Митингі, посвященный Дню всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны и геноцида белорусского народа, прошели на Миорщине
gazeta 24-06-2024, 16:40 1 598 Беларусь памятае / Навіны
Трагізм і гераізм не маюць меры
Летні ранак. Прыемную прахалоду паветра пакрысе разбаўляе цеплыня сонечных промняў. Птушыны спеў звонка вітае новы дзень. І неяк не верыцца, што 83 гады таму ў такую ж цёплую чэрвеньскую раніцу пачалася вайна. Яна разбурыла мары і спадзяванні, знішчыла гарады і забрала мільёны жыццяў. Памяць яе ахвяр 22 чэрвеня ўшанавалі на Міёршчыне.
Зноў і зноў вяртае памяць у ракавыя саракавыя. Падчас мітынгу на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў у Міёрах вядучая Марына Дзям’янава заўважыла: ніколі не надыдзе той час, калі пра Вялікую Айчынную вайну будзе сказана ўсё. Таму што ўсё сказаць немагчыма. Няма меры трагізму і гераізму, здзейсненым подзвігам і перанесеным пакутам.
22 чэрвеня 1941 года – самы трагічны дзень у гісторыі радзімы. Фашысцкія агрэсары ставілі за мэту не проста падаўленне волі, прыгнёт народа. Гэта быў загадзя распрацаваны план, скіраваны на знішчэнне людзей, рабаванне нацыянальнага багацця краіны, ліквідацыю дзяржаўнага строю. Аднак яму не было наканавана ажыццявіцца. Агульная бяда згуртавала людзей. Вынік вайны прадвызначылі патрыятызм і мужнасць нашых воінаў, працаўнікоў тылу, партызанскі рух. Па ацэнках спецыялістаў, Беларусь пацярпела ў гэтай вайне больш за іншыя краіны Еўропы. Загінуў кожны трэці, і да гэтага часу адкрываюцца новыя імёны і новыя факты фашысцкіх зверстваў, заўважыў старшыня райвыканкама Сяргей Сямёнычаў. Нагадаў, што на Міёршчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі часткова спалены 70 вёсак, знайшлі вечны спачын больш за пяць з паловай тысячы чалавек. У 18 з 42 пахаванняў – мірныя жыхары.
Памяць загінулых шануе маладое пакаленне. Гэта трэба для таго, каб ведаць у імя чаго і дзякуючы чаму мы жывём, адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Людміла Варона.
Да брацкай магілы ўдзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі і вянкі. Далучыліся да Усебеларускай хвіліны маўчання.
Пайшлі з жыцця і набылі бяссмерце
Гэта здарылася ў пачатку лістапада 1943 года. У вёсцы Блошнікі (цяпер Калінавае Язненскага сельсавета) за сувязь з партызанамі фашысты расстралялі мясцовых і жыхароў ваколічных вёсак. На месцы трагедыі ўстаноўлены памятны знак. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
«Усіх жыхароў сабралі разам, выстраілі ў шарэнгу насупраць царквы. П’яныя карнікі спачатку стралялі ў кожнага пятага, потым – праз аднаго…» – гучаць радкі з кнігі «Памяць. Міёрскі раён» і вяртаюць у трагічнае мінулае.
Як сведчыць артыкул з кнігі, у пачатку лістапада 1943 года ў родныя мясціны завіталі маладыя партызаны Міша Фяськовіч і Саша Ермакоў. Заначавалі ў Сямёнчыках (Глыбоцкі раён. – Заўвага аўтара). Туды наведаліся паліцаі. Партызаны паспелі ўцячы, але забыліся сумку са спісамі насельніцтва, якое ім дапамагала. Карнікі расправіліся з памочнікамі партызан у Сямёнчыках, а пасля наведаліся ў Блошнікі.
Мясцовая трагедыя – толькі адзін эпізод з мноствах тых зверстваў, што ўчынялі фашысты і іх памагатыя. Як нагадаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба, нацысцкая Германія планавала пакінуць не больш за 30 мільёнаў славян для абслугоўвання арыйскай нацыі, якая павінна была засяліць у тым ліку і беларускія землі.
Больш за 12 тысяч мірных жыхароў пахавана на Глыбоччыне, ва ўрочышчы Барок назаўсёды засталіся 27 тысяч ваеннапалонных, прывяла сумныя лічбы старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца. Трагедыя ў Блошніках аб’ядноўвае нашы два раёны.
У ліку ўдзельнікаў урачыстасці 93-гадовая жыхарка вёскі Сямёнчыкі Галіна Ігнатаўна Леановіч. Ёй было дванаццаць, калі расстрэльвалі вяскоўцаў.
– Блошнікі сяло вялікае было. Моладзі шмат. Хто ў партызаны пайшоў – ніхто не вярнуўся, – расказвае сведка тых падзей. – Сваяка майго забілі. Ішоў у Празарокі, немцы вярнулі, у рад паставілі. Яго першага і застрэлілі. На могілкі нябожчыка везлі. Тых людзей таксама ў рад паставілі. Дзяўчынку немец па галоўцы пагладзіў і забіў. Гэта мая сяброўка была.
Тая дзяўчынка – дзесяцігадовая Марыя Кавалёнак. Фашысты не шкадавалі нікога.
Масавае знішчэнне людзей у нацысцкай Германіі было пастаўлена на паток, заўважыў пракурор раёна Андрэй Вецюгоў. Новыя факты злачынстваў выяўляюцца ў рамках расследавання ўзбуджанай у 2021 годзе крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Ачыннай вайны і пасляваенны перыяд. Следчыя пагутарылі больш чым з 18 тысячамі пацярпелых і сведкаў, агледзелі 501 участак мяркуемых месцаў знішчэння і пахавання мірных грамадзян, устаноўлены 3 253 раней не вядомыя спаленыя вёскі.
Толькі з Блошнікаў вайна забрала каля 60 жыццяў. Знак у гонар памяці бязвінна забітых жыхароў адкрылі старшыня райвыканкама Сяргей Сямёнычаў і выпускніца Язненскай школы Лізавета Альхімовіч. Асвяціў помнік святар Сергій Гуцко.
Старшыня Язненскага сельвыканкама Валянціна Фядзьковіч выказала ўдзячнасць за дапамогу ў пошукавых мерапрыемствах і ўстаноўку памятнага знака. Гэта агульная справа Міёрскага райвыканкама, пракуратуры раёна, Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў, арганізацый і дэпутацкага корпуса Язненскага сельвыканкама, жыхароў Язна, Пашніно, Калінавае, Сяменчыкі.
Удзельнікі ўрачыстасці наведалі вясковыя могілкі, дзе знаходзяцца дзве брацкія магілы. За супакой ахвяр Вялікай Айчыннай вайны памаліліся ў мясцовым храме.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.