Дружная семья, новая квартира и светлые мечты Вероники Мяделец и Сергея Латышонка из Миор

 Шматдзетная сям’я Сяргея Латышонка і Веранікі Мядзелец – адны з першых жыхароў пяціпавярхоўкі па вуліцы Лермантава ў Міёрах. Засяліліся сёлета ў лютым. Пасля васьмі гадоў у пакоі інтэрната вялікай і прасторнай падаецца двухпакаёвая кватэра ў новабудоўлі. Па добрай старой звычцы любяць збірацца разам на адной канапе.

Для размовы з маладой сям’ёй таксама выбіраем канапу. Уладкоўваемся на ёй з мамай Веранікай, васьмігадовым Мікітам і чатырохгадовай Віталінай. Тата Сяргей побач забаўляе гадавалую Дамініку. На шырокім тэле- экране для фону ідуць мульцікі. На падваконніку размясціўся прыгожы сыты кот па мянушцы Джэк. То назірае з вышыні другога паверха за тым, што дзеецца ў двары, то пераводзіць позірк на гаспадароў.


 – На наваселле ката не шукалі, Джэк ужо тры гады з намі, – смяецца Вераніка. – Мы рады, што цяпер у нас сваё жыллё з асобнымі кухняй, санвузлом, пакоем для дзяцей. Будавалі кватэру з аддзелкай. Яна, праўда, патрабуе карэкціроўкі. Месцамі пабелка на столі адстае, шпалеры ў вуглах чарнеюць. Думалі адразу рамонт зрабіць, але вырашылі пачакаць. Пакуль дзеці малыя, няхай на шпалерах малююць. Падрастуць – выправім недахопы.


У будаўнічых справах Вераніка толк ведае. У ліцэі будаўнікоў атрымала навыкі муляра, штукатура, плітачніка і абліцоўшчыка, працавала ў Міёрскай ПМК-55. Паспела паўдзельнічаць у будаўніцтве пяціпавярхоўкі на вуліцы Ягора Томкі ў райцэнтры, на якую цяпер выходзяць вокны ўласнай кватэры. На будоўлі доўга не затрымалася – пайшла ў водпуск па доглядзе дзіцяці. Тады і не думала, што ў Мікіты будуць яшчэ дзве сястрычкі.


 – Мы з мужам раслі ў невялікіх сем’ях. У мяне брат, Сяргей адзін у бацькоў. Уласная сям’я атрымалася большай, – усміхаецца Вераніка. – Нашы дзеткі – наш сэнс жыцця. Нам з імі ў пакоі ў інтэрнаце памерам 18,3 метры квадратныя ўтульна было, і ў новай кватэры ўсім месца хапае.


 Выхаванне сына і дачок – агульная справа таты і мамы. Сяргей, як і належыць гаспадару, часцей праяўляе строгасць. Вераніка, як і большасць матуль, дазваляе малым пасваволіць, толькі ў меру.


Самастойным расце Мікіта. Перайшоў у трэці клас. Вадзіць за руку на ўрокі і на заняткі футболам у спартшколу яго не трэба. Сам ведае дарогу. На летніх канікулах чытае кнігі са спіса для пазакласнага чытання. Прызнаецца, што мяч у двары паганяў бы з большым задавальненнем. Бацькі сочаць, каб адолеў адведзеную на дзень колькасць старонак. Удзячны слухач – сястрычка Віталіна. Марыць пайсці ў школу, каб навучыцца чытаць самой. Пакуль забаўляецца, здымаючы на тэлефон кароткія відэаролікі. Брат з сястрой дапамагаюць глядзець за малодшай Дамінікай.


Здаецца, у шматдзетнай маці ні хвіліны часу на сябе. Вераніка заўважае, што гэта не так. Муж дапамагае ва ўсіх хатніх справах, якія не прывыклі дзяліць на мужчынскія і жаночыя, таму ёсць калі адпачыць. Па вечарах едзе на велапрагулку, пастаянна наведвае майстра па манікюры, час ад часу сустракаецца з сяброўкамі. Больш за ўсё любіць праводзіць час з мужам і дзецьмі. Часта ідзе з малымі ў накірунку мясакамбіната сустракаць тату з работы.


Мары і планы ў Сяргея і Веранікі ў першую чаргу звязаны з дзецьмі. Шмат не загадваюць. Галоўнае, каб раслі сын і дачушкі ў любові і клопаце, сталі шчаслівымі дарослымі людзьмі.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва Веранікі МЯДЗЕЛЕЦ.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.