Авторизация
 

Зносіны з дзецьмі дораць асалоду Яўгеніі Козел з Дзісны

 – Трэба цаніць кожны момант, пакуль дзеці побач з табой, – заўважае шматдзетная маці з Дзісны Яўгенія КОЗЕЛ. 

Калі хочаце выгадаваць добрых дзяцей, трацьце на іх у два разы менш грошай і ў два разы больш часу. Не ведаю, ці знаёмы гэты выраз Яўгеніі Козел, але  свае зносіны з дачкой і сынамі яна будуе менавіта так.

Жывучы ў маленькім гарадку, дзе варыянтаў з работай няшмат, а з высокімі заробкамі яшчэ менш, дарагімі падарункамі дзяцей не часта парадуеш. Але можна даць ім штосьці больш важнае і каштоўнае – свой час.


– Ёсць у нас адна традыцыя. Увечары сядаем разам на канапе і гутарым. Дзелімся, як у каго дзень прайшоў, прыгадваем штосьці з мінулага. Асабліва такія пасядзелкі малодшым падабаюцца, – расказвае Яўгенія. – Канечне, не кожны раз атрымліваецца. То да позняга на агародзе затрымаемся, то з урокамі доўга спраўляемся. Але завядзёнку падтрымліваем.


Дзяцей у сям’і Козел чацвёра. Усе школьнікі. Насця вучыцца ў дзясятым класе, Уладзіслаў у восьмым, Дзіма ў чацвёртым, Алёша ў другім. Пра кожнага мама расказвае з цеплынёй і любоўю:


 – Насця ў нас выдатніца. Дома сочыць за чысцінёй і парадкам, на ўсю сям’ю вячэру прыгатуе. Улад таксама добры повар. І з любой мужчынскай работай справіцца. Калі еду далёка на машыне, яго з сабой бяру. Дапаможа, калі раптам паломка здарыцца. Малодшых таксама прывучаем да працы, узаемадапамогі. Падтрымліваем захапленні дзяцей. Усе займаюцца танцамі ў мясцовым Цэнтры культуры.


Ведаюць дзеці, што дабрабыт у іх сям’і ствараюць разумная эканомія і працавітасць. Улад не прасіў у бацькоў грошы на новы мабільны тэлефон. Сам на яго зарабіў, збіраючы журавіны. Дзіма марыць пра горны веласіпед, але столькі ягад з балота не вынесе. Для яго іншая ўмова – прыносіць са школы добрыя адзнакі.


Цікаўлюся сакрэтамі вядзення хатняй гаспадаркі. Якія лайфхакі дапамагаюць сэканоміць?
– Прадуктамі харчавання запасаемся на месяц. Напрыклад, бяром адразу дзесяць пачак макарон, пяць бутэлек алею і так далей. За пакупкамі едзем у «Еўраопт» у Полацк ці Наваполацк. Там і кошт меншы, і чырвоныя цэны. Такім чынам пазбаўляем сябе ад лішніх візітаў у магазін, і, адпаведна, непатрэбных трат, – дзеліцца гаспадыня. – За абноўкамі дзецям у школу скіроўваемся ў прыгранічныя расійскія гарады. Там на рынках шырокі асартымент адзення і цэны даступныя.


За рулём звычайна Яўгенія. Муж Юрый бывае дома раз на тыдзень, а то і радзей. Ужо год калясіць на вялікагрузным аўтамабілі па Еўропе. У далёкія далі паехаў па банальнай прычыне – заробку на ранейшым месцы працы на сям’ю не хапала. Старэйшых дзяцей хутка ў студэнцкае жыццё выпраўляць. І дом дабудаваць трэба, каб нарэшце пераехаць са здымнага жылля пад уласны дах.
З паездак прывозіць замежныя ласункі. Калі затрымліваецца дома на дзень – два, частуе сям’ю смажаным мясам і падлівамі, якія толькі ён умее так смачна гатаваць.


Дом і агарод на Яўгеніі і дзецях. З добрымі памочнікамі справы ладзяцца. Калі трэба, прыедзе на падмогу родны брат з Гарадоцкага раёна. Разам і працуюць, і адпачываюць. Колькі год таму ездзілі сем’ямі на мора ў Краснадарскі край, падарожнічаюць па святых месцах.


Знайсці забавы і новыя ўражанні можна і ў сваім гарадку. Пакатацца на веласіпедах, пакупацца ў рацэ, прагуляцца па старым парку. Калі рабіць гэта разам, будзе весела і хораша.


– Кажуць, быць мамай – работа. Калі так, то работа гэта прыемная, – заўважае субяседніца. – Сакрэтаў выхавання я не ведаю. Слухаю сваё сэрца. Прыемна, што дачка і сыны мне давяраюць, дзеляцца радасцямі і перажываннямі.


Яўгенія вядзе гурткі ў мясцовым Доме рамёстваў. Вучыць дзяцей і дарослых вышываць стужкамі, вязаць, рабіць сувеніры з прыродных матэрыялаў. Шмат прыгожых рукатворных рэчаў штодня перад вачыма. А самыя дарагія тыя, што змайстравалі яе дзеці. Кожны год да Дня маці рыхтуюць сюрпрызы сваімі рукамі. Усе падарункі беражліва захоўваюцца.


– Хутка дзяцінства пралятае. Дзеці становяцца самастойнымі і пакідаюць бацькоўскі дом. Трэба даражыць кожным момантам, пакуль яны з табой, – гаворыць Яўгенія. – Таму больш абдымкаў, больш зносін, больш часу разам.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з сямейнага архіва сям'і КОЗЕЛ.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 564
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 81 968
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 64 939
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 41 050
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 702
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 174
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 245
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 октября 2019
Андрей, Борис, Василий, Георгий, Давид, Иван, Константин, Михаил, Петр, Степан, Федор, Анна

Именины 14 октября 2019
Александр, Алексей, Георгий, Иван, Михаил, Николай, Петр, Роман, Вера

Госці краін

free counters
Партнеры сайта