Галоўная > Рэлігія > “Святло веры малой радзімы маёй” — тэма фестывалю “Язненскі благавест”

“Святло веры малой радзімы маёй” — тэма фестывалю “Язненскі благавест”


5-11-2018, 16:14. размясціў: gazeta

 “Святло веры малой радзімы маёй” — акрэслілі тэму дзявятага фестывалю “Язненскі благавест”, які адбыўся 30 кастрычніка. Прызнацца ў любові да родных мясцін і расказаць іх гісторыю, нагадаць пра дабрыню сэрцаў і сілу малітвы прыехалі выхаванцы дзесяці нядзельных школ.

Спакой і цеплыня ахінаюць у халаднаватай глядзельнай зале, са сцэны якой дзіцячыя галасы гавораць пра бескарыслівую дабрыню, Божую дапамогу і любоў. Забываюцца дажджлівыя прагнозы надвор’я, трагічныя паведамленні ў стужцы навін, незразумелыя трывогі. У такія моманты свет становіцца дабрэй.

 “Вновь Благовест плывёт над Язненской землёй”, — распачаў вершаванымі радкамі фестываль яго нязменны вядучы Уладзімір Пашковіч. У поўнай глядзельнай зале не толькі ўдзельнікі. Шмат гледачоў прыйшлі ў пахмурны няўтульны дзень сагрэцца цёплым словам, добрай песняй, святлом веры.


Атмасферу свята старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава назвала дамашняй. Сапраўды, тут адчуваеш сябе як у дружнай сям’і, дзе табе рады і прымаюць такім, які ёсць. Фестываль дорыць веру, без якой не можа жыць чалавек, заўважыла Марыя Мікалаеўна.
Прыемнае трапятанне ў душы выклікае слова “радзіма”. Месцу, дзе з’явіліся на свет, і ўсёй Бацькаўшчыне патрэбны наша любоў і добрыя справы, гаварыў у прывітальным слове благачынны Міёрскай акругі Віктар Вабішчэвіч.

 Да родных мясцін з любоўю і пашанай

На Беларусі Бог жыве. Словы класіка выхаванцы нядзельных школ пацвярджалі выступленнямі. Нядоўгімі па часе — пяць-сем хвілін, простымі і глыбокімі па змесце.


ДЗЯЎЧЫНЦЫ надакучыў горад, у якім жыве. Анёл-ахоўнік нашэптвае, што тут яе шчасце. У марах пра замежныя цуды яна выпраўляецца ў далёкае і не заўсёды прыемнае падарожжа. Пакрысе разумее, як хораша дома. Гэта сюжэт тэатралізаванай пастаноўкі ўдзельнікаў з Наваполацка. Няма для чалавека месца мілей за яго малую радзіму, сцвярджалі выступоўцы.


 Госці з Бягомля прыгадалі час, калі чалавека пазбаўлялі веры. Зведала яго на сабе мясцовая царква, пабудаваная напрыканцы 19 стагоддзя. Святыня часткова разбурана. А побач узвышаецца новы храм. Яго адлюстравалі ў творчых работах выхаванцы ня- дзельнай школы.
ТРЫ падарункі атрымліваем у дзень з’яўлення на свет — Бога, маці і радзіму. І за тое трэба быць удзячнымі, упэўнены ўдзельнікі з вёскі Бароўка Верхнядзвінскага раёна. Ахоўніцай сваёй малой радзімы лічаць Святую Ефрасінню Полацкую, храм у гонар якой узведзены ў мястэчку.


 У вёсцы Арэхаўна Ушацкага раёна знаходзіцца царква вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы. Пры ёй дзейнічае нядзельная школа для ўсёй сям’і. Выхаванцы прыехалі на фестываль з вершамі пра сваю святую заступніцу і напамінам, што выратуе свет дабрыня сэр-цаў.
ЛЮБІЦЬ сваю радзіму — значыць, ведаць яе мінулае, берагчы цяперашняе і маліцца за будучыню. Жамчужынай Беларусі назвалі свой горад госці з Браслава. Расказалі пра гісторыю мясцовых святынь, нагадалі, што вера ў Бога і любоў да сваіх каранёў — непадзельныя.
Падчас выступлення ўдзельнікаў з гарадскога пасёлка Варапаева гарэла свечка. Дзеці расказвалі гісторыю храмаў Пастаўскага краю, у песнях прасілі заступніцтва ў Багародзіцы. Падказалі, што шлях да шчасця трэба шукаць сэрцам, напоўненым верай. Пра святыні роднага горада распавядалі госці з Глыбокага.


 ВЕРА не ў словах, а ў справах. Гэтую думку выступоўцы з Шаркаўшчыны раскрылі ў тэатралізаваным прадстаўленні. У ролях — шыкоўная ружа, ганарлівы васілёк і непрыкметная на іх фоне кветачка. Толькі яна напаіла слабага матылька нектарам. Ружа і васілёк страцілі прывабнасць, а кветачка ператварылася ў спелую суніцу.


 Да тэатралізацыі звярнуліся міярчане. У іх такая гісторыя. Стары кароль разважае, каму з сыноў аддаць трон. Загадвае пайсці ў свет і знайсці самую патрэбную людзям рэч. Старэйшы прынёс хлеб, сярэдні — зямлю, а ў руках малодшага — лампадка, у якой гарыць святло веры.


Вершамі пра родную зямлю і ўпэўненасцю ў тым, што Бог прысутнічае паўсюль, завяршылі фестывальную праграму язненцы.Не прыдумалі слоў, якімі б можна было дакладна перадаць шчырасць, узнёсласць, цеплыню. “Язненскі благавест” трэба бачыць і чуць.


 Пакуль на сцэне гучалі вершы і песні, змяняліся дзействы, у фае гульнёвую праграму ладзілі вучаніцы Язненскай школы Таня Лось, Насця Басянок, Таня Лушчык і Фаціма Ібрагімава. Прапаноўвалі адказаць на пытанні віктарыны па гісторыі фестывалю, сабраць пазлы святынь. За дасведчанасць і спрыт — салодкія прызы.

 Дабрыня і радасць поруч

Госць сёлетняга фестывалю — Славамір Даргель. Сучасны беларускі пісьменнік, ураджэнец Міёршчыны.
— Дом культуры — месца свецкае, але здаецца, што зараз тут Бог. Духоўнасць, вера, прыгажосць і дабрыня напаўняюць гэты фестываль. На свяце не хапае рэспубліканскага тэлебачання. Яго трэба паказваць на ўсю краіну, — падзяліўся ўражаннямі.


Пісьменнік упэўнены, што талентам Бог надзяліў кожнага. Нямала вершаў і апавяданняў у яго напісана на тэму малой радзімы і веры. Некаторыя прагучалі са сцэны. Усе ўдзельнікі фестывалю разам з дыпломамі і граматамі атрымалі ў падарунак кнігі і сувеніры ад Славаміра Даргеля. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.


Вярнуцца назад