Юбилей у Людмилы Белевич из Миорского района накануне Победы
gazeta 11-04-2024, 08:59 7 776 Беларусь памятае / Юбілей / Вясковае жыццёИз небольшого окна деревенского дома вдоль улицы приветствуют прохожих пышные головы розового и красного мускатов. Яркие огоньки особенно радуют в серые дни. Летом закрасят цветы на клумбах. Хозяйка Людмила Ивановна Белевич любит растения. И вообще любит жизнь. Хотя для нее оно началось в неволе и впоследствии преподносило немало трудностей.
З невялікага акна вясковага дома ўздоўж вуліцы вітаюць мінакоў пышныя галовы ружовага і чырвонага мушкатаў. Яркія агеньчыкі асабліва цешаць у шэрыя дні. Летам закрасуюць кветкі на клумбах. Гаспадыня Людміла Іванаўна Бялевіч любіць расліны. І ўвогуле любіць жыццё. Нягледзячы на тое, што для яе яно пачалося ў няволі і пасля прыпадносіла нямала цяжкасцяў.
Дзень нараджэння ў Людмілы Іванаўны 7 мая. Сёлета ёй споўніцца 80 гадоў.
– Якраз напярэдадні Перамогі, – заўважае яна. – Вось не думала, што да такой даты дажыву.
Дзень Перамогі ў 1945-м яе маці Ганна Міхайлаўна Вясна з гадавалай дачушкай на руках сустракала ў Германіі. Трапіла туды ў 1943-м. Моладзь з роднай вёскі Бяда (цяпер Навасёлкі ў Шаркаўшчынскім раёне) забіралі на прымусовыя работы. Цяжарнасць маладой жанчыны для немцаў уважлівай прычынай не стала. Ганна трапіла да гаспадара, займалася сельскімі клопатамі на падворку. Пасябравала з яго дачкой Крысцінай, якая працавала ў шпіталі.
– Гэтая Крысціна вялікую ролю адыграла ў нашым жыцці, – гаворыць Людміла Іванаўна. – Менавіта яна адвезла маму ў шпіталь, дзе я нарадзілася. Мяне маленькую выхаджвала. Я была так змёрзшы, што давялося скуру на левым баку перасаджваць. Маці да гаспадара ўжо не вярнулася. Крысціна дапамагла ёй уладкавацца ў шпіталь санітаркай. Мама магла мяне карміць, спала побач. Я ў шпіталі як донар была. Дзеці там ад немаўлят да дзесяці гадоў знаходзіліся.
Пра першыя гады свайго жыцця Людміла Іванаўна ведае з расповядаў маці. Дадому яны вярнуліся восенню 1945-га. Свайго бацьку дзяўчынка не пабачыла – загінуў на фронце. Маці ў другі раз выйшла замуж, а Люду ўзялі да сябе дзядуля з бабуляй. Калі абодва хварэлі і ўжо не маглі даглядаць дзяўчынку, маці забрала яе і разам паехалі ў Латвію. Там Людміла ў падлеткавым узросце пачала працаваць. Была нянечкай, даглядала статак у калгасе, працавала санітаркай у бальніцы. Скончыла школу рабочай моладзі, затым прайшла курсы вадзіцеля трамвая і тралейбуса і стала кіраваць гэтым транспартам. Была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці.
– У маладосці шмат чаму навучыцца хочацца, – заўважае суразмоўніца.
Замуж выйшла ў 19 гадоў. Спадарожнікам па жыцці стаў стрыечны брат айчыма Станіслаў Іосіфавіч Бялевіч з вёскі Дзехцяры, што на Міёршчыне. Туды з часам і вярнуліся з аднымі чамаданамі ў руках.
– Муж дадому хацеў, а я ўжо да Латвіі прывыкла, – гаворыць Людміла Іванаўна. – Па вяртанні працавала ў калгасе на розных работах, затым у магазіне прыбірала і тапіла, а пасля паштальёнам пайшла. Муж увесь час лесніком быў. 41 год разам пражылі, траіх сыноў нарадзілі. Старэйшага ўжо няма, другі ад дома няблізка, а трэці тут, каля рук, ва ўсім дапамагае.
Як некалі бацька, малодшы сын Вячаслаў стаў лесніком і ўжо амаль трыццаць гадоў працуе ў Новапагосцкім лясніцтве. Жыве з сям’ёй у райцэнтры і штодня наведвае маці ў Чапуках.
– Зімой дарожкі расчысціць, дровы пакалоў, усё парабіў. Агарод садзіць дапамагае. Прапала б без яго, – радуецца маці клапатліваму сыну. – Мне забараняе работу рабіць. Але ж без справы сумна. Летам кветкі і гародчык даглядаю. Як на даўнейшае, дык столькі ўсяго за дзень перавернеш. Вялікую гаспадарку трымалі: і конь, і па дзве каровы, і цяля, і авечкі, і птушкі – каго толькі ні было. Цяпер па-маленьку штосьці раблю. З гадаванцаў толькі кот і сабака.
У дзяцінстве, калі жыла з дзядулем і бабуляй, найлепшым сябрам для Людмілы быў кот Міцька. У старым фотаальбоме з шырокімі кардоннымі лістамі нават фота з ім захавалася. Глядзіць гаспадыня на чорна-белыя здымкі, а перад вачыма ўсё жыццё праплывае. Вось ёй тры гады, вось ужо 16, вось жаніх толькі з арміі вярнуўся, вось маці з унукамі. У самой Людмілы Іванаўны ўнукаў трое. Рада, што пад чыстым небам жывуць. На свой лёс не наракае. Абы далей быў мір на зямлі.
Кацярына Рынкевіч.
Фота Казіміра Блажэвіча.