К праздничному столу

К праздничному столу

Работнікі кандытарскага ўчастка ААТ "Міёрскі хлебазавод" плануюць да Вялікадня спячы каля пяці тысяч кулічоў. Сыдзе з канвеера і шмат іншых кандытарскіх вырабаў. Пра аб'ёмы перадсвяточнай вытворчасці і асартымент прадукцыі расказвае начальнік вытворча-тэхналагічнай лабараторыі прадпрыемства Валянціна Іванаўна Каляга.

 

 — Сёлета мы прапануем 4 найменні велікодных кексаў (кулічоў): "Воскресный", "Сузор'е" і "Сузор'е з пасыпкай", "Пасхальный". Усе яны з разынкамі (изюмом), якія ў нашай мясцовасці ўжо сталі традыцыйным начыненнем святочных велікодных пірагоў. "Воскресный" — загорнуты ў спецыяльную папяровую формачку, у якой выпякаецца і прадаецца). Упрыгожаны белай шакаладнай глазурай і дэкаратыўнымі пасыпкамі. Кексы "Сузор'е" таксама аздабляюцца пасыпкамі і цукровай памадкай або белым шакаладам. А "Пасхальный" адрозніваецца шакаладнай глазурай з какосам.

 

Гэтыя кулічы прапануюцца ва ўпакоўцы і без яе. Вага — па 400 і 220 грамаў.

 

 — Напэўна, радуеце не толькі святочнымі кексамі?

 

 — Несумненна! У продаж паступілі і іншыя віды прадукцыі: булачкі, бісквіты, рулеты, каўрыжкі і г. д. У асартыменце, напрыклад, ёсць ласункі з шакаладу і арэхаў, аформленыя ў выглядзе сэрцайкаў, кветачак, звяркоў — яны спадабаюцца дзецям. Прапануем заварныя пірожаныя "Нежанка", "З любоўю", "Эліта", а ўсяго іх 12 відаў. З іх самыя лёгкавагавыя — "Маладзёжнае" і "Гасцінец з арахісам" (па 30 грамаў), а адпаведна і самыя танныя. А найбольш важкае (па 70 г) — "Изысканное".

 

Вырабляем 10 відаў аўсянага пячэння і 4 — іншага, 21 від мучных ласункаў. А яшчэ ў гандаль паступяць рулеты, коржыкі, круасаны з начыненнем, прысмакі цукровыя — шчарбет "Праталінка", "Арэх у шакаладзе", "Вожык з шакаладнай глазурай", "Какосанка".

 

Што да тортаў, то ў гэтай справе нашы кандытары віртуозы. У адпаведнасці з прэйскурантам, яны прапануюць насельніцтву гэтай святочнай прадукцыі 23 віды, у тым ліку "Рафаэла"( па 1 і 0,5 кг), "Калінкавіцкі" (0,8 кг), "Казкі дзяцінства" (0,7 кг), "Карамельнае люстэрка" (па 500, 1000 і 1500 грамаў). Торты вырабляем на розны смак і з асаблівым афармленнем, выкарыстаннем адметных інгрэдыентаў — масляных крэмаў, суфле, дабавак. Адным падабаецца "Какосавы капрыз", "Казка", "Чарнаморачка", а другім — "Мядовы смак", "Вячэрняя венецыя, "Буронка". Любяць пакупнікі торт "Эўрыдыка" са свежымі фруктамі.

 

 — Дзе рэалізуеце прадукцыю?

 

 — Ва ўсіх харчовых магазінах спажыўкааперацыі раёна, у нашых фірменых крамах, на кірмашах. Аб'ёмы паставак прадукцыі вызначаюць прадаўцы. Адпаведна з заявамі вырабляем хлеб, батоны, кандытарскую прадукцыю.

 

Сёлета нашы велікодныя кексы пасмакуюць у Шаркаўшчыне, Паставах, Варапаеве, Шуміліне. Заказалі іх і некаторыя гандлёвыя ўстановы Мінска. Акрамя таго ў сталіцу мы распачалі і пастаўку хлеба.

 

 — Хто стараецца, каб кандытарскія вырабы былі смачнымі і прыгожымі?

 

 — Сваю мастацкую творчасць у афармленні тортаў праяўляюць Эма Францаўна Рачыцкая і Ніна Іванаўна Пятрова. Упрыгожваюць прадукцыю арыгінальнымі, апетытнымі кампазіцыйнымі малюнкамі з каляровых жэле, безэ, масляных крэмаў, фруктаў, ягад, арэхаў, памадак, шакаладу, пасыпак.

 

Наталля Міхайлаўна Заяц — майстар па прыгатаванні крэмаў. І не без гонару можна адзначыць, што яна лепшы спецыяліст па выпечцы бісквітаў, якія ў яе атрымліваюцца вельмі пышнымі і раўнамернымі — гэта талент, які ёсць не ва ўсіх.

 

А колькі старання прыкладвае падчас работы наш пекар-кандытар Наталля Аляксандраўна Шук! З усёй адказнасцю адносяцца да справы Галіна Людвігаўна Свідэрская, Марыя Казіміраўна Мельнікава, якія, дарэчы, цяпер шчыруюць над афармленнем велікодных кексаў. Кіруе работай кандытарскага ўчастка Валянціна Мікалаеўна Барысава. На гэтай рабоце яна ўжо 5 гадоў, а агульны вытворчы стаж бярэ адлік з 1984-га.

 

У перадсвяточныя дні ў работнікаў кандытарскага ўчастка заўсёды шмат работы. А сёлета перад Вялікаднем трэба намнога павялічыць аб'ёмы выпечкі, бо гэтую рэлігійную ўрачыстасць у 2014-ым адзначаюць разам праваслаўныя і католікі. Калектыў невялікі, але працалюбівы. А таму, няма сумнення, што з работай нашы жанчыны справяцца, хаця працуюць у асабліва напружаным рэжыме.

 

 — Дзякую за гутарку. Шчаслівага свята!

 


На здымку: кандытары ААТ "Міёрскі хлебазавод" Н. Шульга і Н. Заяц

за афармленнем велікодных кексаў.

 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.