100 лет со дня пребывания в Дисне архиепископа Тихона, Патриарха Московского и всея России

100 лет со дня пребывания в Дисне архиепископа Тихона, Патриарха Московского и всея РоссииСёлета спаўняецца 100 гадоў, як з 18 красавіка (1 мая па новым стылі) да 27 кастрычніка (9 лістапада) 1916-га знаходзіўся ў Дзісне архіепіскап Віленскі і Літоўскі Ціхан, будучы Патрыярх Маскоўскі і ўсея Расіі.
 
Архіепіскап Ціхан (Васіль Іванавіч Беллавін) нарадзіўся 19 (31) сту-дзеня 1865 года ў сяле Клін Тарапецкага павета Пскоўскай губерні ў сям'і святара. У 1884-ым закончыў Пскоўскую духоўную семінарыю, а праз два гады і Духоўную  акадэмію ў Санкт-Пецярбургу. Вярнуўся выкладчыкам у Пскоўскую семінарыю, дзе ў 1891-ым у Свята-Траецкім саборы Пскоўскага крамля прыняў манаскі пастрыг з імем Ціхан у гонар свяціцеля Ціхана Задонскага. Праз год прызначаны ў горад Холм інспектарам духоўнай семінарыі Холмска-Варшаўскай епархіі. А ўжо праз тры месяцы стаў рэктарам гэтай вучэльні.

У 1897-ым, у 32 гады, адбылася хіратанія архімандрыта Ціхана і прызначэнне яго епіскапам Люблін-скім, вікарыем Холмска-Варшаўскай епархіі. Ён стаў самым маладым па ўзросце епіскапам Рускай Праваслаўнай царквы і дастаткова хутка і ўпэўнена працягваў рухацца па духоўнай службовай лесвіцы.

У 1898-ым яго накіравалі ў Амерыку епіскапам Алеуцкім і Аляскінскім, дзе праявіў сябе энергічным місіянерам і асветнікам, таму ў 1905-ым уведзены ў сан архіепіскапа. У 1907-ым прызначаны архіепіскапам Яраслаўскім і Растоўскім. Да гэтага часу ён ужо заслужана прылічваўся да лепшых прапаведнікаў краіны.

У пачатку 20-га стагоддзя кіраваць Літоўскай праваслаўнай епархіяй павінны былі не толькі вопытныя, тактычныя, але і моцныя духам архіпастары. Патрабавалася ахоўваць праваслаўных ад  нападаў ваяўнічых іншаверцаў. Вось на гэта і накіраваў Сінод Рускай Праваслаўнай царквы архіепіскапа Ціхана, які меў вялікі вопыт служэння ў замежным асяроддзі, у 1914 годзе з прызначэннем яго  на Літоўскую кафедру.
За тры з палавінай гады знахо-джання ўладыкі Ціхана на Літоўскай кафедры адбыліся падзеі, якія рэзка памянялі твар Расійскай імперыі: Першая сусветная вайна, Лютаўская рэвалюцыя, адрачэнне цара ад прастола. Ва ўмовах блізкага фронту ён клапаціўся пра праваслаўныя прыходы, натхняў рускіх воінаў на ратныя подзвігі.

Летам 1915-га, калі стала відавочным, што Вільня не выстаіць перад германскімі войскамі, на архі-епіскапа Ціхана лёг абавязак забяспечыць тэрміновую эвакуацыю царкоўнай маёмасці і духоўных устаноў у глыбінныя рэгіёны Расіі. Разам з губернскай адміністрацыяй давялося перанесці і рэзідэнцыю правячага архіерэя ў горад Дзісну, якому трэба было на пэўны час стаць цэнтрам Віленскай губерні і кафедральным цэнтрам Літоўскай праваслаўнай епархіі. У гэтыя лёсавызначальныя дні праявіліся лепшыя якасці ўладыкі Ціхана: высокі рэлігійны дух, асабістая мужнасць, любоў да бліжніх. Як вопытнага і мудрага архіерэя яго часта выклікалі ў Сінод, дзе вырашаліся важныя справы царкоўнага кіравання.

