Авторизация
 

Пятру Кандрашову споўнілася б 95

 22 лютага Герою Сацыялістычнай Працы, былому старшыні ордэна “Знак Пашаны” калгаса “Маладая гвардыя” Пятру Пятровічу КАНДРАШОВУ споўнілася б 95.

Пётр Кандрашоў нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Дзямідавічы на Магілёўшчыне. У сялянскай сям’і гадавалася пяцёра сыноў і дзве дачкі. Жылі спачатку ў вёсцы, потым з дзясятак гадоў гаспадарылі на хутары, вярнуліся назад. Ішоў бацькоўскім шляхам: пасля сямігодкі ў 1939-м паступіў у Смілавіцкі сельскагаспадачы тэхнікум, каб стаць аграномам. Скончыў два курсы, як грымнула вайна. Давялося вярнуцца дадому.


Касцюковіцкі раён быў у ліку першых у рэспубліцы, куды прыйшло вызваленне ў канцы верасня 1943 года. 2 кастрычніка мабілізацыйная павестка прывяла ў райваенкамат 19-гадовага Пятра.

БАЯВЫ ШЛЯХ
Пятра Кандрашова накіравалі служыць у 120-ю гвардзейскую дывізію першага Беларускага фронту, рыхтаваўся стаць мінамётчыкам. Паспеў толькі пазнаёміцца з франтавым жыццём, армейскімі статутамі, зброяй. Грунтоўна вучыцца давялося ўжо ў справе, сапраўдныя баявыя будні пачаліся ў лістападзе, як разгарнулася наступленне. Падраздзяленню паставілі баявую задачу пераадолець раку Проню. Яна нешырокая, але з дрыгвяністымі берагамі, якія прастрэльваліся немцамі. Фарсіраванне пачалі ноччу пасля артпадрыхтоўкі. На світанні выйшлі на варожыя ўмацаванні. Бой аказаўся жорсткім, страты — вялікімі. Пяхотны батальён вымушаны быў адступіць. Але і ў такіх умовах юнак праявіў сябе, узнагароджаны медалём “За адвагу”.


Няпроста пачынаўся баявы шлях у маладога салдата. Першае раненне атрымаў 28 лістапада. Пасля лячэння вярнуўся ў дзеючую армію. Нязначных сутычак і вялікіх баёў было нямала. Набіраўся салдацкага майстэрства, рос у званні. Удзельнічаў у вызваленні Беларусі, Украіны і Польшчы.


28 жніўня 1944 малодшага сяржанта Пятра Кандрашова паранілі ў другі раз. Але лёгка, і ён застаўся ў страі. Да студзеня 1945-га быў ужо ротным пісарам 1030-га стралковага палка 260-й стралковай дывізіі Ковельскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава 2-й ступені дывізіі ў складзе 47-й арміі. Але не сядзеў у штабе, удзельнічаў у баявых дзеяннях. Наперадзе былі Вісла-Одэрская, Усходне-Памеранская і Берлінская стратэгічныя наступальныя аперацыі.


Узнагародны ліст да ордэна “Чырвонай зоркі” ад 29 сакавіка 1945 года сведчыць, што ротны пісар малодшы сяржант Пётр Кандрашоў падчас баёў за Шчэцін пры дастаўцы харчавання байцам на пярэдні край да вышыні 71,5 выявіў групу праціўніка, агнём з аўтамата знішчыў пяць варожых салдат, астатніх прымусіў уцякаць.


Ордэнам Славы 3-й ступені ўжо камандзір стралковага аддзялення Пётр Кандрашоў узнагароджаны за дзеянні ў баях за горад Брандэнбург. Пасля артпадрыхтоўкі з аддзяленнем першым дасягнуў вызначанага рубяжа, знішчыў чатырох гітлераўцаў і дваіх узяў у палон. Выявіў і забіў “фаустніка”, які падпаўзаў да нашай “самаходкі”. Калі ў вулічным баі рух да перакрыжавання спыніў кінжальны агонь двух кулямётаў, сяржант па ўласнай ініцыятыве зайшоў да іх у тыл, закідаў гранатамі разлікі, агнём з аўтамата знішчыў шасцярых гітлераўцаў і чацвярых узяў у палон.


