Адважным і мужным застаўся Віктар БАБІЧАЎ з сяла Успенка
gazeta 11-05-2023, 08:23 269 Беларусь памятае
Больш за паўтары тысячы кіламетраў аддзяляюць сяло Успенка Ахтубінскага раёна Астраханскай вобласці, дзе нарадзіўся Віктар БАБІЧАЎ, ад вёскі Тычкі на Міёршчыне, дзе здзейсніў подзвіг у ліпені 1944-га і стаў Героем Савецкага Саюза. Для памяці не існуе адлегласці. Ні ў кіламетрах, ні ў дзесяцігоддзях, ні ў пакаленнях.
Прайсці праз баі і выжыць
«У няроўным і ўпартым баі батарэі пад вёскай Тычкі Віцебскай вобласці 5 ліпеня 1944 года з двума батальёнамі пяхоты і артылерыйскім дывізіёнам 75 мм пушак немцаў праціўнік ішоў у контратаку з двух накірункаў. Гарматны разлік старшыны Бабічава пад моцным артылерыйска-мінамётным і ружэйна-кулямётным агнём праціўніка прамой наводкай са зброі знішчыў: аўтамашыну, чатыры матацыклы, два станкавыя кулямёты, павозку з коньмі і ва ўпор расстраляў больш за 50 нямецкіх салдат і афіцэраў. У гэтым баі былі зрасходаваны асколачныя снарады, а нямецкая пяхота, акружыўшы батарэю, ішла на зброю. Старшына Бабічаў, пакінуўшы ля зброі аднаго наводчыка, астатні асабовы састаў гарматнага разліку падняў у атаку з воклічамі «За Сталіна!», «За Радзіму!», уступіў у рукапашны бой. Асабіста са сваёй зброі застрэліў пяць немцаў, а калі не стала патронаў, схапіў сапёрную рыдлёўку, адсек галаву нямецкаму афіцэру, узяў нямецкі кулямёт, з якога расстраляў ва ўпор больш за 15 салдат і афіцэраў праціўніка. Будучы цяжка параненым, з перабітай нагой не пакінуў поле бою, а кіраваў і ўдзельнічаў да канчатковага адбіцця контратакі праціўніка. Пры гэтым адрэзаў левы фланг контратакуючага батальёна праціўніка, тым самым забяспечыў поўны разгром нямецкага батальёна. У баі таварыш Бабічаў праявіў выключную адвагу, мужнасць, знаходлівасць і геройства. Старшыні Бабічаву Віктару Аляксеевічу пры-
своіць званне – Героя Савецкага Саюза».
Гэтую вытрымку з узнагароднага ліста даслаў дырэктару Павяцкай школы Алене Паўлоўскай унучаты пляменнік героя Пётр Анатольевіч Гужвін. З ім выйшлі на сувязь, калі ўстанове прысвойвалі імя Віктара Бабічава.
– Чытаючы яго ўзнагародныя лісты, немагчыма зразумець, як чалавек, прайшоўшы праз столькі смяротных баёў, дзясяткі ці нават сотні разоў рызыкуючы жыццём, няхай і параненым, але вярнуўся дадому жывым, – адзначаў у перапісцы Пётр Анатольевіч.
«…забыўся, што ён Бабічаў»
Пётр Гужвін прывёў факты біяграфіі сваяка-героя, які быў старэйшым братам яго бабулі Кацярыны Іванаўны Гужвінай, у дзявоцтве – Шыянавай.
Радзіма Віктара Бабічава – сяло Успенка сучаснага Ахтубінскага раёна Астраханскай вобласці. Ён з’явіўся на свет 16 красавіка 1916 года. Яго бацька Аляксей Лук’янавіч падчас грамадзянскай вайны быў чырвоным камандзірам. Аднойчы ўначы на сяло напаў атрад праціўніка. Аляксей Бабічаў разам з жонкай і маленькім сынам пачалі ўцякаць, але іх хутка дагналі. Камандзіра засеклі на вачах у сям’і. Маці Віктара – Еўдакія Фёдараўна – пасля выйшла замуж за аднавяскоўца Івана Шыянава. У іх нарадзіліся дочкі Еўдакія і Кацярына. Для хлопчыка Іван Васільевіч таксама стаў як родны бацька.
Пасля школы Віктар паступіў на курсы трактарыстаў. Працаваў на Уладзімірскай мышынна-трактарнай станцыі.
З успамінаў сястры Кацярыны: «Я добра памятаю, як Віктар адыходзіў у армію. У мясцовым клубе – сям’я тады жыла ў Петрапаўлаўску, сёння Ахтубінск – сабралі прызыўнікоў, іх бацькоў і знаёмых. Драмгурток паказваў п’есу «Наталка-Палтаўка», а потым пачалася пераклічка. І вось выклікаюць «Бабічаў Віктар Аляксеевіч!» А ён сядзіць маўчыць. Выклікаюць другі раз, трэці. Хлопцы яго пачалі ў бок піхаць: «Гэй, Віктар Шыянаў, гэта цябе!» А мы ўсе Шыянавы былі, і яго таксама звалі – Віктар Шыян. Толькі тады Віктар адгукнуўся, аказваецца, забыўся, што ён Бабічаў».
Яшчэ да прызыву Віктар ажаніўся на Дар’і Рыгораўне Калеснікавай. У 1937-м у іх нарадзіўся сын Генадзь.
Тэрміновую службу ў Чырвонай Арміі Віктар Бабічаў праходзіў у 1937 – 1940 гадах. У верасні 1941-га разам з айчымам прызваны на фронт. Амаль адразу яго накіравалі на курсы малодшых камандзіраў. З сакавіка 1942-га ўдзельнічаў у баях. У снежні 1944-га камісаваны па стане здароўя. Зорку Героя Савецкага Саюза яму ўручылі ў сакавіку 1945-га. Таксама ў ліку ўзнагарод Віктара Бабічава медаль «За адвагу», ордэн Славы ІІІ ступені, ордэн Чырвонага сцяга.
Цяжкае раненне не дазволіла франтавіку працаваць механізатарам. Уладкаваўся ў нарыхтоўчую кантору райспажыўсаюза. Спачатку быў рабочым, пасля – намеснікам дырэктара.
У 1951 годзе Віктар Аляксеевіч аўдавеў. Другой яго жонкай стала Антаніна Іванова, у іх нарадзіўся сын Аляксей.
Унучаты пляменнік Пётр Гужвін успамінае: «У дзяцінстве я шмат часу праводзіў у Ахтубінску ў бабулі Каці. Яна рана аўдавела, жыла адна, працавала і займалася ўласнымі агародам і домам. Да яе кожны тыдзень прыязджаў дзядуля Віця дапамагаць па гаспадарцы. Малодшых сясцёр ён называў па імені, а яны яго – старэйшага брата – толькі па імені і імені па бацьку і на Вы. Так у сем’ях і Шыянавых, і Гужвіных было прынята: бацькоў і старэйшых называць на Вы, заўсёды паважліва. Памятаю, з якімі любоўю, цеплынёй і гордасцю да яго адносіліся абедзве сястры, з якой павагай да яго ставіўся мой бацька. А для нас – унукаў – ён быў добры і ласкавы дзядуля Віця».
Віктара Аляксеевіча Бабічава не стала ў 1980-м.
Пісьмы на фронт
У сямейным архіве Гужвіных захаваліся пісьмы, якія пісала на фронт старэйшаму брату сястра Кацярына. З імі ён вярнуўся з вайны.
«17 красавіка 1944 г.
Дарагі брат!
Ты не можаш сабе ўявіць, як уся наша сям’я была рада за атрыманае ад цябе пісьмо. Нашы сэрцы былі перапоўнены радасцю, шчасцем за тое, што ты ў баях за Айчыну ідзеш наперадзе. Мільёны вачэй прачытаюць пра цябе артыкул у газеце, мільёны сэрцаў маці і жонак шлюць табе ўдзячнасць за трапнае знішчэнне подлага ворага. Мне нават складана перадаць табе словамі ўсё, што мы перажываем, чытаючы артыкул пра цябе. Ты дабіўся славы, даверу ў Радзімы, і я спадзяюся, што гэты давер ты апраўдаеш. Сэрца маці поўнае шчасця, што ты з’яўляешся годным воінам зямлі Рускай, табой ганарацца жонка і твой малалетні сынок, якому ты будзеш яшчэ расказваць пра свае баявыя паходы.
Я цвёрда веру ў тое, што ты вернешся яшчэ да сваёй сям’і, вернешся да нас. Мы чакаем цябе і будзем чакаць да той пары, пакуль наша Вялікая Радзіма будзе ачышчана ад нямецкай чумы, пакуль скончаць дыміцца пажарышчы, пакуль спыніцца грукат кананады, і чаканнем сваім мы выратуем цябе.
Я ганаруся тым, што слаўна абараняеш Вялікую рускую зямлю.
Не шкадуй праклятых гадаў.
Любімы брат, баец, бі вінтоўкай, бі прыкладам, бі сушы, моры і нябёсы.
Прывітанне табе ад мамы, Дашы, Дусі, Гены, Валі.
Цалую моцна-моцна.
Твая сястра Каця».
«2) 8 кастрычніка 1944г.
Дарагі Віктар!!!
Няма слоў апісаць радасць за тваю ўзнагароду. Нават наша мясцовая газета «Шлях Леніна» знайшла месца для твайго імя «Героя Савецкага Саюза». Што можа быць вышэй за гэту ўзнагароду! Наша сям’я вельмі задаволена табой.
Задаволены і ганарымся тым, што ты найлепшы сын Радзімы, ты ведаеш свой доўг, у цябе ёсць што абараняць.
Радзіма для нас усё. Доўг грама-
дзяніна і байца Савецкага Саюза ты сумленна выконваеш.
Тваё імя разам з іншымі Героямі красуецца ў друку краіны, цябе
адзначыла наша кіраўніцтва, гэтым ты яшчэ абавязаны нашай краіне. Давер народу ты апраўдваеш, толькі хутчэй папраўляйся, у цябе яшчэ шмат спраў, краіна чакае цябе як члена нашай Вялікай Арміі.
Няхай твой удар па ворагу будзе заўжды толькі трапным.
З гарачым прывітаннем твая малодшая сястра Каця».
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота з архіва сям'і Гужвіных.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.