У чатырнаццаты раз у суботу, 3 студзеня, у Міёры з'ехаліся дзеці і моладзь з розных куточкаў Віцебскай дыяцэзіі, нават з Магілёва, каб праслаўляць Божае нараджэнне на фестывалі "Зорка Бэтлеему". Прыбылі на конкурс каляднай песні ў гэтым годзе выступоўцы з Пастаў, Слабодкі, Друі, Шаркаўшчыны, Варапаева, Браслава, Наваполацка, Віцебска і Магілёва, а таксама сабраліся самі міярчане.
Пасля ранішняй службы ў касцёле вернікі накіраваліся ў РДК, куды з асаблівым хваляваннем рушылі і канкурсанты. Пачаўся фестываль малітвай. Пробашч парафіі Унебаўзяцця Насвяцейшай Панны Марыі і ініцыятар-арганізатар конкурсу ксёндз Крыштаф Міянкіна сардэчна вітаў гасцей і гледачоў. Шаноўным госцем на мерапрыемстве з'яўляўся ксёндз-біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён падкрэсліў, што той, хто прыехаў на конкурс, ужо атрымаў невялікую перамогу, і пажадаў усім удзельнікам прыемных пачуццяў ад сустрэчы, на якой маецца такая цудоўная магчымасць узаемнага праслаўлення Бога, а таксама шчырага натхнення і бласлаўлення.