У раёнцы за 2 мая 2020 года пад рубрыкай «Новы погляд на старыя здымкі» надрукаваны артыкул «Свята Перамогі ў Дзісне» пра ўдзельніц гарадскіх урачыстасцей у 1975-м. Не змаглі адразу прыгадаць прозвішча жыхаркі горада, якая стаяла ў шарэнзе першай справа. Сітуацыю дапамагла выправіць стваральніца гарадскога музея Ала Майсяёнак, за што ёй вялікі дзякуй.
ПЕРШАЯ справа на здымку – Клаўдзія Міхееўна Агурчонак (у дзявоцтве Уладзімірава). Яна жыла з бацькамі ў горадзе Невель на Пскоўшчыне. Потым перабралася ў Ленінград. У блакадны час 15-16-гадовай дзяўчынкай узводзіла абарончыя рубяжы. Узнагароджана медалямі «За абарону Ленінграда» (уручана 28 жніўня 1945 г.) і «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.» (уручана 16 жніўня 1946 г.).
У 1947 годзе прыехала ў Дзісну, тут выйшла замуж, працавала ў паліклініцы лабаранткай. Гэта засведчылі дачка Раіса Шалухіна, якая жыве ў Віцебску, і пляменніца з Дзісны Зінаіда Маняк. Дарэчы, Ала Майсяёнак папярэдне паказвала здымак і Зінаідзе Уладзіміраўне ў ліку іншых работнікаў дзіцячага сада і школы, аднак пляменніца адразу не пазнала родную цёцю. Калі фота з’явілася ў газеце – прыйшло ўсведамленне.
Каб больш даведацца пра Клаўдзію Міхееўну, па мабільніку патурбаваў яе дачку ў абласным цэнтры. Раіса Мікалаеўна рана пакінула бацькоўскі дом – у 16 гадоў, таму пра маладосць маці мала што можа прыгадаць. Апавядала, што ў блакаду той давялося галадаць і шмат цяжка працаваць. Таму век яе аказаўся не надта доўгім – памерла ў 60. Яна ніколі не глядзела фільмы пра вайну, адразу выходзіла на вуліцу, калі іх паказвалі.
Такім аказаўся апошні штрых агульнага жаночага фотапартрэта. Але ж застаўся цэлы альбом пра дзісненцаў – абаронцаў Айчыны. Раённая газета яшчэ раскажа пра самых знакамітых воінаў-франтавікоў з самага маленькага горада краіны.
Леанід МАТЭЛЕНАК
Фота з архіва рэдакцыі.