У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў Міёрах адбыўся мітынг

 На золку 22 чэрвеня 1941 года замест птушыных спеваў гучалі выбухі і стрэлы. Без аб’яўлення вайны фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз, разлічваючы на хуткі трыумф. Планы ворага не ажыццявіліся. Праз доўгія, цяжкія, крывапралітныя чатыры гады Перамогу святкаваў савецкі народ, які пазбавіў свет ад карычневай чумы цаной мільёнаў жыццяў. Памяці пра гэта жыць у вяках.

У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў райцэнтры адбыўся мітынг. Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі прадпрыемстваў, устаноў, грамадскіх арганізацый сабраліся ля брацкай магілы на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў.

У Міёры вайна прыйшла з ліпеня 1941 года, праз два дні вораг заняў Дзісну, а ў хуткім часе ўся тэрыторыя Міёрскага і тагачаснага Дзісненскага раёна аказаліся пад акупацыяй, нагадала падзеі далёкіх ракавых дзён навуковы супрацоўнік гісторыка-этнаграфічнага музея Вольга Пупіна. Прывяла хроніку зверстваў фашыстаў на нашай зямлі: 2 чэрвеня 1942 года расстралялі 758 яўрэяў у Міёрах, 14 чэрвеня  – 3 800 у Дзісне, у верасні 1943-га спалена вёска Сухавержжа – 30 дамоў і 60 жыхароў з 86-ці; у лістападзе ў Блошніках (цяпер Калінавае) спалілі 12 дамоў і расстралялі 16 жыхароў.

 Больш за 2 тысячы нашых землякоў загінула на франтах Вялікай Айчыннай вайны і знікла без вестак, 10 тысяч вывезены на прымусовыя работы, больш за

5 тысяч мірных жыхароў расстраляны, прывёў журботныя лічбы старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба. Падкрэсліў, што на нашу краіну абрынулася ўся моц фашысцкай Германіі, вораг імкнуўся зламіць дух народа, зрабіць яго паслухмяным рабом, аднак нашы дзяды і прадзеды выстаялі, бо былі адзінымі ў барацьбе за свабоду. Мы ў адказе за гістарычную памяць свайго народа.

Разам з настаяцелем міёрскага храма Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ва Улахерне протаіерэем Віктарам Вабішчэвічам удзельнікі мітынгу памаліліся аб загінулых у Вялікай Айчыннай вайне. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання. Да брацкай магілы і помніка «Чорны цюльпан» усклалі гірлянды і кветкі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.