Дыялогавая пляцоўка адбылася ў медыяцэнтры Віцебскай вобласці
gazeta 30-06-2023, 16:10 529 Беларусь памятае
Трывалы падмурак для будучыні закладуць беларусы, ведаючы сваіх герояў. Памяць пра іх павінна жыць у нашых сэрцах. Такое меркаванне выказала падчас дыялогавай пляцоўкі ў медыяцэнтры Віцебскай вобласці начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына НАВІЦКАЯ. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Дарогамі мужнасці і трываласці: раўненне на герояў», прысвечанай Дню Незалежнасці і Дню вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Год гістарычнай памяці падчас акцыі рабілі акцэнт на гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета – пад эгідай міру і стварэння – у цэнтры ўвагі ўраджэнцы Беларусі: Героі Савецкага Саюза, партызанскага руху і антыфашысцкага падполля, удзельнікі вайны, чые патрыятызм, сіла духу, працоўная доблесць і асабісты подзвіг сталі сімвалам усенароднага супраціўлення фашызму, заўважыла Марына Навіцкая. Падкрэсліла шырокі інтарэс да акцыі ў грамадскасці, абумоўлены канцэнтрацыяй увагі на выбітных асобах, блізкіх жыхарам адпаведных населеных пунктаў. Дасягаецца гэта праз прысваенне іх імёнаў вуліцам, школам.
– Знаёмства з біяграфіяй гэтых людзей выклікае гонар за сваю краіну, землякоў, павагу да гісторыі сваёй Радзімы, а гэта і ёсць падмурак сапраўднага патрыятызму, – адзначыла Марына Уладзіміраўна.
Асноўны акцэнт на тым, каб пра подзвігі продкаў ведала моладзь і перадавала гэты каштоўны скарб сваім дзецям і ўнукам. На Міёршчыне актыўна вялася работа па прысваенні ўстановам адукацыі імёнаў герояў. У іх ліку ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Кузьмін, Віктар Бабічаў і Мікалай Ізварын.
Малая радзіма Міхаіла Кузьміна – Аленінскі раён Расійскай Федэрацыі. З нашымі мясцінамі яго звязваюць гады ваеннага ліхалецця. Летам 1941-га прызвалі ў армію, у 1942-м скончыў Ульянаўскае танкавае вучылішча. Адразу трапіў на фронт. Удзельнічаў у Сталінградскай бітве. Летам 1944 года шлях брыгады, у складзе якой ваяваў, пралягаў праз Беларусь. Вызвалялі Гарадок, Ушачы. Удастоены звання Героя Савецкага Саюза за праяўленую мужнасць пры вызваленні Дзісны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Згодна з раённай кнігай «Памяць», старшы лейтэнант Кузьмін асабліва вызначыўся ў ходзе аперацыі «Баграціён» па вызваленні Беларусі. З 23 чэрвеня 1944 года ён у складзе разведвальнай групы ўмелымі баявымі дзеяннямі забяспечваў паспяховы рух наперад усёй брыгады. 25 чэрвеня яе байцы імклівым кідком выйшлі да Дзвіны, знішчылі тры пушкі, 35 аўтамашын і да 70 салдат і афіцэраў. Праз тры дні падышлі да Ушач і вызвалілі горад.
Загінуў Міхаіл Кузьмін 8 кастрычніка 1944 года ў літоўскім горадзе Шылале. Падчас атакі ў яго танку ўзарваўся снарад. Званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена пасмяротна. У Дзісне імем воіна названы вуліца і школа.
Для Віктара Бабічава міёрская зямля таксама не была роднай. Паходзіў з пасёлка Петрапаўлаўка цяперашняй Астраханскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны прызвалі ў армію. Трапіў у 45-ы знішчальна-супрацьтанкавы артдывізіён 68-й марской брыгады. Служыў наводчыкам гарматы ў званні сяржанта. Беларуская наступальная аперацыя для яго пачалася 22 чэрвеня 1944 года з прарыву нямецкай абароны ў Віцебскай вобласці ля вёскі Краснагоры. 4 ліпеня батальёну, у які ўваходзіў 125-ы супрацьтанкавы дывізіён, паставілі задачу заняць вёску Павяцце на Міёршчыне і перарэзаць чыгунку Варапаева – Друя. Артылерысты выйшлі на вызначаны рубеж на наступны дзень. Ля вёскі Тычкі ў тыл савецкім салдатам ударылі немцы, што адступалі з боку Міёр па іншай дарозе. Ім супрацьстаялі толькі чатыры гарматы, снарады ў якіх заканчваліся. Узнагародны ліст сведчыць, што ў няроўным і ўпартым баі батарэі пад вёскай Тычкі з двума батальёнамі пяхоты і артылерыйскім дывізіёнам 75 мм пушак немцаў праціўнік ішоў у контратаку з двух напрамкаў, разлік старшыны Бабічава знішчыў аўтамашыну, чатыры матацыклы, два станкавыя кулямёты, параконную павозку з коньмі і ва ўпор расстраляў 50 нямецкіх салдат і афіцэраў. Калі скончыліся снарады, старшына падняў у атаку асабісты састаў і ўступіў у рукапашны бой. Знішчыў шэсць немцаў, расстраляў звыш 15 салдат і афіцэраў. Цяжка паранены, не пакідаў поле бою, кіраваў аперацыяй да канчатковага адбіцця контратакі праціўніка. За выключную мужнасць яму прысвоена імя Героя Савецкага Саюза. Пасля ваеннага шпіталю, дзе залечваў раны, звольніўся з арміі і жыў у родных мясцінах. Яго не стала 13 кастрычніка 1980-га. Сёння імя Віктара Бабічава носіць школа ў Павяцці.
Мікалай Ізварын нарадзіўся ў Арлоўскім раёне Растоўскай вобласці. Скончыў ваеннае вучылішча і адразу ў ліпені 1942 года трапіў на фронт. Ваяваў у 26-й гвардзейскай гарматнай артылерыйскай брыгадзе рэзерву галоўнага камандавання. За праяўленыя ў баях мужнасць і ініцыятыўнасць узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў. Яму было дваццаць, калі загінуў у баі 7 ліпеня 1944 года, вызваляючы Міёршчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пахаваны ў брацкай магіле на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў. У яго гонар у райцэнтры названы вуліца і завулак, прысвоена імя СШ № 2.
Увекавечанне імёнаў герояў у назвах устаноў адукацыі – правільна і пачэсна. Гэта станоўча ўплывае на фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму, духоўнасці і маральнасці моладзі, пабуджае хлопцаў і дзяўчат вывучаць гісторыю краіны, прывівае павагу да людзей, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё нашай дзяржавы. Ісці па жыцці пад знамем герояў – гонар для школы, педагогаў, вучняў. І разам з тым адказнасць: важна пацвярджаць права быць годнымі нашчадкамі.
Алена ВАРОНІНА.
Фота з архіва рэдакцыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.