Перыяд ад Нараджэння Хрыстова да вялікага асвячэння вады называецца святкамі. Менавіта ў гэты час, 15 студзеня, выхаванцы праваслаўнай нядзельнай школы з прыходу храма Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ва Улахерне паказалі тэатралізаванае прадстаўленне. Сярод герояў—усходнія мудрацы, анёлы, зорачкі, свечкі, елачка, вожык, вавёрка, зайчаня, лісіца, мядзведзік і іншыя. Словам, многія дзеці праявілі сябе ва ўпадабаных ролях.
Цёплая, утульная зала праваслаўнай нядзельнай школы ў гэты дзень поўнілася бацькамі, роднымі і блізкімі выхаванцаў. Традыцыйна і не лішне сказаць, што цеплыня валодала не толькі памяшканнем, але і атмасферай мерапрыемства. Дзеці пастараліся над дэкарацыяй пячоры. На ёй сінія нябёсы, камяні, вогнішча. Зверху вялікая Зорка, якая запальваецца ў момант Народзін Хрыста. У драўлянай калысцы на саломе лялька, якая імітуе вобраз нованароджанага.
У першай сцэне з'явіліся Марыя і яе муж Іосіф, якія доўга крочылі па палесцінскай дарозе. Стомленыя, прыйшлі на зоркі Віфлеема і пастукаліся на прыстанак у заезны двор. На жаль, гасцініца перапоўнена, і гаспадар прапаноўвае начлег толькі ў пячоры, на што героі пагаджаюцца. Там адбываецца цуд—нараджаецца Госпад. Першымі да яго з дарамі прыходзяць пастухі, якія пачулі вестку ад анёла, што ў святым Віфлееме з'явіўся на свет Сын Божы Ісус Хрыстос. Тым часам на сцэне карагодзяць зорачкі. Мудрацы ўказваюць на самую вялікую з іх над пячорай і хутчэй спяшаюцца ў слаўны горад Віфлеем з золатам, ладанам і смірнай.
Сярод герояў-выступоўцаў, як зразумела, актыўныя вучні нядзельнай школы. Яны ж паказалі пастаноўку рускай народнай казкі "Калядны Дзед". У аснове сюжэту дзве сястрыцы—працавітая Машанька і лянотная Марфуша, якая пагадзілася пайсці ў калодзеж за вадой толькі з абяцанкамі ласункаў. Але звалілася туды, а сястра скокнула да яе на паратунак. Абедзве апынуліся ў незвычайным царстве ў Каляднага Дзеда—Мікалая Цудатворца, які захацеў ім зрабіць святочныя падарункі паводле заслуг. Для гэтага дзяўчаты з вёдрамі пусціліся ў дарогу. Спаткалі мудрацоў, якія папрасілі напіцца. Марфа не захацела падымаць цяжкое вядро, Машанька адразу паспрыяла. Але ж ведаем, бліжняму не дапамагчы—камень сабе ў душу пакласці. Зорка Віфлеемская ўказвае гераіням шлях да мясцін, дзе нарадзіўся Збаўца. Толькі што падарыць Яму? Анёл падказвае зазірнуць у вядзерцы. Маша за свае добрыя справы дастае каштоўныя камяні, а Марфуша—звычайныя. Заплакала грэшніца, і Мікалай Цудатворац прапаноўвае ўсім пакласці ёй у вядзерца па каштоўнасці, каб назапасіць дабрыню. Так грэшніца выпраўляецца, а Зорка тым часам па-ранейшаму вядзе шлях да Збаўцы.
У наступнай пастаноўцы ў цэнтры ўвагі дзяўчынка Каця, якая вырашыла пасціцца і такім чынам наблізіцца да праведнага жыцця. Устрымацца ўдалося, але агарнула самота. Святар жа даў параду спачатку задавальняцца добрымі справамі і ласкавымі словамі, а потым катэгарычна абмяжоўвацца ў ежы. На другую прыступку не заскочыш, не ступіўшы на першую. Такім чынам дзяўчынка аказалася з Богам.
Благачынны Міёрскай акругі протаіерэй Віктар Вабішчэвіч павіншаваў прысутных са святамі, падзякаваў выкладчыкам за падрыхтоўку, а дзеткам уручыў навагоднія падарункі.
Самымі актыўнымі ў нядзельнай школе пастаянна праяўляюць сябе Андрэй Барчук, Артур Гусейнаў, Павел Шаўчонак, Кацярына Кавальская, Юлія Вабішчэвіч, Анастасія Северына, Анастасія і Кацярына Радзішэвіч… Традыцыйным стала наведванне нядзельнай школы ў сям'і Зінкевіч. Цяпер тут займаюцца стрыечныя і родныя паміж сабой Ігар і Ксенія, Алеся і Паліна. Наогул, у школе 50 выхаванцаў, заняткі па нядзелях. Спрактыкаваныя выкладчыкі Таццяна Сарока і Таццяна Пацеенак—настаўнікі і па прафесіі. Вучаць падапечных Закону Божаму, царкоўна-славянскай мове, гісторыі царквы, маральнасці, асновам харавых спеваў. У працэсе актыўна выкарыстоўваецца мультымедыйная сфера. Галоўнае, што спасцігаюць тут вучні,—чалавечнасць і этыкет, і канечне ж, праваслаўныя каноны.
Алена БАСІКІРСКАЯ.
Фота аўтара.