С почетом к Богу прошли в процессии по Миорам

С почетом к Богу прошли в процессии по МиорамЗ ушанаваннем Божага Цела і Крыві Хрыстовых 29 мая па вуліцах райцэнтра прайшлі вернікі каталіцкай парафіі. Напярэдадні ў касцёле адзначалася аднайменнае свята, прысвечанае Эўхарыстыі (Святой Камуніі)—сакрамэнту, пры ім спажываюць хлеб, які сімвалізуе Цела, і віно—Кроў Езуса Хрыста. Сакрамэнт паяднання—святы дар, пакінуты Хрыстом падчас апошняй вячэры. Камунія сімвалізуе ўдзел хрысціян у ахвяры Хрыста.
 
Свята адзначаецца на адзінаццаты дзень пасля Пяці-дзясятніцы. Часам яго яшчэ называюць Корпус Крысці (лац. Corpus Christi—Цела Хрыстова). Працэсія па горадзе звычайна пераносіцца на выхадны дзень, каб паўдзельнічаць у ёй змаглі і сельскія вернікі. 
З гістарычных крыніц вядома, што свята пачало адзначацца ў XIII стагоддзі і спачатку на мясцовым узроўні: у 1251 годзе Апостальская сталіца пацвердзіла яго для Льежскай епархіі ў Бельгіі, а ўжо ў 1264-ым папа Урбан IV зрабіў яго абавязковым для ўсяго касцёла. Удзел у працэсіі разглядаецца як акт публічнага вызнання каталіцкай веры.

С почетом к Богу прошли в процессии по МиорамВяртаемся ў сучаснасць. У нядзелю апоўдні распачалася святая імша, напрыканцы якой працэсія рушыла са святыні. Узначальвалі шэсце ксёндз-пробашч парафіі Крыштаф Міянкіна і ксёндз-вікарый Генадзь Добрук. Яны па чарзе неслі дараносіцу—Найсвяцейшы Сакрамэнт, ці Цела і Кроў Хрыстовы. На шляху старэйшае пакаленне, дарослыя і моладзь абсталявалі чатыры прыгожыя алтары. Каля кожнага спыняліся, святар чытаў урывак з Бібліі, разважаў над Божым словам, суадносячы мудрыя словы з рэчаіснасцю, бласлаўляў Сакрамэнтам. Усе разам малілся: "Ад пажару, голаду, вайны і хваробы—барані нас, Божа…"  

У адной з прамоў ксёндз Крыштаф падкрэсліў, што чалавеку вельмі важна прыходзіць да Бога тады, калі Ён запрашае, не адцягваць сустрэч, тады наш крок адгукнецца любоўю і збаўленнем. Вікарый Генадзь шэсце назваў незвычайнай вандроўкай, "бо сам Хрыстос побач з вернікамі, Ён прысутны, корміць нас сваім целам, поіць крывёю, бласлаўляе наш горад і кожнага чалавека ў працэсіі. Хрыстос памёр за ўсіх, аддаём яму за гэта пашану і дзякуем за ўсе дабрадзействы".
 
Асабліва ўрачыстае свята для дзяцей, якія нядаўна прынялі Першую Камунію. Цяпер з чыстым сэрцам яны могуць прымаць Эўхарыстыю. 
У Святым Пісанні пазначана: "Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё Цела і п'е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень... Хто спажывае Маё Цела і п'е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім. Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву прaз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне" (Ян 6, 53-57). Гэты ўрывак запэўнівае ў важнасці спажывання Хрыстовага Цела. 

Падрыхтавала Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.