Летчик-штурмовик их Миорского района

 У Беларускай Савецкай Энцыклапедыі і даведніку «Навечно в сердце народном» (1984 год) змешчаны артыкулы пра Героя Савецкага Саюза Яўгена Антонавіча Аляхновіча – лётчыка-штурмавіка. У першым выданні адзначана, што ён паходзіць з сям’і беларускіх сялян, у другім – што і па нацыянальнасці ён беларус. І вось нечаканасць: бацькі Героя паходзяць з «пасёлка Міёры». Такую вестку абнародаваў паўстагоддзя таму ў нашай раёнцы старшы лейтэнант запасу Н. Салаўёў.

Прозвішча Аляхновіч для Міёр і навакольных вёсак звычайнае, у чым няцяжка пераканацца па тэлефонным даведніку. А што сямейная пара Антона і Ганны Аляхновічаў з Міёр аказалася на далёкім Данбасе, можам толькі меркаваць, у тым вінавата ваеннае ліхалецце. У іх 20 мая 1920 года нарадзіўся сын Яўген. Месцам нараджэння даведнік «Навечно в сердце народном» (мінскае выданне 1984 года) называе горад Зугрэс Данецкай вобласці. А такое проста немагчыма, бо горад Зугрэс Данецкай вобласці ўзнік толькі ў 1930-м у сувязі з будаўніцтвам Зуеўскай электрастанцыі. Больш дакладнай аказалася энцыклапедыя, якая месцам нараджэння Яўгена Аляхновіча называе станіцу Харцызкую тады Таганрогскай акругі. Памылка не надта вялікая, калі не зважаць на розніцу ў дзесяць гадоў і адлегласць у дванаццаць кіламетраў, на якіх ад станіцы, дарэчы, потым раённага цэнтра, з’явіўся новы горад. Вось у ім Яўген жыў з бацькамі, у ім закончыў школу, якая названа яго імем. На вуліцы, што таксама носіць яго імя, дзе потым дажывала свой век яго маці Ганна Данатаўна, устаноўлены помнік Герою. Можна спадзявацца, што той помнік захаваўся да нашага часу, бо горад Зугрэс на значнай адлегласці ад Данецка на ўсход, пра яго ў зводках па тэлебачанні ні разу не ўзгадвалі.

… З дзяцінства марыў стаць лётчыкам Яўген Аляхновіч. З захапленнем займаўся ў школьным авіямадэльным гуртку, шмат чытаў пра лётчыкаў, самалёты і авіяцыю. За некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай – у чэрвені 1941-га – быў залічаны ў Варашылаўградскую лётную школу. Каб прынесці больш карысці на фронце, настойліва вывучаў зброю і матэрыяльную частку самалётаў, сваіх і варожых, адпрацоўваў тэхніку пілатажу. Асаблівую ўвагу надаваў асваенню баявога вопыту савецкіх лётчыкаў. Усё гэта спатрэбілася, як трапіў на фронт летам 1942-га, у самы разгар баёў на Доне і пад Сталінградам. Сяржант Аляхновіч упэўнена пілатаваў штурмавік ІЛ-2, смела наносіў удары па скапленнях жывой сілы і тэхнікі ворага, дакладна і вынікова штурмаваў абарончыя рубяжы праціўніка, смела ўступаў у бой з нямецкімі зенітчыкамі і самалётамі-знішчальнікамі.

Ужо праз некалькі месяцаў пілот 142-га гвардзейскага штурмавога авіяцыйнага палка Яўген Альхімовіч не толькі датэрмінова стаў малодшым лейтэнантам, але і быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У наступным яго грозны ІЛ-2 наносіў удары па ворагу на Варонежскім, Стэпавым, 2-м і 1-м Украінскіх франтах. Лётчык-штурмавік вызначыўся на Белгародска-Курскім напрамку, пры вызваленні Белгарада, Кракава, Палтавы, Кіраваграда… Вырас да намесніка камандзіра, штурмана эскадрыллі.

Па некалькі баявых вылетаў рабіў штодзённа ў час Львоўскай наступальнай аперацыі. Пад Бродамі група штурмавікоў пад камандаваннем лейтэнанта Аляхновіча разграміла варожую калону ля вёскі Почапы, якая імкнулася вырвацца з акружэння. А ўвогуле за дзесяць летніх дзён эскадрылля Аляхновіча тады знішчыла 50 варожых аўтамашын, 10 танкаў, нямала іншай варожай тэхнікі, жывой сілы немцаў.

Лётчык-штурмавік падтрымліваў фарсіраванне савецкімі войскамі Дняпра, Заходняга Буга, Днястра, Прута, Серэта, Саны, Віслы. Правёў 12 паветраных баёў і збіў тры (па іншых крыніцах – чатыры) самалёты праціўніка. Яўген Аляхновіч быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны першай ступені і Чыр- вонай Зоркі. Яму дванаццаць разоў аб’яўляў падзяку Вярхоўны Галоўнакамандуючы. Камандзір эскадрыллі 142-га гвардзейскага штурмавога авіяцыйнага палка старшы лейтэнант Яўген Аляхновіч быў прадстаўлены да звання Героя, аднак працягваў баявыя палёты. 30 студзеня 1945 года ён павёў эскадрыллю на баявое заданне ў раён польскага гарадка Умяновіцэ. Заданне лётчыкі выканалі, аднак у самалёт камандзіра трапіў зенітны снарад. Мужны 25-гадовы лётчык, камуніст накіраваў сваю баявую машыну ў гушчу ворага.

Яўген Аляхновіч здзейсніў 165 баявых вылетаў. Званне Героя Савецкага Саюза яму прысвоена пасмяротна.

Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

 

0 комментариев

Добавить комментарий