Уладыку Ціхана чакалі ў беларускай Дзісне. І вось 18 красавіка 1916 года загадзя падрыхтаваная для яго "кватэра архіепіскапа" прыняла свайго гаспадара. А ўжо на наступны дзень уладыка Ціхан адправіўся ў паездку па прыходах. У Друі ён наведаў ваенны лазарэт. У кожнай лякарні гутарыў з хворымі і параненымі, настаўляў і суцяшаў, даваў бласлаўленне. Потым была служба ў друйскім Благавешчанскім храме, на наступны дзень—у Лявонпальскай і Узмёнскай цэрквах. У дзісенскай Уваскрэсенскай, вялікай і добраўпарадкаванай, якая на час стала кафедральным саборам, адбылася сустрэча з вернікамі з папярэднім уведамленнем, а таму асабліва ўрачыстая, як і першая даваенная.
22 красавіка ўладыка Ціхан наведаў бліжэйшыя да Дзісны цэрквы ў сёлах Галомысла і Цвеціна. 23.04, у дзень святога вялікамучаніка Георгія Перамоганосцы, пасля літургіі ў дзісенскім Уваскрэсенскім храме архіерэй правёў на царкоўнай плошчы малебен па асаблівым чыне з асвячэннем воінскага сцяга казацкага дывізіёна, які стаяў непадалёку ад горада, а вечарам таго ж дня яго чакалі ў Лужках.

28 ліпеня (10 жніўня) у дзень святкавання Смаленскага абраза Божай Маці Адзігітрыі дзісенскі Уваскрэсенскі храм запоўнілі не толькі вернікі-гараджане, але і паломнікі з многіх аддаленых вёсак. На ўрачыстасць прыбыў епіскап Дзвінскі Панцеляймон (Ражноўскі). Літургію ўзначальвалі абодва пастыры ў саслужэнні васьмі святароў. Пасля пад спевы малебна Прасвятой Багародзіцы хрэсны ход рушыў з Уваскрэсенскага храма праз увесь горад да капліцы на набярэжнай Дзвіны. На ўсім яго шляху, схіліўшы галовы, стаяла суцэльная стужка багамольцаў—па два ў рад—у чаканні, што над імі пранясуць святы абраз. Па ўрачыстым выпадку прывялі ў парадак самую вялікую плошчу горада—рынкавую, дзе змаглі змясціцца ўсе ўдзельнікі шэсця, тут чыталі акафіст Божай Маці.

За час знаходжання ў Дзісне ўладыка Ціхан прымаў удзел у прыходскім жыцці не толькі Дзісенскага, але і іншых паветаў епархіі, праводзіў богаслужэнні, павучаў і адабраў багамольцаў. Ён нястомна выязджаў на перадавыя пазіцыі рускіх войск, дзе пад адкрытым небам абсталёўваліся часовыя храмы, праводзіліся малебны ў некалькіх сотнях метраў ад непрыяцельскіх пазіцый.

13 (26) жніўня, у дзень памяці свяціцеля Ціхана Задонскага, уладыка Ціхан у дзісенскай Уваскрэсенскай царкве малітоўна святкаваў дзень свайго Анёла. З Масквы, дзе часова знаходзілася Літоўская духоўная кансісторыя, у Дзісну спецыяльна прыехаў яго бліжэйшы паплечнік, намеснік Віленскага Свята-Духава манастыра архімандрыт Анемподыст (Аляксееў). На літургіі разам з мясцовым духавенствам ён саслужыў Высокапраасвяшчэннаму імянінніку. Калі ўладыка Ціхан выходзіў з алтара на малебен, яго сустрэлі прадстаўнікі дзісенскага Уваскрэсенскага брацтва і зачыталі прывітальнае пасланне: "Нынешний день, радостный для Вас, как именинника, радостный и для семьи, среди которой Вы живёте. В Вашем лице явился нам истинный начальник в наших нуждах и скорбях". У знак любові і падзякі да свайго архіпастара брацтва рашыла ўвекавечыць памяць аб жыцці ў іх горадзе архіепіскапа Віленскага і Літоўскага Ціхана—устанавіць ва Уваскрэсенскай царкве абраз яго нябеснага абаронцы і малітвенніка свяціцеля Ціхана Задонскага за правым клірасам, у кіоце, з адпаведным надпісам.

