Фестиваль рождественской песни "Звезда Вифлеемская" прошёл в Миорах

Фестиваль рождественской песни "Звезда Вифлеемская" прошёл в МиорахПершы фестываль каляднай песні "Зорка Бэтлеемская" прайшоў у Міёрскай парафіі па ініцыятыве мясцовага ксяндза Крыштафа Міянкіны. Сёлета ў 15-ы раз завіталі ў наш край калектывы з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі, каб на сцэне ўслаўляць нараджэнне Езуса Хрыста, пацвердзіць сваю веру і яшчэ раз нагадаць пра важнасць падзеі, якая адбылася больш за дзве тысячы гадоў таму ў Віфлееме.

Фестываль традыцыйна распачаўся з ранішняй Святой Імшы, у якой прыняў удзел і калектыў парафіян з Браслаўшчыны. Іншыя творчыя гурты прыехалі пазней і адразу накіраваліся ў раённы Дом культуры. 

Фестиваль рождественской песни "Звезда Вифлеемская" прошёл в МиорахПасля рэгістрацыі і жараб'ёўкі ксёндз пробашч Кшыштаф Міянкіна запрасіў прысутных да супольнай малітвы "Ойча наш",  блаславіў, пажадаў канкурсантам удалых выступленняў і творчых перамог. Вядучыя мерапрыемства Ірына Качан і Аляксандр Сінкевіч правялі "танцавальную размінку" на сцэне з членамі журы, у склад якога ўвайшлі дактарант Люблінскага ўніверсітэта Дзмітрый Гарэлаў, ксёндз Аляксандр Чайкоўскі і спадарыня Аксана Машкоўская з Наваполацка, ксёндз пробашч з Дунілавіцкай парафіі Павел Самсонаў. У ліку шаноўных гасцей—вікарый генеральны , ксёндз пралат Францішак Кісель.  
 
Першымі выступілі прадстаўнікі Пастаўскай парафіі. Юлія Ожэль дэманстравала свае здольнасці і як вядучая, і як салістка. Вакальным спевам парадавалі Ларыса Скрыпко і Лера Бучаль. На польскай мове спявала трыа—Алеся Байко, Вераніка Касарэўская і Улада Шаклюцкая. Выступала і вакальная група. Музычны кіраўнік калектыву—Вольга Касарэўская.

Фестиваль рождественской песни "Звезда Вифлеемская" прошёл в МиорахЗ ксяндзом Кшыштафам Сілкоўскім прыехалі на фестываль дзеці з Шаркаўшчынскай парафіі, якія выканалі песні "Затрымайся на хвілінку" і "Нарадзіўся, спявайце..."  У складзе вакальна-інструментальнага ансамбля выступалі Станіслаў Руткоўскі (скрыпач), Кацярына Скавырка (гітарыстка), Алеся Федуковіч (цымбалістка) і песняры—Марыя Стральчонак, Святлана Клімза, Дар'я Маляўка, Віталь Гірстун. Аўтар песняў—кіраўнік парафіяльнага гурта Святлана Гірстун. Трэба падкрэсліць, што шаркаўшчане ў ліку даўніх сяброў "Зоркі Бэтлеемскай".
Фестиваль рождественской песни "Звезда Вифлеемская" прошёл в МиорахВернікі з Браслава далі магчымасць адчуць усю веліч Божага нараджэння, якому ўласціва і пяшчота, і ўзнёсласць, і трыўмфальнасць. Трыа "Зорачкі"—Эліна Пілат, Крысціна Нужына і Яна Піртань—праспявалі задушэўныя песні пра Ражаство. У рэпертуары моладзевага вакальна-інструментальнага ансамбля "Крылы анёлаў" з гэтай жа парафіі прагучалі песні "Белы снег", "Радасная вестка", "Цуд на каляды", "Пастушкі спалі пры ляску", гледачы суправаджалі выступленне дружным пляскам у далоні. Саліраваў Уладзіслаў Мацеш, яму акампанавалі Яўген Кажаронак, Аляксей Дзіковіч і Антон Піртань—на гітарах, Міхаіл Храпан—на барабанах, Ян Бука—на клавішным інструменце. Пакуль калектыў выступаў, за іх у зале хваляваліся арганістка Іна Сапун і ксёндз  Станіслаў Мжыглуд.

