Авторизация
 

“Пакуль у Дзісне ёсць работа, будзем жыць тут”

 Для сумеснай будучыні ў маладой сям’і значны першапачатковы капітал. Каханне і ўзаемаразуменне з паўслова, хоць і не новы, але ўтульны і прасторны дом, працоўныя месцы, шматлікасцю якіх не вызначаюцца правінцыяльныя гарады. 

“Пакуль у Дзісне ёсць работа, будзем жыць тут”, — сцвярджаюць Арцём і Таццяна КОЗЕЛ. Сёлета яны сталі сям’ёй і плануюць будаваць сваё шчасце ў самым маленькім беларускім горадзе.

СУСТРЭЦЦА з Таццянай дамовіліся дома. Яна працуе фельчарам хуткай дапамогі ў Дзісенскай бальніцы, і вольныя дні часта прыпадаюць на будні.


— Муж на працы. Заняты электрыкам на мясцовым участку электрасетак, — гаворыць маладая гаспадыня і запрашае ў пакой. — Рамонтам займаемся. Пашанцавала знайсці дом па даступнай цане. Пабудова старая, але трывалая. Будзем перапланіроўку рабіць. Разаб’ём вялікі пакой на некалькі, у тым ліку і на дзіцячы. Трэба правесці ваду, ацяпленне. Усё паступова. Мы менавіта дом хацелі: абодва з сельскай мясцовасці, Арцём шмат чаго сваімі рукамі ўмее рабіць, мне патрэбны градкі і кветкі ў двары.


 З уласнага агарода сабралі першы ўраджай. Але большая частка запасаў на зіму з вёскі Акунёва ў Мікалаёўскім сельсавеце, дзе жывуць бацькі Таццяны. Маладыя часта ў іх бываюць, дапамагаюць па гаспадарцы. Таня пяць год за рулём, адлегласць у дваццаць кіламетраў па месцамі не зусім гладкай дарозе для яе не праблема. Наведваюць бабулю Арцёма ў Дарожкавічах, што побач з Дзісной. Ходзяць у госці да цёткі, якая працуе разам з Таццянай.


Правінцыя вабіць цішынёй і спакоем, размераным ходам жыцця. Мітусня буйнога горада абодвух стамляе. Калі едуць за пакупкамі, ужо праз гадзіну хочацца вярнуцца. Таццяна заўважае, што апошнім часам нямала моладзі ў Дзісне застаецца. Абы з працаўладкаваннем праблем не ўзнікала.


АДРАСЫ шчасця ў кожнага свае. Арцём і Таня знайшлі адно аднаго ў маленькім горадзе. Некалькі разоў праводзілі час у агульнай кампаніі. У адну з такіх сустрэч дзяўчына расказвала, што збіраецца паклеіць шпалеры ў кватэры, якую здымала. Хтосьці пажартаваў: “Няхай Арцём табе дапаможа”.


— Шпалеры тады самой клеіць давялося, але праз некаторы час Арцём прыйшоў да мяне на работу і прапанаваў сустракацца. А на чацвёрты дзень адносін замуж паклікаў. Сталі жыць разам і рыхтавацца да вяселля, — прыгадвае з усмешкай.


Урачыстасць прызначылі на 21 ліпеня. За некалькі дзён да сярэбранага юбілею сямейнага жыцця бацькоў Тані. За раскошай і пампезнасцю не гналіся. Распісаліся ў Мікалаёўскім сельсавеце, на наступны дзень павянчаліся ў царкве ў Цвеціне. За гэтым назіралі сем дзясяткаў гасцей — радня вялікая і добрых сяброў нямала.


 У СЯМЕЙНЫМ жыцці першую скрыпку грае ўзаемаразуменне. Па словах Таццяны, наяўнасць гэтага складніка праяўляе рамонт. Без канфліктаў і спрэчак абыходзіцца ён у маладой сям’і.


— Навучыліся прымаць звычкі і паводзіны адзін аднаго, — гаворыць субяседніца. — Напрыклад, калі перастаўляем мэблю, Арцёму трэба рулеткай кожны куток абмерыць, а я і так бачу, што куды стане. Робім, каму як зручней, і не навязваем уласныя меркаванні.


Паважаюць захапленні адзін аднаго. Таня адпускае заўзятага рыбалова на раку, часам і сама за кампанію пойдзе свежым паветрам падыхаць. Арцём — пастаянны глядач на мерапрыемствах, у якіх яна прымае ўдзел. Рухавая і артыстычная Таццяна — самадзейная артыстка Мікалаёўскага сельскага клуба. Спевы і тэатралізаваныя пастаноўкі для яе адпачынак ад працоўных і хатніх спраў.


Разам збіраюць пазлы. Раней вялікія карціны вярталі ў каробку, бо не было дзе размясціць. На сценах у сваім доме месца дастаткова. Аздобяць жыллё вышыванкі маладой гаспадыні. Для адной муж ужо зрабіў рамку. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва сям’і Козел.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 93 987
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 69 872
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 35 525
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 34 268
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 33 646
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 32 977
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 21 991
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 декабря 2018
Андрей, Иван

Именины 12 декабря 2018
Даниил, Денис, Иван, Николай, Парамон, Сергей, Федор

Госці краін
free counters
Партнеры сайта