29 жніўня (11 верасня) архіепіскап Ціхан узначаліў літургію ў Стара-Шаркаўшчынскай Успенскай царкве. Яму саслужыў мясцовы святар Канстанцін Жданаў, у асобе якога ўладыка адчуў добрую душу і надзейнага паплечніка. У тым жа годзе іерэй Канстанцін быў зацверджаны загадчыкам эвакуіраванай у мястэчка ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі Беразвецкай жаночай другакласнай настаўніцкай школы. Аб тым, як бесчалавечна расправіліся багаборцы з гэтым святаром, Ціхану стала вядома пазней, калі ў Маскве ён ужо быў патрыярхам.
Да гэтага часу захавалася перапіска архіепіскапа Ціхана. Так, у пісьме віленскаму знаёмаму А.У. Жыркевічу ён лаканічна паведамляў: "Ваше превосходительство. Многоуважаемый Александр Владимирович. Благодарю за письмо, на которое отвечаю Вам из нашей Дисны. Сюда возвратился я на временное жительство. Тут же находится Губернатор, вице-губернатор с канцелярией и часть Губернского Правления… Ваш покорный слуга—архиепископ Тихон. 25 июля 1916 года, г. Дисна".

Кастрычнік 1916 года стаў для архіепіскапа Ціхана апош-нім месяцам знаходжання ў Дзісне. Ён быў ганаровым старшынёй па ўзвядзенні на гарадскіх могілках царквы ў гонар святога вялікамучаніка і Перамоганосца Георгія. 26.09 асвяціў царкву і ўзнагародзіў камілаўкай адказнага за будаўніцтва мясцовага святара Міхаіла Кушнева.

27 кастрычніка (9 лістапада) уладыка Ціхан паехаў у Петраград для ўдзелу ў пасяджэннях сесіі Сінода. 21 чэрвеня (4 ліпеня) 1917-га ён абраны архіепіскапам Маскоўскім і Каломенскім, а 13 жніўня ўведзены ў сан мітрапаліта. Часова ўпраўляючым Літоўскай епархіяй у Дзісну прызначаны епіскап Еляўферый (Богаяўленскі).

5 (18) лістапада 1917 года мітрапаліт Ціхан выбраны Патрыярхам Маскоўскім і ўсея Расіі. Сярод тых, хто прынёс яму шчырыя віншаванні з гэтай нагоды, былі і прыхаджане дзісенскай Уваскрэсенскай царквы. У адказ прыйшла Грамата з уласным подпісам Патрыярха ад 2 сакавіка 1918-га: "Духовенству, Братству и прихожанам Дисненской Воскресенской церкви. С благодарением приемлем Ваши приветствия и блогожелания со вступлением Мерности Нашей на престол Патриарха Московского и всея России. В дни церковного строительства и "огненного" испытания веры в бедах лихолетья Родины нашей призваны Мы Промыслом Божиим к кормилу церковному; но веруем, что Небесный Кормчий не попустит Нам быть искушаемыми сверх сил, а чада наши духовные не оставят Нас без усердной молитвы своей к Господу Богу о даровании Нам "духа премудрости и разума, духа совета и крепости, духа ведения и благочестия", дабы сила Его совершилась в немощи Нашей к вящей славе Церкви и благу Родной Земли. Обратим же, возлюбленные, ум и сердце наше ко Господу с пламенной Молитвой да ниспошлёт Он мир и скорое благоустроение Стране нашей, а нас сподобит "тихого и безмятежного жития во всяком благочестии и чистоте". Да будет на Вас благославение Божие. Тихон, Патриарх Московский и всея России".
Грамата захоўваецца ў царкве да гэтага часу.

Патрыярх Ціхан адкрыта пратэставаў супраць умяшання новых грамадзянскіх улад ва ўнутранае жыццё і вераванні царквы, за што падвяргаўся праследаванням і заключэнням пад варту. Але ён змог захаваць асноўныя структуры Рускай Праваслаўнай царквы.
Патрыярх Ціхан памёр 7 красавіка 1925 года. Моц і абаянне гэтай асобы, стойкага спавядальніка веры, такія вялікія, што яна зноў і зноў прыцягвае да сябе тых, хто любіць Царкву. 9 кастрычніка 1989-га Архіерэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай царквы прылічыў яго ла ліку святых.

Дзісенская Уваскрэсенская царква захоўвае духоўную і матэрыяльную спадчыну свяціцеля Ціхана. На аналоі пастаянна знаходзіцца яго абраз з часцінкай мошчаў побач з абразом і ракай з машчамі яго паплечніка, святамучаніка Канстанціна Жданава, прасвітара Шаркаўшчынскага, якога кананізавалі 4 чэрвеня 2011 года.

Пётр БАГОВІЧ, 
краязнаўца. Дзісна.   


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.