1 лістапада каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх святых, калі веруючыя дзякуюць Богу і аддаюць пашану ўсім святым і тым, чые імёны невядомыя, але дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у небе. Ва ўсіх храмах пройдуць набажэнствы. Літургія ў гэты дзень мае радасны характар.
2 лістапада — Успамін усіх памерлых вернікаў.
Згодна з традыцыяй, у гэты дзень прынята наведваць могілкі родных, а калі яны размешчаны далёка і немагчыма даехаць, то пажадана пабываць на бліжэйшых і абавязкова памаліцца за памерлых. За тых, хто адышоў у вечнасць, у каталіцкіх храмах будуць маліцца на працягу ўсёй актавы Успаміну памерлых - з 1 да 8 лістапада. У гэты час Касцёл дае магчымасць атрымаць поўны адпуст (адпушчэнне кары за грахі), які можна ахвяраваць за душы памерлых. Для гэтага неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання - споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца і наведаць могілкі.
Каталіцкі Касцёл вызнае веру ў жыццё пасля смерці і тое, што дзякуючы нашаму супольнаму ўдзелу ў жыцці Хрыста мы складаем адно святое цэлае, а заслугі адных могуць прынесці дапамогу іншым. Усе каталікі перад святамі павінны належным чынам прыбраць месцы пахаванняў сваіх родных, блізкіх і недагледжаныя могілкі, недапушчальна прыносіць і спажываць тут ежу, спіртныя напоі ці класці іх на магілы. Годным успамінам стане запаленая на магіле свечка і кветкі, але найважней за ўсё- малітва за супакой душы.
Падчас актавы Успаміну памерлых на могілках праходзяць набажэнствы. У Міёрскай парафіі яны распачнуцца 31 кастрычніка — у 11.30 у Чамярах, у 12.00-у Вяце. А затым парадак наведвання месц пахаванняў наступным:
1 лістапада-у 15.00 святая Імша ў Перабродскім касцёле і наведванне могілак;
2 лістапада-у 8.00 Святая імша ў Міёрскім касцёле і працэсія на старыя могілкі, а ў 12.00-маленне на новых могілках;
6 лістапада-у 11.00 на могілках у Томках і Гаранах, у 12.00 у Войткаве, у 14.00 у Пад'ельцах;
7 лістапада-у 12.00 ў Марцінаўцах, у 13.00 у Пціцкіх, у 14.00 у Бліжнім Чурылаве;
14 лістапада-у 12.00 у Орцах.