Міёршчына памятае герояў Вялікай Айчыннай вайны
gazeta 22-06-2023, 11:26 357 Беларусь памятае
Міёршчына памятае герояў Вялікай Айчыннай вайны. Імя капітана Мікалая Ізварына захавана ў назвах вуліцы і СШ № 2 у райцэнтры. У дадатак да вуліцы на шыльдзе школы ў Дзісне ўвекавечаны Герой Савецкага Саюза танкіст Міхаіл Кузьмін. Павяцкая СШ ганарыцца прысваеннем імя Віктара Бабічава, старшыны-артылерыста, які здзейсніў подзвіг ля вёскі Тычкі, што знаходзіцца непадалёк.
Пералік Герояў, якія вызначыліся ў баях за вызваленне нашай Міёршчыны, гэтым не заканчваецца. Рэдка ўспамінаем казаха Садыка Абдужаббарава, аўтаматчыка штурмавой роты. Ён забяспечыў поспех свайму падраздзяленню пры фарсіраванні Дзвіны ля Бешанковічаў, а потым выганяў ворага з Полацка, Дзісны, Браслава. Званне Героя яму было прысвоена «па свежых слядах» падзей – ужо 22 ліпеня 1944 года.
Двойчы Герой Савецкага Саюза і будучы маршал Іван Баграмян у нашых мясцінах ніколі не бываў, але ў 1944-ым камандаваў войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту, якія ў ходзе Беларускай аперацыі грамілі ворага ў Віцебску, Полацку, на шляху праз Дзісненскі, Міёрскі і іншыя суседнія раёны.
Дарэчы, у склад 1-га Прыбалтыйскага фронту ўваходзіла 6-я гвардзейская армія, якая непасрэдна выконвала баявыя задачы па вызваленні нашых мясцін у чэрвені-ліпені 1944 года. Ёй камандаваў Іван Чысцякоў. Званне Героя Савецкага Саюза яму прысвоена менавіта за поспехі ў вызваленні Віцебшчыны таксама 22 ліпеня.
Непасрэдна Міёры і наваколле ад ворагаў ачысцілі воіны 9-й гвардзейскай дывізіі, якой камандаваў генерал-маёр Якаў Вербаў. Мы рэдка ўзгадваем, што да 30-годдзя вызвалення райцэнтра гэтаму военачальніку было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Міёр.
Асноўная заслуга ў выгнанні захопнікаў з Дзісны належыць 34-й асобнай Віцебскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава танкавай брыгадзе. Як самааддана ваявалі воіны-танкісты, сведчыць прыклад Міхаіла Кузьміна. Камандаваў імі ў наступным генерал-маёр Станіслаў Садоўскі. У 1974 годзе ён прымаў удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 30-годдзю вызвалення раёна, у якасці ганаровага грамадзяніна Дзісны.
Сяргей Жабёнак яшчэ ў час службы раённым ваенным камісарам высветліў, што з 7 па 10 ліпеня начнымі маршамі прайшла ад Полацка праз Мазурына, Касатыя, Калатушкава, Субачава, Слабаду Мікалаёўскую, Дзянісава, Новыя Крукі, Ліпаўку, Палякі, Басяныя, Міёры, Міснікі, Сабалеўшчыну, Дварышча і іншыя населеныя пункты 67-я гвардзейская дывізія, якую мы сярод вайсковых злучэнняў, што вызвалялі раён, раней не называлі. А яна ўваходзіла ў 23-і гвардзейскі стралковы корпус 6-ай гвардзейскай Арміі.
Гэтая дывізія вызначылася ў баях ля Сіроціна, Ветрына, прайшла з баямі 164 кіламетры і вызваліла 253 населеныя пункты. Цяпер яна была ў другім эшалоне наступальных войск, які складаўся з 196-га гвардзейскага стралковага Чырванасцяжнага палка, 199-га гвардзейскага стралковага ордэна Суворава палка, 201-га гвардзейскага стралковага ордэна Кутузава палка, 138-га гвардзейскага артылерыйскага Чырванасцяжнага палка і яшчэ 11 меншых падраздзяленняў, што не менш важна – па большасці гвардзейскіх, а значыць, правераных на стойкасць у баях. Камандаваў імі генерал-маёр Аляксей Баксаў, якому 22 ліпеня 1944 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Перамогу над ворагам у паветры забяспечвалі лётчыкі-асы. Сярод іх камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка гвардыі старшы лейтэнант Мікалай Пасько. Ён здзейсніў 265 баявых вылетаў, удзельнічаў у 32 паветраных баях, збіў 15 самалётаў і аэрастат праціўніка. Удзельнічаў у вызваленні Віцебска, Бешанковічаў, Лепеля, Дзісны, Глыбокага… Героем Савецкага Саюза стаў 18 жніўня 1945 года.
Ёсць на каго раўняцца цяперашнім пакаленням.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота з архіва рэдакцыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.