Дисненские школьники вспомнили о подвиге Героя Советского Союза Михаила Кузьмина

Дисненские школьники не остались в стороне от Дня танкистов, отмечаемого в сентябре, и вспомнили о подвиге Героя Советского Союза Михаила Кузьмина, чье имя присвоено школе. Отличительным событием для старшеклассников стала встреча с внуком солдата, похороненного в братской могиле в Дисне.

 Дзісненскія школьнікі не засталіся ў баку ад Дня танкістаў, што адзначаецца ў верасні, і ўзгадалі пра подзвіг Героя Савецкага Саюза Міхаіла Кузьміна, чыё імя прысвоена школе. Адметнай падзеяй для старшакласнікаў стала сустрэча з унукам салдата, пахаванага ў брацкай магіле ў Дзісне.

Пра жыццёвы шлях і подзвіг танкіста Міхаіла Кузьміна нагадаў вучням удзельнік валанцёрскага атрада «Гарачыя сэрцы» Міхаіл Баўтот. Запрасіў у школьны музей, дзе знаходзіцца экспазіцыя, прысвечаная воіну-герою і баявому шляху 159-й танкавай брыгады. Разам з кіраўніком  ваенна-патрыятычнага выхавання Мікалаем Пацеенкам старшакласнікі правялі мітынг ля памятнага знака М. Кузьміну, ушанавалі яго памяць, усклалі кветкі.

Знакавая падзея ў 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – сустрэча з унукам пахаванага ў брацкай магіле ў Дзісне салдата Аміра Салімавіча Вільданава. Пра свайго дзядулю Каміль Даміравіч расказваў, абапіраючыся на ўспаміны сваякоў і дакументы Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны, копіі якіх прывёз у падарунак школьнаму музею. Таксама перадаў копіі ўзнагарод дзядулі.

 Амір Салімавіч Вільданаў нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Стары Каразерык Ютазінскага раёна Татарскай АССР. Працаваў сельскім настаўнікам пасля двух курсаў настаўніцкага інстытута. У Чырвоную Армію прызваны ў 1941 годзе. Сярод ваенных пасад – тэлефаніст, слухач курсаў малодшых палітрукоў, намеснік камандзіра роты аўтаматчыкаў, слухач курсаў перападрыхтоўкі старшага палітсаставу, намеснік камандзіра батальёна па палітычнай частцы першага стралковага батальёна 510 стралковай часці 154 стралковай дывізіі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Ва ўзнагароджвальным лісце 1943 года ўказана: «Старшы лейтэнант Вільданаў, працуючы намеснікам камандзіра 1-га стралковага батальёна па палітчастцы, паказаў сябе мужным афіцэрам і ўмелым выхавацелем. У жнівеньска-лістападаўскіх баях праводзіў вялікую выхаваўчую работу сярод асабовага саставу батальёна, чым забяспечыў высокі наступальны парыў. У начным баі за вёску Ісачкава асабістым прыкладам натхніў байцоў, чым забяспечыў заняцце вёскі без страт. Умела праводзіць выхаваўчую работу сярод байцоў нярускай нацыянальнасці, адсутнічаюць выпадкі амаральных з’яў у батальёне. Годны ўрадавай узнагароды – ордэна «Чырвоная Зорка».

 Пра апошнія дні воіна даведваемся з іншага ўзнагароджвальнага ліста: «Таварыш Вільданаў Амір Салімавіч працаваў намеснікам камандзіра 1-га стралковага батальёна па палітчастцы ў наступальных баях з 27 чэрвеня 1944-га і ў баях за горад Дзісна. 4 ліпеня 1944 года правёў вялікую выхаваўчую работу і мабілізуючую работу сярод асабовага саставу батальёна на дакладнае выкананне баявога загаду. У баях за горад Дзісна асабовы састаў праявіў узоры мужнасці і гераізму, пры невялікіх стратах завалодалі горадам. Таварыш Вільданаў А. С. у баях загінуў смерцю храбрых. Годны пасмяротнай урадавай узнагароды – ордэна Айчыннай вайны І ступені».

Імя салдата ўвекавечана на пліце брацкай магілы ў Дзісне. Госці з Казані наведалі школьны музей, азнаёміліся з баявым шляхам М. Кузьміна і 159-й танкавай брыгады, зацікавіліся экспазіцыяй «Беларуская хатка».

На памяць пра сустрэчу атрымалі сертыфікат аб наведванні самага маленькага горада Беларусі і сувенір з выявай Дзісны. Каміль Даміравіч пакінуў водгук у Кнізе ганаровых гасцей. Высока ацаніў адносіны жыхароў горада, у тым ліку школьнікаў, да памяці салдат, якія аддалі сваё жыццё за вызваленне Беларусі і ў прыватнасці Дзісны.

Алена КРАСОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.
Фотаматэрыял прадаставіла аўтар.

0 комментариев

Добавить комментарий