Шлях Жанны ВАРОНЬКА з Міёрскага раёна ў жывёлагадоўлю быў доўгім
gazeta 30-03-2023, 11:34 243 Сельская гаспадарка
Калісьці Жанна ВАРОНЬКА адмовілася працаваць прадаўцом, бо гэта падалося складаным. Цяпер аператар па адкорме жывёлы СУП «Чэрасы» цягае цяжкія тачкі, любіць сваіх гадаванцаў і адчувае сябе на сваім месцы.
Шлях Жанны Варонька ў жывёлагадоўлю быў доўгім.
– Я нарадзілася і вырасла ў Старых Круках. Там скончыла восем класаў і паступіла ў вучылішча ў Жодзіна. Пасля трох гадоў вучобы яшчэ чатыры працавала на швейнай фабрыцы «Світанак». Давялося вярнуцца на радзіму, калі захварэлі бацькі. Даглядала іх. Замуж выйшла за мясцовага хлопца, – распавядае суразмоўніца.
Малая радзіма сустрэла прыязна. Спачатку была швачкай у трыкатажным атэлье ў Міёрах. Адсюль пайшла ў водпуск па доглядзе дзіцяці. Калі цэх зачынілі, давялося працаваць прыбіральшчыцай, пасля адвучылася на прадаўца. Аднак стаяць за прылаўкам сціплай Жанне было не па душы. Баялася мець справу з грашыма, перажывала, калі хамілі пакупнікі. Тым часам знаёмыя прапанавалі ўладкавацца на ферму.
З 2005 года працуе аператарам на комплексе і спраўляецца з групай звыш ста цялят. Работа падабаецца, хоць фізічна цяжкая. Кармы на трактары падвозяць да тамбуру, адсюль іх перавозіць на тачцы.
– З першага дня цяжка было – усё балела. Доўга не магла прывык- нуць, а цяпер не ўяўляю, што можа быць інакш. У клетцы па 15-16 гадаванцаў, кожнаму трэба прынесці вядро з малаком, – усміхаецца суразмоўніца. – Я ўжо ўцягнулася, сваю работу ні на што не прамяняю. Да пенсіі гады чатыры засталося.
Раніцай Жанна Іванаўна спяшаецца на ферму, да абеду паспявае накарміць цялят і пачысціць клеткі. Гадзіны тры застаецца на хатнія справы, а пасля зноў прыступае да рабочых клопатаў.
У яе рознаўзроставых гадаванцаў рацыён адрозны. Маленькіх корміць сенам і шротам. Большым даспадобы мука, камбікорм і сянаж. Любімчыкам перападаюць ласункі – хлеб і яблыкі.
– Бывае, ласкавае цяля рукі мне ліжа. Як такое не любіць?! А вось калі з поля прывозяць дзікіх – усе ў сіняках ходзім. Разам з суседкамі па хляве вылоўліваем іх, пакуль прывучым піць з вядра, – гаворыць даглядчыца.
Гадаванцы здалёк пазнаюць гаспадыню і гучна вітаюць. І яна падтрымлівае размову. Часам уключае музыку на тэлефоне, калі раздае кармы.
За амаль дваццаць гадоў на ферме Жанна Іванаўна вынайшла ўласныя рэцэпты догляду за жывёлай. Напрыклад, пры праблемах са страўнікам заварвае сена ці палын і дадае ў малако. Дапамагаюць таксама яйкі з цукрам. Раней глюкозай выпойвалі самых слабенькіх цялятак.
Некалькі разоў на месяц выпадаюць выхадныя. Праводзіць іх з сям’ёй. Муж Аляксандр працуе трактарыстам у ПМС, дачка Каця даглядае маленькую Ксюшу. Разам прыязджа- юць да бабулі і дзядулі з Віцебска.
Пасля работы муж часта адпраўляе Жанну Іванаўну адпачыць і замяняе яе па гаспадарцы і на кухні. Неаднойчы прапаноўваў памяняць сферу дзейнасці, але дарэмна. Тут яна на сваім месцы.
Алена ВАРОНІНА.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.