Перамогу сустрэў на Эльбе. Баявы шлях адзначаны медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй…”

ЗНОЎ ПАКЛІКАЛА ЗЯМЛЯ
У Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум вярнуўся восенню 1947-га, а дэмабілізаваны 15 мая. Бравы сяржант з вялікім наборам баявых узнагарод — ордэнаў і медалёў.


Пасля атрымання дыплома накіравалі аграномам-насенняводам у калгас “Праўда” ў Дрысенскім раёне, там клапаціўся пра шматгадовыя травы. Неўзабаве прызначылі галоўным аграномам у насенняводчую гаспадарку “Новы шлях” у Шайцераве. Працаваў на палях, а вечарамі іграў на акардэоне для моладзі ў клубе. На адной з такіх вечарын сустрэў маладзенькую медсястру Галіну, якая на выхадныя прыязджала ў родную вёску да бацькоў з Дзісны. Згулялі вяселле. Першынец Пеця нарадзіўся ў 1952-ім, потым былі Люда ў 1954-м, Наташа ў 1963, Алена ў 1965-м.


Сям’я перабралася на Міёршчыну. У 1952 годзе Пётр Пятровіч стаў галоўным аграномам 2-й Міёрскай МТС у Клётавым Двары. Пры патрэбе замяняў дырэктара, а ў 1954-м прызначылі кіраўніком. На наступны год прынялі ў партыю. Даводзілася шмат працаваць па арганізацыі палявых работ у абслугоўваемых навакольных калгасах, па забеспячэнні рамонту трактараў на ўласнай базе, падрыхтоўцы кадраў вясковых механізатараў. Цяжкасцей хапала, бо эканамічная сітуацыя ў невялікіх сельгасарцелях была складанай.


Між тым пераўтварэнні ў грамадстве і эканоміцы адбываліся хутка. У 1958-м тэхніку перадалі калгасам, машына-трактарныя станцыі рэарганізавалі для іншых задач. Пётр Пятровіч заняў пасаду начальніка раённай інспекцыі па сельскай гаспадарцы райвыканкама. На гэтым узроўні спецыялісты затрымліваліся нядоўга, не хапала кіруючых кадраў у сельскай гаспадарцы, у калгасах і саўгасах. Пасаду старшыні райкам партыі прапанаваў Пятру Пятровічу.


Так у жніўні 1959-га былы франтавік прыехаў за старшынёўскім партфелем у адстаючы калгас “Маладая гвардыя”. Зерня там атрымлівалі па шэсць-восем цэнтнераў з гектара, не нашмат больш, чым сеялі. Падобная сітуацыя была з бульбай, лёнам. Не радавала жывёлагадоўля, за год сельгасарцель прадавала ўсяго 19 тон мяса і 520 тон малака. Затое работнікаў хапала.


Старэйшы сын Пётр Пятровіч дзеліцца ўспамінамі пра тагачаснае жыццё ў Слабадзе:
— Бацька прыняў калгас з даўгамі ў 700 тысяч рублёў. Яго з поўным правам можна назваць самародкам, бо хутка змог згуртаваць калектыў. Так, дыпламаваных памочнікаў-спецыялістаў на першым часе не было, затое абапіраўся на такіх жа надзейных, як сам, патомных хлебаробаў-самавучак.


Новы кіраўнік пачаў з навядзення парадку на зямлі. Зааралі межы, вывозілі арганіку з ферм, раскарчоўвалі хмызнякі, убіралі каменне, і контурнасць палёў паступова павялічылася з шасці да 60 гектараў.


