У Хатыні гітлераўцы забілі 149 чалавек, з іх 75 дзяцей да 16 гадоў.
22 сакавіка 1943 года фашысцкія карнікі цалкам знішчылі вёску Хатынь у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. З дня трагедыі мінула 80 гадоў.
У праваслаўных вернікаў 22 сакавіка – дзень Сарака мучанікаў. У Хатыні ў той дзень іх было нашмат больш.
Усіх жыхароў месцейка фашысты зганялі ў хлеў. Не шкадавалі нікога: ні старых і хворых, ні жанчын і немаўлят. Зачынілі дзверы ў пабудову, абклалі яе саломай і падпалілі. Толькі некаторым цудам удалося выжыць у гэтым пекле. У тым ліку мясцоваму кавалю Іосіфу Камінскаму, які пасля стаў прататыпам скульптуры «Няскораны чалавек» у мемарыяльным комплексе «Хатынь».
Спаленая з жыхарамі вёска – сімвал трагедыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
З нагоды жалобнай даты па ўсёй краіне пройдуць мерапрыемствы. Мітынг-рэквіем, прысвечаны 80-годдзю трагедыі Хатыні, адбудзецца ў райцэнтры ля памятнага знака воінам-вызваліцелям Міёр ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пачатак у 12.30.