У гаспадарках раёна працягваюць назапашваць насенне кукурузы. СУП «Чэрасы» закупіла 400 пасяўных адзінак малдаўскіх гібрыдаў «Фармек» і 195 – «БЕМО-203». Гэта клопат галоўнага агранома Івана БАРКА (на фота), які нядаўна прыступіў да сваіх абавязкаў.
Курыруе маладога спецыяліста старэйшы калега – намеснік дырэктара па вытворчасці Уладзіслаў Карсюкевіч. Па яго словах, дзве трэці насеннага матэрыялу кукурузы ў засеках чакаюць пасяўной. Неабходна набыць яшчэ да гэтай пары гатункі беларускай селекцыі.
У чэраскай гаспадарцы кукуруза дае нядрэнны ўраджай. У 2021 годзе мелі па 360 цэнтнераў зялёнай масы з гектара, летась – 330. Сёлета плануюць атрымаць па 400 ц/га. Першы крок да гэтага – якаснае насенне.