Праздничная программа, посвященная Дню Независимости Республики Беларусь и 80-й годовщине освобождения Беларуси прошла на Миорщине
gazeta 6-07-2024, 12:44 891 Беларусь памятае / На Міёршчыне
Каждый из элементов праздничной программы, посвященной Дню Независимости Республики Беларусь и 80-й годовщине освобождения Беларуси и Миорщины от немецко-фашистских захватчиков, напоминал ее участникам о военном лихолетье и цене, которую наш народ заплатил за мир. Задача потомков – помнить об этом и беречь его как величайшую ценность.
Кожны з элементаў святочнай праграмы, прысвечанай Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-й гадавіне вызвалення Беларусі і Міёршчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, нагадваў яе ўдзельнікам пра ваеннае ліхалецце і цану, якую наш народ заплаціў за мір. Задача нашчадкаў – памятаць пра гэта і берагчы яго як найвялікшую каштоўнасць.
Шляхам пераможцаў
Стартавалі святочныя мерапрыемствы мітынгам на брацкай магіле ў Дзісне. У ім удзельнічалі кіраўніцтва раёна, кадэты Полацкага кадэцкага вучылішча, камандны састаў і ваеннаслужачыя Полацкага пагранатрада, супрацоўнікі сілавых ведамстваў, прадстаўнікі працоўных калектываў Міёршчыны.
З галоўным святам Рэспублікі Беларусь прысутных павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба. Падкрэсліў, што ў Вялікую Перамогу зрабіў унёсак кожны, хто ваяваў на фронце і на вытворчасці.
– Дзісна таксама адыграла важную ролю. Мы з’яўляліся часткай Полацкага ўмацаванага раёна, дзе 3 ліпеня адбылося вырашальнае наступленне 3-й танкавай групы генерала Гота, – паглыбіўся ў гісторыю Валерый Анатольевіч. – Немцы памыліліся ў сваіх планах: Полацкі раён не атрымалася хутка захапіць, таму замест двух тыдняў ён трымаўся тры. Гэта дазволіла падрыхтавацца да абароны Смаленска і затрымаць наступленне на Маскву.
Мы павінны разумець, што мір даўся нам няпроста – за яго трэба змагацца, нагадаў старшыня раённага Савета дэпутатаў. Змагацца па ўсіх франтах: стараннай працай на рабочых месцах, удзячнай памяццю, клопатам пра абеліскі і воінскія пахаванні, адкрыццём новых памятных месцаў. Такім чынам мы спрыяем умацаванню міру і захаванню гістарычнай памяці на ўсёй зямлі.
Пра тое, што мірнае неба здабывалі неверагодным напружаннем і каштавала яно мільёны жыццяў, гаварыў старшыня Дзісненскага гарвыканкама Яўгеній Баран. У брацкай магіле ў Дзісне знайшлі апошні спачын 278 удзельнікаў вызвалення Дзісненскага краю.
Адсюль скіраваліся па маршруце аўтапрабегу «Дарогамі вайны – дарогамі Перамогі». Патрыёт з Дзісны Эдуард Цярэшка арганізуе іх з 1975 года. Нядаўна па яго ініцыятыве быў адчынены інфармацыйны стэнд, прысвечаны героям-вызваліцелям.
Эдуард Казіміравіч падзякаваў усім, хто дапамагаў у арганізацыі аўтапрабегу і ўручыў падарункі начальніку Полацкага пагранатрада Паўлу Харчанку, начальніку РАНС Віталю Ганіну, дырэктару і мастацкаму кіраўніку Полацкага кадэцкага вучылішча Станіславу Красоўскаму і Таццяне Мішчанковай, загадчыку філіяла Дзісненскага ГДК Аляксею Астукевічу.
Подзвіг жыве ва ўспамінах
У Міёрах калону машын сустракалі прадстаўнікі працоўных калектываў. Сярод прысутных на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў шмат людзей з партрэтамі ўдзельнікаў вайны. Школьнік Мацвей Курыльчык трымае фота прадзядулі Мікалая Антонавіча. Васямнаццацігадовы юнак служыў у польскай арміі, дайшоў да ракі Одэр, дзе і сустрэў Перамогу. Быў паранены ў нагу і дадому вярнуўся інвалідам. У мірным жыцці працаваў у сельгасвытворчасці.
З гордасцю расказвае пра свайго прадзядулю Паўла Фёдаравіча Шульгу юная міярчанка Дана Падзява. Ён ваяваў, быў у палоне. Узнагароджаны медалём за тое, што вынес з поля бою свайго камандзіра.
Узгадваюць работнікі ЦРБ пра старшую медсястру аперацыйнага блока Аляксандру Фёдараўну Панамарэнка. Удзельніца вайны пайшла на заслужаны адпачанак у 2000-м ва ўзросце 80 гадоў. Яе зямны шлях скончыўся ў 2010-м.