Старшыня, аграном, брыгадзіры строга кантралявалі якасць і тэрміны палявых работ. Пачалі завозіць новыя гатункі збожжавых, бульбы, лёну. Працяглы час менавіта даўгунец і насенне канюшыны забяспечвалі асноўныя грашовыя паступленні “Маладой гвардыі”. Да апошняй магчымасці (ужо працаваў ільнозавод) калгас пастаўляў лён не трастой, а апрацаванай кудзеляй: за яе больш плацілі, пры гэтым на работах зімой у двух восецях добра зараблялі калгаснікі.


Пад сеяныя травы пачалі адводзіць да 40% ворыва, стала хапаць сена і сенажу для статка, раслі надоі і прывагі жывёлы.
Пачалі завозіць з суседняй Латвіі чыстапародны статак буралатвійскай пароды з гарантавана высокімі надоямі. Ужо праз два гады старшынёўства Пятра Пятровіча калгас поўнасцю разлічыўся з даўгамі, а праз сем — стабільна меў на рахунку ў банку да паўтара мільёна рублёў, што дазваляла аператыўна вырашаць любыя фінансавыя пытанні. Набылі 14 збожжаўборачных камбайнаў, 9 гусенічных і 12 колавых трактараў, іншую тэхніку.


 Навуковая сістэма земляробства, належная апрацоўка глебы і ўнясенне ўгнаенняў, пашырэнне пасеваў бабовых культур, найперш канюшыны, добра наладжанае насенняводства павялічвалі аддачу зямлі. Асабліва імклівы рост вытворчасці забяспечаны ў 1964-1966 гадах. У 1964-м ураджайнасць збожжавых вырасла да 37 цэнтнераў з гектара, бульбы — да 200, ільновалакна атрымалі па дзевяць. Вытворчасць малака і мяса забяспечвала рэнтабельнасць гаспадаркі да 40% і больш.


Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 года за поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак сельгаспрадукцыі Пятру Пятровічу Кандрашову прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”. Яго першай працоўнай узнагародай стаў ордэн “Знак Пашаны” па выніках кіравання МТС (18.01.1958 год).
Пётр Пятровіч працягваў вучыцца. Лепшыя прынцыпы арганізацыі кормавытворчасці спасцігаў у гаспадарках Латвіі, вырошчвання лёну — на Смаленшчыне, дзейнасці інжынернай службы — на Пскоўшчыне. Многае ўкараняў у сябе, і вучыў уласных спецыялістаў. Калгас стаў школай выхавання і падрыхтоўкі кіруючых кадраў для раёна.


 Па слядах бацькі пайшоў сын. Цікаўлюся, якую навуку ён засвоіў ад бацькі?
— Па-першае, неабходна ў любую справу ўнікаць дасканала, да драбніц, — прыгадвае Пётр Пятровіч-малодшы. — Па-другое, ні пры якіх умовах не блытаць уласную і калгасную кішэні.

ЭПІЛОГ
За поспехі ў выкананні планаў пяцігодкі і павелічэнне эфектыўнасці сельгасвытворчасці калгас “Маладая гвардыя” — адзіны ў раёне — у лютым 1971 года ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Пётр Пятровіч адзначаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.


Пётр Пятровіч Кандрашоў кіраваў калгасам “Маладая гвардыя” 25 гадоў. Пры ім меліярыравалі ўсе землі, абнавілі дарожную сетку. Узвялі нямала гаспадарчых і сацыяльна-бытавых аб’ектаў, жылля.


Вартымі людзьмі выраслі дзеці Пятра Пятровіча, на яго раўняюцца ўнукі і праўнукі. 

Фота з сямейнага альбома Кандрашовых.

Леанід Матэленак.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 368
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 88 951
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 88 410
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 539
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 42 352
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 591
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 723
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 7 августа 2020
Александр, Макар, Николай, Анна, Ираида

Именины 6 августа 2020
Анатолий, Борис, Глеб, Давид, Иван, Иларион, Николай, Роман, Кристина, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта