было ніякіх зручнасцей і даймаў холад.
Алена ж з разуменнем адносілася да сітуацыі і да тых умоў, у якіх праходзіла выпрабаванне на трываласць іх сямейнае шчасце. Так, паміж мужам і жонкай існавала каханне, якое астудзіць паўночным завеям было не пад сілу.
У 1990 годзе ў маладой сям’і Шаўчонкаў нарадзілася цудоўная светлавалосая дзяўчынка Танечка, што пастаянна цешыла бацькоў, радавала іх. Яшчэ праз тры гады з’явіўся на свет хлопчык — Саша — здаровенькі, прыгожы. Толькі лёс прыпаднёс ім першае сур’ёзнае выпрабаванне. Сынок праз год захварэў, інфекцыйная хвароба паставіла чорную пячатку на далейшым жыцці дзіцяці. Даводзілася з хлопчыкам праводзіць увесь час, каб пазбегнуць горшага. Нязручнасці вымусілі памяняць месца жыхарства.
У 1997 годзе Шаўчонкі вяртаюцца ў Беларусь назаўсёды, у дом цесця — Івана Нікадзімавіча Бубіновіча. Дарэчы, гэта быў вельмі душэўны, добры, клапатлівы бацька і дзядуля, дбайны гаспадар і выдатны механізатар колішняга калгаса “Парыжская камуна”. Быў, бо цяпер дарагога для Алены Іванаўны чалавека — яе таты, няма. Ён памёр у 2008 годзе.
Слёзы нагортваюцца на вачах удзячнай дачкі, яна глыбока ўздыхае, ёй да болю шкада яго, бо тата ім з сястрой фактычна замяняў і маму.
А яшчэ Іван Нікадзімавіч вучыў зяця земляробскай справе, гаспадарлівасці, перадаючы яму па часцінках свой вялізны жыццёвы скарб — вопыт, спрыт у цяслярскай справе, будаўнічай наогул. У выніку агульных намаганняў бацькоўскі дом пашырэў, стаў больш прасторным, дзе месца хапала ўсім.
Сам жа Валерый Міледзьевіч не надта ўмеў гаспадарыць на зямлі. Ды і дзе яму было вучыцца сялянскай справе? Нарадзіўся ён у Германіі, у сям’і ваеннага, дзе служыў яго тата-беларус. Да 6 гадоў рос там у вайсковым гарадку. На 2 гады хлопчык з сям’ёй пакінуў Германію, а ў 8-гадовым узросце зноў вярнуўся туды. З 8 да 15 гадоў жыў і вучыўся на тэрыторыі гэтай краіны. Навучанне дзяцей ваенных там вялося на рускай мове, беларускай жа не было зусім.
— Затое мы амаль свабодна размаўлялі па-нямецку, — прыгадвае В. М. Шаўчонак. — Праўда, цяпер ужо многае забылася.
Як ні дзіўна, але на час вяртання ў Беларусь 33-гадовы Валерый Міледзьевіч ужо з’яўляўся ваенным пенсіянерам. Гады службы на Далёкім Усходзе дазволілі яму істотна павялічыць вайсковы стаж.
Самы малодшы Паша нарадзіўся ўжо тут у 2003 годзе. Вучыцца цяпер ён у трэцім класе СШ №3. Вучоба даецца лёгка, а таму ў дзённіку ў асноўным дзевяткі ды дзесяткі. Хлопчык дабрадушны, спакойны, праблем з ім ніякіх. Да таго ж, Паша мае абсалютны музычны слых, займаецца ў дзіцячай школе мастацтваў па класу скрыпкі другі год.
Наведванне ДШМ ніколькі не перашкаджае асноўнай вучобе. Здольны вучань мае выдатныя поспехі ўсюды, застаецца ў яго нямала часу і на адпачынак.
Вельмі задаволены бацькі, што трапіў іх Паша да Ванды Станіславаўны Кашкур, цудоўнай настаўніцы, вопытнага педагога. Дарэчы, Ванда Станіславаўна была некалі першай настаўніцай у іх старэйшай Тані. У дзяўчыны цяпер засталіся найлепшыя ўспаміны пра родную школу, настаўнікаў. Ды і сама Таццяна паступіла ў педуніверсітэт імя Машэрава, у хуткім часе будзе гісторыкам. Вучыцца на павышаную стыпендыю, жыве ў інтэрнаце. Многае ўмее рабіць самастойна, у тым ліку і гатаваць сабе ежу. А гэта спрыяе эканоміі грашовых сродкаў, не напружвае бацькоў. З сабой студэнтка бярэ ў горад у асноўным прадукты харчавання.
Грашовыя даходы сям’і Шаўчонкаў не надта багатыя, аднак на жыццё ўпаўне хапае. Пэўны прыбытак забяспечвае ўласная гаспадарка. Сваё мяса-сала, удосталь рознай агародніны. Працаваць Шаўчонкі ўмеюць, таму і маюць.
Пры размове з бацькамі адчувалася, што дзяцей сваіх яны любяць, лічаць іх найвялікшай каштоўнасцю, укладваючы ім і для іх літаральна ўсё. Муж і жонка прыстасавалі свой працоўны графік так, каб не пакідаць Аляксандра дома аднаго. Ён — інвалід І-ай групы, яму патрэбны ўвага і клопат, бацькоўскае цяпло — усё гэта хлопец атрымлівае спаўна. Тут даражаць адзін адным, бо ўсе яны — самыя родныя і блізкія, самы дарагія і незаменныя. Тут існуе вялікае, святое і непарыўнае адзінства — сям’я.
Эвеліна БАГДАНОВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.