– Для ўсіх нас – маладзенькіх медсясцёр – яна была настаўнікам, які вучыў любіць сваю прафесію. Шмат расказвала пра вайну. Пра тое, як ваявалі, як не хапала бінтоў і іх мылі, карысталіся падручнымі сродкамі. Аляксандра Фёдараўна вучыла нас працаваць добрасумленна, мы не адну ноч правялі разам у аперацыйнай, – расказвае старшая медсястра раённай бальніцы Святлана Карпеза і прафсаюзны лідар.
Сувязь пакаленняў
Сімвалам нацыянальнай гордасці, доблесці і славы называе Дзень Незалежнасці ваенны камісар раёна Сяргей Пунтус. Гэта духоўная святыня, якая фарміруе патрыятызм у маладога пакалення.
– Сёння Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь гатовы так жа самаахвярна абараняць Радзіму, як гэта рабіла пакаленне герояў і пераможцаў, – запэўніў Сяргей Аляксеевіч.
Гісторыю ваеннага ліхалецця на Міёршчыне ўзгадаў Валерый Драба. Наша тэрыторыя была акупіравана праз два тыдні пасля нападзення фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз, зведала карныя аперацыі, расстрэлы, пагромы і фашысцкае гета, спальванне дамоў і населеных пунктаў.
– Ніколі не забыць нам падзеі 1942 года, калі ў Міёрах і Дзісне па-зверску забілі амаль 5 тысяч чалавек толькі за тое, што яны былі яўрэйскай нацыянальнасці. У ваенны час з нашай тэрыторыі вывезлі на прымусовыя работы ў Германію каля 10 тысяч чалавек, – нагадаў Валерый Анатольевіч.
Нашы землякі далі адпор ворагу. Ужо ў першыя месяцы сталі стварацца падпольныя групы, масавы характар набыў партызанскі рух. 23 чэрвеня 1944 года войскі чатырох савецкіх франтоў пачалі аперацыю «Баграціён» па вызваленні Беларусі.
4 ліпеня вызваленне на Міёршчыну прынеслі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту.
Міёршчына шануе сваіх герояў. У брацкай магіле на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў знайшоў спачын 241 чалавек. Мы прыходзім сюды, каб пакланіцца ім і падзякаваць за мірнае неба, перадаць гістарычную памяць і праўду наступным пакаленням. Сярод удзельнікаў мітынгу шмат маладых людзей. Непарыўная сувязь паміж пакаленнямі – гарантыя светлай будучыні, заўважыла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Галіна Гур’ева.
Шчыра і кранальна гучала тэатралізаваная пастаноўка ў выкананні артыстаў Цэнтра культуры і народнай творчасці. Праводзілі на вайну сына, хлопца і мужа жанчыны і дзяўчаты. І разам сустракалі Вялікую Перамогу.
У славу роднай Беларусі
З плошчы святочнае дзейства перанеслася да памятнага знака ў гонар воінаў-вызваліцеляў Міёр. Сюды прайшлі ва ўрачыстым шэсці. Годныя пераемнікі ветэранаў Вялікай Айчыннай – воіны-афганцы. Іх узнагародзілі юбілейнымі медалямі «35 год вываду савецкіх войскаў з Афганістана». За захаванне гістарычнай памяці юбілейныя медалі «80 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» уручылі патрыёту Эдуарду Цярэшку, старшыні раённага Савета дэпутатаў Валерыю Драба, пракурору раёна Андрэю Вецюгову, былому старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Чаславу Кашкуру і начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аксане Ашурка.
Ва ўдзельнікаў святочных мерапрыемстваў была магчымасць азнаёміцца з ваеннай тэхнікай і сфатаграфавацца з ёй. Працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі РАНС і РАУС, аддзялення аховы, дзе можна было прымерыць рыштунак, зрабіць фота з сабакам. Палявую кухню разгарнулі супрацоўнікі СШ № 2 імя М. Ізварына, дзе частавалі салдацкай кашай і чаем. Віктарыну па веданні прадметаў салдацкага быту арганізаваў лідар маладзёжнага праваслаўнага руху Міёршчыны «Ладанка» Аляксандр Рынкевіч. Тэматычную выставу прадставілі супрацоўнікі раённых гісторыка-этнаграфічнага музея і бібліятэкі. Тут рэчы і фота, дакументы ўдзельнікаў вайны.
Завяршыўся Дзень Незалежнасці на Міёршчыне канцэртам «Табе, Беларусь, прысвячаем», дзе ў любові да Радзімы прызнаваліся артысты ЦКіНТ.
Алена Вароніна
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.