Фестиваль рождественской песни "Звезда Вифлеемская" прошёл в МиорахПрыехалі ў Міёры і канкурсанты з Віцебска. Харэограф Іна Зыгмант і сястра законная Серафіма Рожык заўважылі, што для іх парафіі ўжо стала добрай традыцыяй наведваць гэты фестываль. Дарога няблізкая, дзеці стамляюцца, але ёсць пазітыў і ад удзелу, і ад падрыхтоўкі. У складзе гурта 11 хлопчыкаў і дзяўчынак, а самая малодшая—шасцігадовая Марыя Зыгмант летась на "Зорцы Бэтлеемскай" была адзначана як самы юны ўдзельнік фестывалю. У выкананні прадстаўнікоў каталіцкай суполкі з абласнога цэнтра сёлета прагучалі старадаўняя беларуская песня і сучасная , а завяршыў выступленне акапэльны спеў на лацінскай мове.

Ад Варапаеўскай парафіі Аліна Казаронак спявала пад гітару "Збаўца свету", "Пастушкі" і "Гэй, да каляда". Яна даўно грае на струнным інструменце і ўдзельнічае ў конкурсе не ўпершыню. Раней на фестываль прыязджала і яе старэйшая сястра Насця, якая адзначалася дыпломам за спеў у дуэце з Алёнай Грыбко. У папярэднія гады выступоўцаў было больш, а сёлета многія захварэлі. Аліна падзякавала моладзі, якая прыехала яе падтрымаць, і сястры законнай Марыянне Гродзь.

Фестиваль рождественской песни "Звезда Вифлеемская" прошёл в МиорахПрадстаўнічым быў гурт з Наваполацкага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Дзяцей, якія кожную нядзелю спяваюць падчас Святой Імшы, суправаджаў  ксёндз Аляксандр Чайкоўскі і сёстры законныя. Рыхтавацца ім дапамагала прадстаўнік моладзевай парафіяльнай суполкі Паліна Ткачэнка, якая прыгожа акампанавала выканаўцам на гітары. Узнёсла гучалі творы на беларускай і англійскай мовах. Прыгожа спявалі дуэтам Максім Машкоўскі і Насця Падоба.

Вернікі з Глыбоцкай парафіі прыбылі на чале з сястрой законнай Таццянай Данч. У іх выкананні гучалі песні "На каляды", "Бог нарадзіўся ў Бэтлееме" і на польскай мове "Гэй, каляда".
Дружнымі апладысментамі сустракалі міярчане выступоўцаў з Дзеркаўшчынскай парафіі, якія парадавалі сольным і вакальным спевамі, нумарам у выкананні вакальна-інструментальнага гурта і інсцэніровачнымі элементамі.

Своеасаблівай праграмай уразілі дзеці з аддаленай Дубровенскай парафіі. Яны прадэманстравалі абрад калядавання, падчас якога бэтлеемская зорка на пэўны час "зышла" на сцэну. Народныя песні  чаргаваліся з танцамі. Адметным упрыгожаннем выступлення гурта сталі сцэнічныя касцюмы. Ксёндз касцёла Маці Божай Фацімскай Уладзімір Шымковіч адзначыў, што вернікі з Дуброўна ўпершыню прыехалі на фестываль, а таму ім ёсць чаму павучыцца ў іншых. Раней святар пэўны час працаваў на Міёршчыне ў Ідолтаўскай парафіі, а таму прыемна было зноў прыехаць сюды. Ён падзякаваў дзецям і мастацкім кіраўнікам за падрыхтаваную праграму і жаданне ўдзельнічаць у конкурсе. Удзячны за паштоўку, якую калектыў атрымаў за дэбютнае выступленне ад ксяндза біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча.  Дарэчы, такі ж прыемны падарунак дастаўся дзесяцігадовай Вікторыі Кашкур, якая прадстаўляла Асвейскую парафію, дзе ксёндз—Андрэй Сідаровіч. Дапамагала юнай салістцы ў падрыхтоўцы трох песняў Ірына Гусарэвіч. 

