Калі разам, то і душа на месцы

Калі разам, то і душа на месцы
У тэрытарыяльным цэнтры прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню сям’і. Яго арганізавалі раённая арганізацыя ГА “Чырвоны Крыж”, РК ГА БРСМ, аддзелы райвыканкама па справах моладзі і ЗАГС. Пяць маладых сем’яў з дзецьмі з’яўляліся асноўнымі “віноўнікамі” сустрэчы: Слізень, Зямец, Піртань, Жук і Букіс. Вялі праграму начальнік аддзела па справах моладзі Дзмітрый Радзіхоўскі і старшыня раённай арганізацыі “Чырвоны Крыж” Ганна Ліскова.


Цікава прайшло знаёмства. Псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Ала Генадзьеўна Федарэц прапанавала сем’ям намаляваць герб і напісаць дэвіз. У кожнага, безумоўна, атрымалася нешта сваё. Піртані адлюстравалі тры сэрцы — мама, тата і дачка; Жукі ўпэўнена намалявалі крэпасць, а дэвіз іх — “Уся сям’я разам — і душа на месцы”; Слізені ж ўпэўнены, што “Шчаслівы той, хто шчаслівы дома”…
Правакацыйныя пытанні задаваліся асобна мужчынам і жанчынам. Аднак шчырыя адказы не нарадзілі сумненняў наконт вернасці сваіх спадарожнікаў жыцця.
Гісторыі знаёмстваў сем’яў, якія прымалі ўдзел у мерапрыемстве, былі абсалютна рознымі: адны паехалі паступаць пасля школы разам, другія вучыліся ў адным класе, хтосьці сустрэўся на дыскатэцы і адразу адчуў — маё. Прайшло некалькі год, з’явіліся дзеці — кветкі жыцця і радасць для мамы і таты. Адметна, што дзве сям’і — Сяргей і На-дзея Жук і Аляксандр і Марыя Піртань аздначаць у гэтым годзе ружовае вяселле — 10 гадоў сумеснага жыцця. Начальнік аддзела ЗАГС Ірына Леанідаўна Гушча нагадала, што ў такі дзень муж дорыць жонцы 11 руж: 10 чырвоных—як сімвал любові і 1 белую — як надзея на наступнае дзесяцігоддзе. І гэта абавязковы падарунак.

Невялікую мініяцюру-маналог падрыхтавала для ўдзельнікаў святочнага вечара Рэгіна Букіс.
Шмат конкурсаў і загадак, падрыхтаваных вядучымі і супрацоўнікамі аддзела ЗАГС, паспяхова вытрымалі і адгадалі ўдзельнікі мерапрыемства. Узнагароджваліся яны і спецыяльнымі невялікімі сувенірамі. Добразычлівая і цёплая, па-дамашняму ўтульная сустрэча працягвалася некалькі гадзін. Па сяброўскай атмасферы адчувалася, што разыходзіцца ніхто не спяшаецца. Дамовіліся ў будучым па магчымасці сустракацца часцей.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.