Легенда Дисны Фекла Федоровна Струй
gazeta 8-05-2024, 15:46 866 Беларусь памятае / На МіёршчынеЯ встречался с Феклой Федоровной Струй, когда она уже отошла от общественных дел, но продолжала активно наблюдать за окружающей жизнью, интересовалась прошлым родного города и даже готовила к печати исторический очерк о Дисне для серьезного периодического издания. Несмотря на пенсионный возраст, ощущались давние патриотические устремления, которые буквально прорывались через физические страдания, что оставила прошлая война…
Я сустракаўся з Фёклай Фёдараўнай Струй, калі яна ўжо адышла ад грамадскіх спраў, але працягвала актыўна назіраць за навакольным жыццём, цікавілася мінулым роднага горада і нават рыхтавала да друку гістарычны нарыс пра Дзісну для сур’ёзнага перыядычнага выдання. Нягледзячы на пенсійны ўзрост, адчуваліся даўнія патрыятычныя памкненні, якія літаральна прарываліся праз фізічныя пакуты, што пакінула мінулая вайна…
Фёкла Фёдараўна нарадзілася ў 1910 годзе ў Дзісне ў сям’і рабочага. Скончыла польскую сямігодку, што ўдавалася далёка не ўсім. Але праявіць свае здольнасці і баявітую натуру змагла толькі пасля ўваходжання нашых мясцін у склад БССР. Пачала працаваць настаўніцай пачатковых класаў, актыўнічала ў перабудове гарадскіх спраў на новы лад. І першая савецкая настаўніца Дзісны была абрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Вырасла да старшыні гарсавета. Хаця займалася не толькі гарадскімі справамі. Сустракалася з насельніцтвам акругі, імкнулася вырашаць просьбы людзей, рэагавала на кожную скаргу.
Нядоўгім аказаўся той стваральны час. Вайна закінула Фёклу Фёдараўну на Тамбоўшчыну. Але не магла задаволіць яе мірная праца, калі ўся краіна ваюе. І ў пачатку 1942 года паехала ў Маскву, у Цэнтральны Камітэт Кампартыі Беларусі з просьбай накіраваць у тыл ворага для ўдзелу ў партызанскім руху на радзіме.
Пасля неабходнай для такіх дзеянняў падрыхтоўкі разам з групай іншых добраахвотнікаў рушыла за лінію фронту. Пацвярджэннем яе новага статусу быў толькі зашыты ў адзенні кавалачак тканіны са словамі: «Пасведчанне. Выдадзена работніку Вілейскага абкама партыі Ф. Ф. Струй у тым, што яна камандзіравана ў тыл ворага па спецзаданні. І. Клімаў».
Гэтыя і іншыя падрабязнасці пра лёс Фёклы Струй прыводзіць у нарысе пра сваю гераіню вядомая ў той час беларуская паэтэса Эдзі Агняцвет. Іх знаёмства адбылося ў 1943-м у Ташкенце, у палаце вайсковага шпіталя. Гэта здарыцца пазней.
… Дванаццаць дзён лютай зімы заняў шлях групы ад лініі фронту да партызан Расоншчыны. Жыццё ў партызанскім лесе таксама было не надта камфортнае, спакойнае, сытнае. Тэклечка-Фенечка ўдзельнічала ў засадах і баях, хадзіла ў разведку, страляла ў ворагаў, кідала гранаты. Як вакол расонскіх лясоў утварылася кальцо фашысцкай блакады, баі сталі пастаяннымі, у адным з іх Фёкла Фёдараўна атрымала цяжкае раненне і праляжала ў люты мароз на глыбокім снезе некалькі гадзін. Баявыя сябры ўратавалі партызанку, ды сцюжа не пашкадавала яе ногі. Першая аперацыя адбылася ў сялянскай хаце, і ў хірурга быў адзін інструмент – піла…
Самалёт вывез Феню Струй на Вялікую зямлю, у Маскве і Ташкенце яе чакалі рэампутацыі, страшэнны боль і хвіліны адчаю. Але былі падтрымка, спагада, дапамога. І асабістае жаданне вытрымаць, не толькі навучыцца зноў хадзіць, але і па-новаму жыць.
Пасля вайны скончыла ў Мінску юрыдычную школу і вярнулася ў Дзісну. Працавала намеснікам старшыні Дзісненскага раённага Савета дэпутатаў працоўных, старшынёй гарсавета, выконвала абавязкі прапагандыста. «Наматала» тысячы кіламетраў на атрыманым ад дзяржавы «Запарожцы» для сустрэч з рабочымі, калгаснікамі, школьнікамі.
Эдзі Агняцвет нагадвае пра працяглую пасляваенную перапіску з Фёклай Фёдараўнай, а вось сустрэліся яны толькі ў 1967-м, калі ў Полацк прыехалі ўдзельнікі Дэкады ўзбекскай літаратуры і мастацтва. Яны нізка пакланіліся мужнай беларусцы, калі даведаліся, што новае жыццё ў яе пачалося на іх узбекскай зямлі.
Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.
Р.S. Гістарычны нарыс «Дзісна» Фёклы Струй надрукаваны ў часопісе «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» № 4 за 1974 год.