Месячник военно-патриотической работы прошел в Турковской БШ

 Сёння задача школы – не толькі даць дзецям веды, але і выхаваць у іх глыбокую ўпэўненасць, што яны як грамадзяне сваёй краіны павінны ведаць яе гісторыю, любіць сваю Радзіму, быць яе сапраўднымі патрыётамі. Гэтай мэце служыў месячнік ваенна-патрыятычнай работы ў Туркоўскай БШ, які прысвячаўся 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і Году добраўпарадкавання.

Старт месячніку быў дадзены на ўрачыстай лінейцы, дзе кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Андрэй Лапіцкі азнаёміў з планам мерапрыемстваў – насычаных і рознабаковых.

Выхаванцы дашкольнай інтэграванай групы і пачаткоўцы ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў «Нам мір завяшчана берагчы», сюжэтна-ролевай гульні. Апошнія таксама адказвалі на пытанні ваенна-патрыятычнай віктарыны. Працавала школа будучага піянера.

 У вучняў сярэдніх класаў праведзены вусны журнал «Міёрскі раён у гады Вялікай Айчыннай вайны», музычны конкурс і інтэрактыўная віктарына. Школьнікі ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні абеліскаў і вайсковых пахаванняў.

У школе захавалася традыцыя праводзіць у лютым ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы. Да Дня юнага героя-антыфашыста прайшоў збор дружыны, дзе піянеры пазнаёміліся з лёсамі тых, хто аддаў жыццё за наша мірнае неба. Дзеці аддалі даніну павагі і ўшанавалі хвілінай маўчання іх памяць. Напярэдадні 36-й гадавіны з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана адбылася лінейка-рэквіем. Пяцікласнікі расказалі пра жыццё Сяргея Станкевіча, чыё імя носіць іх піянерскі атрад. Прадстаўнікі школы сустрэліся з яго мамай, воінамі-інтэрнацыяналістамі, і ўсклалі гірлянду да помніка.

 Памяць пра герояў жывая, пакуль мы перадаём яе наступнаму пакаленню. Пра гэта гаварылі падчас тэматычных інфармацыйнай гадзіны, вуснага журнала, збора атрада. Напярэдадні 23 лютага паўдзельнічалі ў круглым стале «Ёсць такая прафесія – абаронца Айчыны».

Вялікую ролю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні іграюць экскурсіі. Педагогі і вучні 5-9 класаў наведалі Ушацкі музей народнай славы імя У. Лабанка, мемарыяльны комплекс «Прарыў» і гісторыка-культурны комплекс «Поле ратнай славы», «Курган бяссмерця», пазнаёміліся з баявымі дзеяннямі ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне. Чырвонай ніткай праз увесь маршрут праходзіла думка пра тое, што такія трагедыі не павінны паўтарыцца. Мы абавязаны памятаць тых, хто здабываў мір і Перамогу.

Завяршыўся месячнік урачыстай лінейкай, дзе падвялі вынікі і адзначылі найбольш значныя мерапрыемствы і актыўных удзельнікаў. Вучні ўсклалі кветкі да помніка воіну-вызваліцелю ў аграгарадку Туркова.

Таццяна УРУБЛЕЎСКАЯ, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.
Фота прадаставіла аўтар.

0 комментариев

Добавить комментарий