Авторизация
 

«Быў бы мір на зямлі ды хлеб на стале»: памяці Яўгеніі Шульгі

 Гулам самалётаў і грымотамі выбухаў уварвалася вайна ў кожны дом, у кожную сям’ю. Праз дзесяцігоддзі чутно яе рэха. Гучыць яно з гісторый, расказаных відавочцамі ліхалецця сваім родным. І гэтыя расповяды трэба перадаваць з пакалення ў пакаленне. Каб жыла памяць пра тых, хто цярпеў нечалавечыя пакуты дзеля шчасця нашчадкаў.

 

Жыхарка Полацка Яўгенія Казлоўская захоўвае ў сямейным архіве школьную працу. Вучаніцай Туркоўскай школы яна рыхтавала на канферэнцыю матэрыял пра сваю бабулю Яўгенію Пятроўну Шульга (Голуб) – працаўніцу тылу. Работу ацанілі дыпломам. Але для дзяўчыны, якая носіць бабуліна імя, гэта было не самае важнае. Радавалася, што з дапамогай настаўніцы Таццяны Сініцынай занатавала гісторыю дарагога чалавека.

 

Ночы, светлыя ад агню

«Бязмерны цяжар лёг на плечы бабулі з самага дзяцінства. Нарадзілася яна ў вёсцы Малашкі (на той час Дзісненскага раёна) 14 красавіка 1929 года. Маці бабулі, Голуб Марыя Адамаўна, памерла, калі дзяўчынцы было ўсяго 11 месяцаў», – так пачынае бабуліну біяграфію ўнучка. Далей расказвае, як цяжка жылося дзяўчынцы з мачахай, якая нават хлеба для яе шкадавала. Як з малых гадоў дзеці прывучаліся да працы на зямлі, бо толькі з яе і магла пражыць бедная сялянская сям’я.

 
12 гадоў было Жэні, калі раніцай 22 чэрвеня 1941 года яна пачула яшчэ не зусім зразумелае слова «вайна» і крыкі аднавяскоўцаў. Загучалі стрэлі. Ад выбухаў у Дзісне трасліся вокны ў хатах у Малашках. Ночы сталі светлымі ад агню, у якім гарэлі дамы. З вёскі пятнаццаць мужын скіраваліся на фронт. Дзяўчаты ішлі ў партызаны, ратуючыся ад нямецкага палону.

 

Жаданне помсціць ворагу

У верасні 1943-га 14-гадовая Жэня таксама папоўніла кагорту лясных салдат. «Якая я там была, зусім зялёная, але помсціць ворагу хацелася», – праз шмат гадоў будзе расказваць яна ўнучцы. Камандаваў партызанскім атрадам Аляксандр Іванавіч Глазкоў. Па заданні партызан Жэня са стрыечнай сястрой Галінай хадзілі ў разведку да ракі Дзісна. Ладзілі там гульні, нібы не заўважаючы немцаў. Затым расказвалі сваім пра ўсё, што прыкмецілі. Наведваліся ў вёску папрасіць у сяльчан ежы для партызанаў. Шылі для іх маскіровачныя халаты, вязалі пальчаткі і шкарпэткі. Працавалі начамі пры святле керасінавай лямпы.

 
Аднойчы камандзір атрада папрасіў жыхароў Малашак дапамагчы пабудаваць аэрадром. Узводзілі яго ў вёсцы Шанцерава. Мужчыны секлі лес на бярвёны, якімі ўкладвалі канаву. Зямлю ўтрамбоўвалі, каб было цвёрда і самалёт мог узняцца. Разам з іншымі дзяўчатамі Жэня насіла галлё, падсыпала зямлю, рабіла ўсё, на што хапала сілы.

 
Мірныя іспыты

Летам 1944 года Міёршчыну вызвалілі ад ворага. Людзі вярнуліся да спакойнага жыцця, якое ніяк не назавеш лёгкім. Харчаваліся піражкамі з травы ды гнілой бульбай. Нават запалак не мелі. Затое ўмелі цаніць мір і радавацца. Вечарамі збіраліся ў кагосьці дома, спявалі і танчылі.
У 1946 годзе Яўгенія Пятроўна стала працаваць на пошце. У 1951-м выйшла замуж за Васіля Шульгу. У сям’і нарадзілася пяцёра дзяцей, якіх давялося адной падымаць на ногі. Муж памёр ад запалення лёгкіх.

 

Ад жыцця не прасіла шмат

«Як бы ні было цяжка, але бабуля клапацілася не толькі пра тое, каб пракарміць дзяцей, але і выхоўвала іх сваім прыкладам, сваім ладам жыцця, сваімі адносінамі да мацярынскага доўгу, які лічыла святым, – піша ўнучка Жэня. – Слухаючы бабулю, я штораз здзіўляюся яе ўменню жыць, не патрабуючы ад жыцця вельмі шмат. «Быў бы мір на зямлі ды хлеб на стале» – так любіць паўтараць».

 
Старасць Яўгеніі Пятроўны Шульга была атулена клопатам дзяцей і ўнукаў. Жыла ў сям’і дачкі Васілісы, радавалася кожнаму дню. У 89 гадоў скончыўся яе зямны шлях. А памяць жыве. Цяпер унучка Жэня расказвае пра бабулю сваім дзецям.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота з архіва Яўгеніі КАЗЛОЎСКАЙ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 30 января 2022
Антон, Виктор, Георгий, Иван, Павел, Савелий, Антонина

Именины 29 января 2022
Иван, Максим, Петр, Неонила

Госці краін

free counters
Партнеры сайта