14 мая на 90-ым годзе жыцця перастала біцца сэрца ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Лукоўскага Казіміра Рыгоравіча. Нарадзіўся ён 20.01.1924 г. ў вёсцы Падліпкі, што ў нашым раёне. Апошні час ветэран жыў у Каменполлі.
Са студзеня 1945 года да самай Перамогі Казімір Рыгоравіч быў радавым у складзе 40-й артылерыйскай гвардзейскай брыгады. Адважнага хлопца ўзнагародзілі ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені і медалямі.
Працоўны шлях Казімір Рыгоравіч пачынаў у калгасе "Праўда", дзе быў трактарыстам. Давялося перайсці ў 2-ю Міёрскую МТС. Пасля працаваў цесляром у Міжкалгасбудзе, некаторы час быў заняты на Міёрскім хлебапрыёмным пункце. Асвоіў прафесію будаўніка на рамбудучастку. Потым быў грузчыкам на аптовай гандлёвай базе. У 1973 годзе вырашыў вярнуцца ў будаўніцтва, таму накіраваўся ў калгас "Праўда", адкуль праз 10 год пайшоў на заслужаны адпачынак.
Светлая памяць пра ветэрана заўсёды будзе жыць у сэрцах людзей.