Об Александре Манцевич, которую на Миорщине знают как подпольщицу, комиссара подпольного партизанского отряда "Москва"
gazeta 31-01-2024, 14:34 2 539 Беларусь памятае / Вясковае жыццёНаписать этот материал подтолкнула маленькая, в ней только 70 страниц текста и снимков, книжечка журналиста и писателя Бориса Манцевича «Сказание о родной матери». Увидела свет она в прошлом году небольшим тиражом в Гродно. Это воспоминания сына об Александре Михайловне Манцевич, которую на Миорщине знают как подпольщицу, комиссара подпольного партизанского отряда "Москва", организатора первого в районе в послевоенное время детского дома.
Напісаць гэты матэрыял падштурхнула маленькая, у ёй толькі 70 старонак тэксту і здымкаў, кніжачка журналіста і пісьменніка Барыса Манцэвіча «Сказанне аб роднай маці». Пабачыла свет яна летась невялікім накладам у Гродне. Гэта ўспаміны сына пра Аляксандру Міхайлаўну Манцэвіч, якую на Міёршчыне ведаюць як падпольшчыцу, камісара падпольнага партызанскага атрада «Масква», арганізатара першага ў раёне ў пасляваенны час дзіцячага дома.
Нарадзілася Аляксандра 23 красавіка 1894 года ў сям’і народнага настаўніка М. С. Герасімава ў сяле Велле Апочацкага павета Пскоўскай губерні і была малодшай з выжыўшых пяці дзяцей. Бацька рана памёр, і дзяўчынка выхоўвалася ў бяздзетнай сям’і цёці, сястры маці. Ад дзядзькі, начальніка чыгуначнай станцыі, яна атрымала ўрокі патрыятызму. З падпольнай літаратурай пазнаёмілася ў Аляксееўскай настаўніцкай семінарыі на Гродзеншчыне. У 1910 годзе па накіраванні прыехала ў мястэчка Паставы, каб працаваць у царкоўна-прыходскай школе.
Свой характар Аляксандра Міхайлаўна наглядна прадэманстравала ў час Першай сусветнай вайны, а дакладней, у ноч на 20 верасня 1916-га. Тады немцы пры адступленні падпалілі мост праз рэчку Мядзелку. Дзяўчына кінулася з вядром да ракі і заліла полымя. Дзякуючы гэтаму рускія войскі бесперашкодна рухаліся на захад, а Аляксандра была ўзнагароджана медалём «За храбрасць».
Невыпадкова на вокладцы кнігі яна сфатаграфавана амаль што ў тагачаснай армейскай вопратцы. Вось такім «салдатам» засталася на ўсё жыццё, гатовым да барацьбы з ворагам.
У 1917-м Аляксандра Міхайлаўна выйшла замуж за настаўніка з Іказні Флора Данатавіча Манцэвіча, усё жыццё была яго аднадумцай і надзейнай падтрымкай. А рэчаіснасць іх сям’ю не песціла. Аляксандра польскай мовы не ведала, таму ў школе змагла працаваць толькі да 1926 года. Дзяцей болела: да трох дачок дадалося столькі ж сыноў. Польскія ўлады пастаянна сачылі за Флорам Данатавічам, ім не падабаўся яго «негатыўны» ўплыў на насельніцтва. У прыватнасці, пры падтрымцы мясцовага люду ён дабіваўся адкрыцця беларускай школы. А таму – пераводы настаўніка ў Ніўнікі, потым у Старыя Крукі, нагляд паліцыі. І пры гэтым паўсямесная павага насельніцтва, падтрымка патрыятычна настроеных людзей, дапамога вяскоўцам па самых розных жыццёвых пытаннях, нават медыцынскіх.
У Старых Круках Манцэвічы сустрэлі прыход Чырвонай Арміі. Флор Данатавіч адразу пачаў праводзіць заняткі ў школе па новай праграме, потым кіраваў перападрыхтоўкай настаўнікаў на курсах у Друі. Быў абраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі і выступіў на ім з дакладам аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Ад выказаных тады перакананняў ён не адрокся і ў гітлераўскім засценку. Яго расстралялі ў ліпені 1941-га ў Полацку.
Расправа з мужам і бацькам яшчэ больш згуртавала сям’ю, накіравала яе на падпольную барацьбу з ворагам. Напачатку Манцэвічы ратавалі адступаючых чырвонаармейцаў. Потым пачалі згуртоўваць аднадумцаў са Старых Крукоў, Малой Кавалеўшчыны, Вялікай Глінаўкі на дыверсіі на дарогах, тэлефонных лініях, складах. Ужо ў ліпені ў разрозненых групах падпольшчыкаў налічвалася 27 чалавек. Гэта Іван Фёдаравіч Лакотка, Іван Васільевіч Лакотка і іх бацькі з вёскі Татары, Ігнат і Павел Сушко з Сушкоў, Іосіф і Сяргей Шчасныя з Чэрасаў, Дзмітрый Барок і яго бацькі з Пціцкіх, акружэнец Аляксей Мілун, будучы выдатны праваднік цераз балота Ельня Мікалай Малец і іншыя.
