Авторизация
 

Саюз расіяніна і беларускі Трашчанкаў трывалы і гарманічны. Сёлета ўвосень міёрская сям’я адзначыць алавянае вяселле

 Розніца рускага і беларускага менталітэтаў ніяк не ўплывае на лад і згоду ў сям’і Мікалая і Таццяны ТРАШЧАНКА. Яны разам дзясяты год, з павагай ставяцца да інтарэсаў адно аднаго, цэняць родных і блізкіх, будуюць уласны дом. 

Сямейная гісторыя пачалася на міёрскім катку. Мікалай толькі пераехаў з Расіі ў Міёры, уладкаваўся на нядаўна адчынены фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Аказаўся дарэчы дыплом Вялікалуцкай акадэміі фізкультуры і спорту. Міярчанка Таццяна, выпускніца юрыдычнага факультэта ПДУ, працавала юрысконсультам на хлебазаводзе.


– Прыйшлі з сяброўкамі на каток. Мікалай там дзяжурыў. Так і пазнаёміліся, – расказвае Таццяна. – Першыя некалькі месяцаў былі тэлефонныя размовы. Мікалай жыў у сястры ў Чэрасах, дапамагаў ёй маленькіх дзетак даглядаць, таму часта бачыцца не выпадала. Пасля зняў кватэру ў Міёрах, сталі сустракацца. У кастрычніку 2010 года згулялі вяселле.


Менавіта старэйшая сястра Марына прапанавала брату пераехаць у Беларусь. Сама хацела тут вучыцца, таму паступіла ў Полацкі ўніверсітэт, дзе атрымала эканамічную спецыяльнасць. У студэнцкія гады сустрэла будучага мужа, з якім пасля прыехалі на Міёршчыну.


Цяпер сябруюць сем’ямі. Стараюцца сустракацца кожныя выхадныя. Сямейныя каштоўнасці для Мікалая і Таццяны на першым месцы. Часта наведваюць бацькоў у пасёлку Турычына Невельскага раёна Пскоўскай вобласці.
– Там прайшло дзяцінства мужа. Дарэчы, нарадзіўся ён у вёсцы Дворышча на Расоншчыне. Яшчэ маленькі быў, калі сям’я ў Расію пераехала, – расказвае Таццяна. – Мне падабаецца ў Турычыне бываць. Пасёлак даволі вялікі. Бацькі яго да нас прыязджаюць, яны любяць Беларусь, наш міёрскі край. Мараць пераехаць сюды, бліжэй да дзяцей і ўнукаў. Мы былі б гэтаму вельмі рады.
Як прызнаецца Таццяна, калісьці ў яе ўзнікалі думкі пае- хаць жыць у Расію. Муж пераканаў застацца. Як вучыць руская прымаўка, «от добра добра не ищут».


Мікалай працуе ў райваенкамаце. Дарэчы, армейскі вопыт у яго немалы. Пасля двух гадоў тэрміновай службы ў ракетных войсках у Ніжагародскай вобласці яшчэ тры гады заставаўся там па кантракце. Таццяна тры гады як уладкавалася юрысконсультам у водаканал. Адказвае за ідэалагічную работу на прадпрыемстве.


У вольны час Мікалай любіць парыбачыць. Таццяна аддае перавагу творчым заняткам: майструе тапіарыі, займаецца ўсходнімі танцамі ў студыі «Фазія» раённага Дома культуры. Муж і жонка падтрымліваюць інтарэсы адно аднаго. Мікалай па магчымасці прыходзіць на канцэрты, у якіх удзельнічае Таццяна. Яна на рыбалку з мужам не выпраўляецца, але калі той вудзіць непадалёку, прыносіць падсілкавацца дамашнія ласункі. Абодвум падабаюцца доўгія прагулкі з сабакам. Яшчэ агульнае захапленне – будаўніцтва дома. Пасля працоўнага дня там праводзяць шмат часу. Пытанні наконт будматэрыялаў, дызайну памяшканняў і іншыя вырашаюць разам. Умеюць знайсці прымальныя для абодвух варыянты.


Сучасны амерыканскі пісьменнік Чак Паланік пісаў, што адны людзі пакідаюць маленькі горад, каб марыць зноў туды вярнуцца, а іншыя застаюцца, каб марыць адтуль паехаць. Гэта не пра сям’ю Трашчанкаў. Мікалай і Таццяна знайшлі сваё шчасце на міёрскай зямлі і тут плануюць памнажаць сямейны дабрабыт.

Фота з асабістага архіва сям'і ТРАШЧАНКА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Именины 16 апреля 2021
Никита

Госці краін

free counters
Партнеры сайта