Выпускники Дисненской школы 1971 года спустя 50 лет собрались вместе на торжественном вечере

 Вясёлая, цікавая, цудоўная школьная пара. У дзяцінстве яна здаецца доўгай і нават бясконцай. У дарослым жыцці разумееш, што гэта быў толькі кавалачак жыцця. Зусім невялікі, але дарагі і каштоўны. Выпускнікі Дзісненскай школы 1971 года праз 50 гадоў пасля апошняга званка сабраліся разам, каб зноў адчуць сябе дзецьмі і вярнуцца думкамі ў школьныя дні.

 

Сустрэчу школьных сяброў арганізавала Лілія Арцімёнак. Тэлефанавала ім, пісала ў сацсетках. Хтосьці з аднакласнікаў жыве ў Дзісне. Іншыя спяшаліся на рандэву з дзяцінствам і юнацтвам з Бігосава, Полацка, Наваполацка, Віцебска, Мінска. Сабраліся нядзельным чэрвеньскім днём у Дзісненскім гарадскім Цэнтры культуры. Многія прыйшлі са сваімі мужам ці жонкай.

 
Жыхарка Дзісны Таццяна Навіцкая склала кампанію мужу Івану, які таксама прымаў удзел у арганізацыі сустрэчы.
– Сабраліся апоўдні і ледзь разышліся да апоўначы. Цудоўна правялі час, напоўнены цікавымі зносінамі і светлымі ўспамінамі, песнямі і танцамі. Пранікліся атмасферай даўно мінулага дзяцінства, – дзеліцца ўражаннямі Таццяна Нілаўна. – У самым пачатку Лілія Арцімёнак падкрэсліла, што сустрэліся аднакласнікі, каб прыгадаць школьную пару. Таму – ні слова пра цяперашнія праблемы, хваробы і немачы. Так і атрымалася. Самі стваралі пазітыўны настрой. Парадаваліся, што ў Уладзіміра Ліпаўкі захаваўся яго цудоўны голас. Спявае лепш за вядомых артыстаў. Дружна падпявалі яму песню «Не повторяется такое никогда».

 
Завітала пабачыцца са сваімі вучнямі колішняя піянерважатая Антаніна Васільеўна Корбут. Настаўніца нямецкай мовы Тамара Аляксандраўна Маняк жыве ў Міёрах. Прыехаць не змагла, ёй перадалі паштоўку і сувенір.

 
З 49 выпускнікоў Дзісненскай школы 1971 года сабраліся разам 17. Хто не змог прыехаць, тэлефанаваў, перадаваў цёплыя прывітанні. Забег павітацца з аднакласнікамі прадпрымальнік Эдуард Цярэшка. Клопаты не дазволілі надоўга застацца ў прыемнай кампаніі.
Добрым словам прыгадалі школьныя сябры сваіх таварышаў і настаўнікаў, якіх ужо няма сярод нас.

 
У кожнага сустрэча пакінула прыемныя ўражанні і цёплыя ўспаміны.
– Нячаста бывае, каб праз столькі гадоў аднакласнікі заставаліся вернымі сябрамі, як у юнацтве, – заўважае навапалачанка Таццяна Бранцава (Пугачэўская). – Жадаем усім пранесці школьнае сяброўства праз жыццё. Як аказалася, у гэтым адзінстве – вялікая сіла, натхненне і падтрымка.

 
З такой нагоды ў Таццяны з’явіліся вершаваныя радкі:
После школы – полвека! Ни много, ни мало.
Пусть судьба нас по жизни давно разбросала,
Выпуск 71-го! Время вернулось!
Собрались мы, чтоб встретить ушедшую юность.
Хоть гуляют по миру ковидные волны,
Созвала нас сюда выпускная весна.
Юбилей отмечаем и этим довольны.
Вспомнит молодость с нами родная Дисна! 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота прадаставіла Лілія АРЦІМЁНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.