Фестиваль рождественской песни "Звезда Вифлеемская" прошёл в МиорахПрацяглымі апладысментамі і воклічамі "брава" дзякавалі гледачы выступоўцам Міёрскай парафіі, якія, як і заўсёды, падрыхтавалі рознажанравую праграму і паказалі вельмі высокі ўзровень выступлення. Упершыню прагучала аўтарская калядная песня ў стылі "рэп", якую выканаў Эдуард Ражанскі. Акампанавалі яму на гітарах Арцём Маляўка і Павел Голуб. Вікторыя Даргель грала на гітары і спявала. Аўтар песні  "Спі, мой міленькі сыночак"—яе дзядуля Браніслаў Мароз.  У складзе вакальна-інструментальнага  ансамбля "Алегрыя" спявалі Насця Пазняк, Юля Гедравец, Віка Даргель, Юля Рубанік. На гітары граў Саша Маскалёў, на барабане—Маша Вішнеўская, на скрыпцы—Яна Лаўрыновіч. Фальклорны гурт—Паліна Валеўка, Даша Малецкая, Паліна Рэўт, Паша Голуб. Ягор Абалевіч праспяваў "Свецяць зорачкі".  Спеў суправаджаўся ігрой на дудках і іншых народных інструментах, а саліраваў—баян, кнопкі якога былі добра падуладнымі Паўлу Голубу.

Фестиваль рождественской песни "Звезда Вифлеемская" прошёл в МиорахПакуль журы падводзіла вынікі конкурсу, моладзь Міёрскай парафіі дэманстравала на сцэне майстэрства танцаў. У складзе артыстаў, якія выконвалі аргентынскае танга, быў і ксёндз вікарый Юрый Жаўняровіч. Выдатна справіўся ён і з роляй Святога Мікалая ў невялікай інсцэніроўцы, якая завяршылася раздачай дзецям цукерак. "Запальвала" мясцовая моладзь і падчас забаўляльнай праграмы ў фае, у якой ўдзельнічалі ўсе жадаючыя.

Фестиваль рождественской песни "Звезда Вифлеемская" прошёл в МиорахЗавяршыўшы неадкладныя справы, завітаў на свята біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён павіншаў усіх са святам Божага нараджэння і Новым годам і  пашкадаваў, што не змог пабачыць творчых выступленняў парафіяльных гуртоў, але па атмасферы, што панавала ў РДК, зразумеў, што свята ўдалося!

Па выніках конкурсу ўручаны ўзнагароды і падарункі. Сярод вакальна-інструментальных ансамбляў лепшымі прызнаны гурты з Міёр (першае месца), Браслава і Дзеркаўшчыны (другое), Глыбокага (трэцяе).

Лепшыя фальклорныя калектывы—з Міёр (першае месца), Дуброўна (другое) і Дзеркаўшчыны (трэцяе).
У пераможцах вакальныя гурты з Браслава (трыа "Зорачкі"), Наваполацка і Пастаў, якія адпаведна занялі першае, другое і трэцяе месцы.
За сольны спеў у дзіцячай узроставай групе дыпломам першай ступені ўзнагароджана  Юлія Ожэль з Пастаў. На другім месцы—Ларыса Скрыпка з Пастаў і Ангеліна Разаева з Віцебска, на трэцім—Лера Бучаль з Пастаў і Вікторыя Кашкур з Асвеі.
У старэйшай узроставай групе лепшымі салістамі вылучаны Вікторыя Даргель з Міёр (першае месца), Таццяна Ікановіч з Дзеркаўшчыны і Аліна Казаровец з Варапаева.
Фестиваль рождественской песни "Звезда Вифлеемская" прошёл в МиорахЛепшая аўтарская песня—у Эдуарда Ражанскага з Міёрскай парафіі.
Адзначаны таксама калектывы Віцебскай і Шаркаўшчынскай парафій.

Ксёндз пробашч Кшыштаф Міянкіна падзякаваў усім святарам і сёстрам законным, якія прыехалі на свята, выказаў цёплыя словы ў адрас тых, хто аказаў спонсарскую дапамогу, якую выкарысталі на набыццё прызоў. Блаславіў усіх на дарогу ксёндз біскуп Алег Буткевіч, які падкрэсліў, што ўдзел у фестывалі "Зорка Бэтлеемская"—гэта праслаўленне Бога, сведчанне хрысціянскай веры, еднасці  і любові.
 
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.


 


 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.