Напачатку калабарацыяністы прапанавалі Аляксандры Манцэвіч працаваць загадчыцай Чэраскай пяцігадовай школы. Але неўзабаве яе западозрылі ў правядзенні дыверсій і арыштавалі. Цёмныя рубцы на целе захаваліся на ўсё жыццё. Што самае крыўднае, сярод паліцэйскіх былі і яе з мужам даўнія вучні.
Жанчына здзекі вытрымала, а дыверсіі працягваліся. Гэта адвяло падазрэнні ад Аляксандры Міхайлаўны, падпольшчыкі выкупілі яе з паліцыі, калі веры вярнуцца дадому ўжо не было.
Між тым маці ў школе і ў падпольнай рабоце замяніла дачка Тоня – Антаніна Мельнікава. Падполле пад яе кіраўніцтвам сталі называць Чэраскім, хаця яно ахапіла Браслаўскі, Глыбоцкі, Дзісненскі, Пліскі раёны і ў гісторыю ўвайшло як Міёрскае антыфашысцкае.
Не супакойваліся і акупанты. Аляксандра Міхайлаўна перажыла другі арышт з катаваннямі, аднак яе ўдзел у падпольным руху зноў не быў даказаны. А гэты рух яшчэ больш акрэп восенню 1942 года, як з’явіліся першыя партызаны. Падпольшчыкі ўсталявалі сувязь з камісарам атрада «Кастрычнік» Іванам Кабранавым, потым – з упаўнаважаным Вілейскага абкама камсамола Ананіем Міхасёнкам, будучым сакратаром Міёрскага падпольнага РК ЛКСМБ.
У 1972 годзе раённая газета надрукавала ўспаміны былога падпольшчыка, а тады настаўніка Чэраскай школы Івана Лакоткі «Трывожнае юнацтва». Іван Фёдаравіч сведчыў:
«Асаблівы ўплыў на нас зрабіла старэйшая падпольшчыца Аляксандра Манцэвіч. Сваёй нястомнай энергіяй, моцнаю воляй, вераю ў перамогу савецкага народа над ворагам яна ўзнімала настрой ва ўсіх народных мсціўцаў. Гэтая невысокага росту, сярэдніх гадоў жанчына, маці дзяцей, ахвяруючы жыццём, рабіла ўсё неабходнае, каб хутчэй наблізіць час перамогі… У камсамольцаў адсутнічаў вопыт барацьбы з акупантамі. На дапамогу ім заўсёды прыходзіла Аляксандра Міхайлаўна…»
Сын канкрэтызуе: пад выглядам сялянскай гандляркі маці з кошыкам яек скіравалася праз Дзвіну ў Дрысу, каб устанавіць сувязь з урачом Гурленем, які потым з медыцынскімі прыладамі і лекамі перабраўся ў 4-ю Беларускую партызанскую брыгаду. Пад яе ўплывам доктар Вішнеўскі з Міёр стаў выдатным сувязным. Іншыя падпольшчыкі збіралі разведданыя для партызан, папярэджвалі пра карныя акцыі, праводзілі дыверсіі і агітацыю сярод насельніцтва.
Асобнай старонкай стала дзейнасць у Глыбокім маладога настаўніка І. Ф. Лакоткі (Шчаглова). Пры падтрымцы мясцовых патрыётаў ён змог забяспечыць 4-ю БПБ шрыфтамі і абсталяваннем для друкарні, якая выпускала лістоўкі і раённую газету, зводкі Саўінфармбюро. У Глыбокім былі выраблены бланкі партызанскіх пасведчанняў і пячатак.
Напярэдадні новага 1944 года на балотным хутары Красны Востраў сабралася каля 90 падпольшчыкаў, а ўсяго іх было пад дзве сотні ў разрозненых групах па некалькі чалавек. Намеснік камандзіра 4-й БПБ па разведцы М. Д. Свірыдзенка пры адкрыцці сходу сказаў, што задачы падпольшчыкаў узрастаюць, а таму метады іх барацьбы мяняюцца. Узнікла неабходнасць аб’яднаць у адзінае падраздзяленне – атрад. Прагаласавалі за назву «Масква». Камандзірам абралі Антона Васільевіча Канаха, які ўжо праявіў сябе ў шэрагу дыверсій, а камісарам – Александрыну, такі псеўданім мела Аляксандра Манцэвіч.
