Выязны прафарыентацыйны занятак правялі для вучняў агракласаў Міёрскага раёна

 Чым займаюцца спецыялісты раённай інспекцыі па насенняводстве, абароне і каранціне раслін, якімі клопатамі запоўнены працоўныя дні агранома расказалі вучням агракласаў Павяцкай, Дзісненскай і Язненскай школ падчас выязнога прафарыентацыйнага занятку.

Праца на зямлі – высакародная 

У невялікіх ёмістасцях прарошчанае насенне кукурузы, ячменю, зернебабовых і іншых сельскагаспадарчых культур, што вырошчваюць у гаспадарках раёна. Спецыялісты інспекцыі па насенняводстве, абароне і каранціне раслін адбіраюць яго на аналіз, прарошчваюць, вызначаюць усходжасць. На аснове даследаванняў выдаюць гаспадаркам пасведчанне пра якасць насення. Без гэтага дакумента сельгаспрадпрыемствы не маюць права пачынаць сяўбу, заўважыў начальнік інспекцыі Мікалай Клімянкоў. Згодна з пасведчаннем, аграномы разлічваюць, колькі насення высейваць на гектары.

Аддзел абароны раслін інспекцыі займаецца прагнозамі і прафілактыкай распаўсюджання шкоднікаў і хвароб у раслін. Хутка актывізуецца рапсавы кветкаед, трэба засцерагчы ад яго сельскагаспадарчую культуру. Як заўважыў Мікалай Міхайлавіч, сёлета па раёне на плошчы каля 450 гектараў загінуў азімы рапс. Сыгралі сваю ролю вясеннія замаразкі і падтапленні. Цяпер угоддзі перазасяваюць.

У інспекцыі занята сем чалавек. Ёсць вакансіі агранома па каранціне і насеннявода. Начальнік Мікалай Клімянкоў у сельскай гаспадарцы 33 гады. Працаваў галоўным аграномам, пэўны час узначальваў льнозавод.

– Праца ў сельскай гаспадарцы цяжкая. Аднак без яе не будзе на стале хлеба, малака, мяса, – падкрэсліў Мікалай Міхайлавіч. – Сельскія працаўнікі займаюцца высакароднай справай. Іх праца заслугоўвае пашаны.

 Пачаць і ісці наперад

Малады аграном ААТ «Чэрасы» Іван Барок сваёй прафесіяй задаволены. З ім школьнікі сустрэліся ва ўрочышчы Татары. Тут на 38 гектарах, дзе вымак азімы рапс, сеялі авёс і кармавы гарох. Падчас пасяўной аграном штодня ў полі. З раніцы да вечара, без выхадных. Такі ж графік у перыяд уборачнай.

– Працую другі год. Напачатку складана было прывыкнуць да напружанага рытму работы. Здаралася, апоўначы дадому вяртаўся. Аднак пра свой выбар не шкадую, – расказаў Іван. – Прафесія цікавая. У пэўнай ступені рамантычная: пастаянна ў палях, навокал прыгожыя пейзажы. Разам з тым трэба весці дакументацыю, займацца закупкамі, складаць планы пасеваў, прымянення ўгнаенняў, распрацоўваць каранцінныя мерапрыемствы, сачыць за ходам пасяўной і ўборачнай кампаній. Прасцей кажучы, задача агранома – пасеяць, вырасціць і сабраць добры ўраджай.

Выпускнік Лужаснянскага аграрнага каледжа цяпер завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Імкнецца развівацца ў прафесіі і быць добрым гаспадаром на зямлі. Раіў старшакласнікам не баяцца складанасцяў, якія заўсёды будуць у пачатку прафесійнага шляху. Трэба пачаць і ісці наперад.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.