Щемелёв Эдуард Васильевич

Кастрычніцкім днём на 75-ым годзе жыцця раптоўна перастала біцца сэрца ветэрана працы, былога савецкага работніка і шматгадовага кіраўніка раённай станцыі аховы раслін Эдуарда Васільевіча Шчамялёва.



Жыццёвы шлях Эдуарда Васільевіча ў нейкай ступені тыповы для людзей яго пакалення. Нарадзіўся на Полаччыне, пасля школы пачаў працаваць рабочым саўгаса на Шклоўшчыне, куды пераехалі бацькі. Служыў у арміі і зноў вярнуўся ў саўгас. Імкненне вучыцца паклікала ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. З дыпломам агранома ўзначаліў вытворчы ўчастак у саўгасе "Гарадзішча".


3 1969 года лёс Э. В. Шчамялёва непасрэдна звязаны з нашай Міёршчынай. Тут сваё працоўнае станаўленне ён пачаў аграномам калгаса імя Чапаева, у сакавіку 1976-га прызначаны намеснікам старшыні калгаса "Праўда", неўзабаве абраны дэпутатам Перабродскага сельскага Савета, а ў канцы 1982-га і яго старшынёй.
Але найбольш працяглы і плённы перыяд жыцця Эдуарда Васільевіча звязаны з сельскагаспадарчай вытворчасцю і непасрэдна з аховай раслін. Гэтую службу, якая ўваходзіла тады ў склад аб'яднання "Сельгасхімія", ён узначаліў ў канцы лістапада 1985 года, заставаўся кіраўніком, калі яна стала самастойнай раённай станцыяй. З гэтай пасады пайшоў на заслужаны адпачынак у 2002-ім.


Э. В. Шчамялёў зарэкамендаваў сябе на Міёршчыне вопытным спецыялістам, адказным работнікам, умелым кіраўніком. За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці раслінаводства калгаса імя Чапаева ўзнагароджаны ленінскім юбілейным медалём у 1970-ым, адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі рэспублікі ў 1972 годзе, за ўклад ў развіццё сістэмы аховы раслін заахвочаны ў 2000-ым Рэспубліканскай дзяржаўнай станцыяй абароны раслін.
У памяці ўсіх, з кім працаваў Эдуард Васільевіч, ён застанецца выдатным спецыялістам, арганізатарам, кіраўніком і чалавекам. Для сям'і ён з'яўляўся надзейнай апорай і падтрымкай, адданым сынам, мужам і бацькам.


Раённы савет ветэранаў.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.