І. Ф. Лакотка сведчыць, што з гэтага часу Аляксандра Міхайлаўна знаходзілася пры штабе брыгады, даводзіла загады камандавання да членаў свайго атрада, асабіста прымала ўдзел у іх выкананні, інструктавала кіраўнікоў груп. Паступова больш за 50 падпольшчыкаў сталі партызанамі, у тым ліку Юра Манцэвіч, потым цяжка паранены ў баі. Антаніна з’яўлялася агентурнай разведчыцай.
2 красавіка 1944 года Аляксандра Міхайлаўна магла разам з меншымі дзецьмі самалётам адправіцца на Вялікую зямлю. Адмовілася: хацела адзначыць сваё 50-годдзе на баявым пасту. Стала таксама агентурнай разведчыцай. У гэтай якасці папярэдзіла камандаванне брыгады аб набліжэнні фашысцкай блакады.
З канца мая і да пачатку ліпеня група разведчыкаў на чале з Аляксандрай Манцэвіч апынулася ў надта складаных умовах. Хаваліся самі і ратавалі партызан, што групамі выходзілі з варожага акружэння. А як радаваліся пры сустрэчы з наступаючымі часцямі Чырвонай Арміі!
Мірнае жыццё Аляксандра Міхайлаўна пачала загадчыкам райАНА. Прызначэнне адбылося на першым сумесным пасяджэнні Міёрскага РК КП(б)Б і райсавета дэпутатаў працоўных 1 жніўня 1944 года. З яе ўдзелам прынята 18 жніўня рашэнне аб пераносе сярэдняй школы з Друі ў Міёры, падрыхтавана да навучальнага года 57 школ, у якіх сеў за парты 4 931 вучань… Толькі ўжо 28 лістапада райсавет выдаў пасведчанне, што «прадстаўнік гэтага тав. Манцэвіч Аляксандра Міхайлаўна сапраўды працуе ў дзетдоме Міёрскага раёна ў якасці дырэктара». А дзіцячага дома яшчэ не было. Аляксандра Міхайлаўна з будучым завучам, а пакуль райвыканкамаўскім работнікам М. В. Лаўрынцовай ездзіла на фурманцы падбіраць патрэбны будынак сярод пакінутых панскіх маёнткаў. Спыніліся на сядзібе ў Александрове: тут побач з дарогай на недалёкі райцэнтр захаваліся цагляны аднапавярховы жылы дом, некалькі драўляных хат для абслугі, абора для корму, склеп для гародніны і лядоўня, побач невялікі сад, непадалёку лес і возера.
Дзяцей на падводах сталі прывозіць з-за Дзвіны ў пустыя памяшканні без мэблі, не было чым іх карміць, у што апранаць, чым ацепліваць пакоі. Не мелі і рахунку ў банку. Кінулася дырэктар да старшыні сельсавета Міхаіла Казіміравіча Сасноўскага і навакольных вяскоўцаў з заклікам: «Дапамажыце ратаваць!» І людзі давалі хто што мог.
Месяц за месяцам людзі збіралі сіротам збожжа і бульбу, адзенне і абутак, пасцельныя рэчы. Майстры, пераважна члены атрада «Масква», бясплатна пераклалі печы, абсталявалі лазню. Паступова зніклі лапці, памяншалася заўшыўленасць. Мыла хапала толькі на тое, каб хоць з большага памыць галовы дзецям.
Аляксандра Міхайлаўна ездзіла па вёсках на фурманцы, каб выправіць хоць што на адзенне дзецям. Заўсёды з наганам пад чорным шынялём, бо даймалі бандыты. Падстрыжаная пад польку і ў ялавых ботах яна па-ранейшаму нагадвала салдата. Нават без узгаднення з раённым начальствам арганізавала са старэйшых выхаванцаў узброеную групу. Потым сама разам з міліцыянерамі ўдзельнічала ў захопе той банды.
Пазней у дзетдомаўцаў з’явілася форменнае сіняе адзенне. Пераадольвалі крадзяжы і ўцёкі. Фарміравалі піянерскую дружыну і стварылі камсамольскую арганізацыю, наладзілі шэфства з вядомай артысткай Александроўскай, вайскоўцамі, працавалі на зямлі, вырошчвалі статак… Адначасова вучыліся, падарожнічалі, выступалі з канцэртамі.
Александроўскі дзетдом стаў востравам выратавання і школай жыцця для сотняў сірот у многім дзякуючы першаму дырэктару Аляксандры Манцэвіч. І праз дзесяцігоддзі былыя выпускнікі ў час сустрэч пагаджаліся: такіх людзей трэба залічваць у ранг святых.
Леанід Матэленак.