Галоўная > Рэлігія > Вялікі пост пачынаецца з Папяльцовай серады

Вялікі пост пачынаецца з Папяльцовай серады


13-02-2018, 16:12. размясціў: gazeta

 14 лютага ў католікаў пачынаецца Вялікі пост, які працягнецца да Вялікадня. У Папяльцовую сераду ў адпаведнасці са старажытным звычаем вернікам галовы пасыпаюць асвечаным попелам, што сімвалізуе смутак і пакаянне. Гісторыкі сведчаць, што з Х стагоддзя галаву попелам сталі пасыпаць усе вернікі, каб пазначыць так сваё ўступленне на шлях навяртання.

Ва ўсім свеце ў сераду пройдуць такія набажэнствы, і Міёрская святыня не выключэнне. Службы адбудуцца ў 8, 12 і 18 гадзін.

У час Вялікага посту вернікі ўстрымлівацца ад мяснога не толькі па пятніцах, але могуць дадаць сабе яшчэ які-небудзь дзень на тыдні. Трэба на гэты час адмовіцца ад пышных і гучных гулянняў, слухання музыкі. У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу вернікі павінны захоўваць строгі пост — у гэтыя дні нельга есці мяса, а ўвогуле можна паесці ўволю толькі адзін раз за дзень. У выпадку, калі хто не можа выконваць неабходныя загады з-за хваробы ці па ўзросце, дазваляецца правесці дні пакаяння інакш. Пры ўсёй важнасці цялеснага ўстрымання, яшчэ больш важнымі з'яўляюцца справы міласэрнасці і малітва. 

У праваслаўных вернікаў Вялікі пост пачнецца ў панядзелак 19 лютага.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

Фота для ілюстрацыі.


Вярнуцца назад