КВАЧОНАК Станіслаў Дзмітрыевіч
21 лістапада закончыўся жыццёвы шлях ветэрана працы, былога дырэктара Дзісенскага лясгаса Квачонка Станіслава Дзмітрыевіча.
С.Д. Квачонак нарадзіўся ў вёсцы Нача на Полаччыне 22 лютага 1934 года. Яшчэ ў школьныя гады выбраў для сябе работу ў лясной гаспадарцы, якой заставаўся верным усё жыццё. Закончыў Полацкі лясны тэннікум па спецыяльнасці "Лясная гаспадарка" з кваліфікацыяй лесавод. Па ёй 30 студзеня 1958 года і пачаў працоўную дзейнасць у Варапаеўскім лясніцтве Глыбоцкага лясгаса. З цягам часу тут стаў спачатку памочнікам ляснічага, ляснічым. Завочна закончыў Мінскі тэхналагічны інстытут. З багатым багажом тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў у пачатку лістапада 1971-га быў прызначаны дырэктарам Дзісенскага лясгаса, кіраўніцтву якім аддаў 17 гадоў. Шмат зрабіў для ўмацавання матэрыяльнай базы ўстановы, стварэння новых вытворчасцяў, развіцця лясной гаспадаркі ў Міёрскім і суседніх раёнах. У перадпенсійным узросце працягваў працаваць майстрам па будаўніцтве і капрамонце, інжынерам па тэхніцы бяспекі.
Станіслаў Дзмітрыевіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці Дзісны і раёна ў якасці дэпутата гарадскога Савета і члена выканкама, дэпутата раённага Савета, члена райкама партыі. Яго дасягненні і поспехі адзначаны юбілейным медалём "За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дна нараджэння У.І. Леніна", ведамаснай саюзнай Ганаровай граматай, іншымі ўзнагародамі.
У памяці ўсіх, з кім разам працаваў, з кім побач жыў Станіслаў Дзмітрыевіч Квачонак, ён застанецца выдатным чалавекам, суседам і сем'янінам, цудоўным спецыялістам, умелым арганізатарам і кіраўніком.
Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.
Раённы савет ветэранскай арганізацыі.