Событие позитивное и неожиданное

Событие позитивное и неожиданное
Да нядаўняга часу каталіцкі Касцёл у нашай краіне меў чатырох біскупаў. І апошняе прызначэнне іх Ватыканам было ажно  ў канцы 1990-ых. Таму падзея, што адбылася сёлета 29 лістапада, мае асаблівае значэнне: Папа Рымскі Францішак вылучыў на такія высокія "пасады" ксяндзоў Алега Буткевіча, Юрыя Касабуцкага і Юзэфа Станеўскага. Адметна, што ўсе яны нарадзіліся ў Беларусі, закончылі Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне і ім крыху за 40.

 

Нагадаю, што сёлета ў лютым Папа Рымскі Бенедзікт  XVI  прыняў адстаўку біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна ў сувязі з яго цяжкай хваробай і неабходнасцю працяглага лячэння за мяжой. Апостальскім адміністратарам Віцебскай дыяцэзіі на пэўны перыяд стаў ксёндз-прэлат Францішак Кісель. Біскупам-ардынарыем цяпер прызначаны ксёндз Алег Буткевіч.

 

Алег Буткевіч амаль што наш зямляк — нарадзіўся ў суседнім Браслаўскім раёне ў  вёсцы Герасімава. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Атрымаў дыплом інжынера і прадоўжыў вучобу ў духоўнай семінарыі, дзе атрымаў сан святара. Працаваў вікарыем у Наваполацкай, а таксама ў Міёрскай парафіях. У нашым раёне многія яго ведаюць. Кажуць, што вызначаўся асаблівай павагай да людзей, уменнем выслухаць і пачуць. Вернікі прыгадваюць зразумелыя і цікавыя пропаведзі святара.

 

Ксёндз Алег працаваў настаяцелем у Бешанковічах, Уле. Затым у Віцебску. У 2006-ым яго прызначылі дэканам Віцебскага дэканата. У абласным цэнтры нёс святарскую службу ў парафіі святога Антонія Падуанскага.

Событие позитивное и неожиданное
Пасля ўрачыстасці з нагоды прызначэння біскупам, а таксама падчас развітання з вернікамі "сваёй" парафіі Алег Буткевіч падзяліўся пачуццямі, бачаннем свайго далейшага служэння Богу. Вось некаторыя вытрымкі з дыялогаў з біскупам.

 

— З якімі пачуццямі Вы сустрэлі навіну аб прызначэнні?

— Прапанова выклікала ў мяне шок і ўражанне. Першая рэакцыя — "не", бо не адпавядаю пасадзе, бо не маю адпаведнай падрыхтоўкі. Спатрэбілася шмат часу, каб з гэтай думкай змірыцца.

 

— Такое прызначэнне як прыступка ў кар'еры ці нешта іншае?

— На першы погляд, можа як прыступка… Але я ўспрымаю гэта, перш за ўсё, як служэнне і не бачу ў тым нават нейкай прывілеі ці ўзнагароды. Успрымаю ўсё, як вялікую адказнасць.

 

— Якім быў Ваш шлях да Бога і да Касцёла?

— Мне пашчасціла нарадзіцца ў веруючай сям'і католікаў. Хоць, вядома, гэта былі 1970-я гады, час, калі адкрыта не гаварылі пра веру. Тут трэба аддаць належнае маім бацькам. Нягледзячы на цяжкасці, сваім дзецям, а нас было трое ў сям'і, змаглі прывіць веру. Я памятаю тыя праблемы, якія ўзнікалі і ў маім сэрцы, і ў душы…Гэта быў шлях да Бога і Касцёла, які працягваецца ўсё жыццё.

 

— Ёсць у Вас ідэал, на які хацелася б быць падобным у жыцці і раўняцца ў працы?

— Калі пад ідэалам разумець пэўную асобу, то… яе ў маім жыцці няма. Проста таму, што гэта немагчыма. Але ёсць людзі, які з'яўляюцца для мяне прыкладам адданага служэння, малітвы, духоўнага жыцця. У першую чаргу гэта мае бацькі

 

— Якія праблемы сёння стаяць перад Каталіцкім Касцёлам у глабальным і лакальным маштабах, у свеце і ў Беларусі?

— Гэта акрэсліваецца двума паняццямі: секулярызацыя і рэлятывізм. Такія модныя два словы, якія азначаюць адыход ад Бога і пошук для сябе іншых багоў. Вяртанне да язычніцтва — вялікая праблема для Касцёла. І другая праблема — чалавек цяпер не трымаецца прынцыпаў, якія заклаў Бог у чалавечую прыроду. Часта сам уяўляе сябе Усявышнім, а сваё жыццё падпарадкоўвае тым прынцыпам, якія яму больш падабаюцца. І гэта небяспечна, бо чалавек не з'яўляецца аўтарам свету, творцам яго законаў, якія дзейнічаюць незалежна ад адносін да іх. Таму для нас адзіны паратунак — як гаварыў аб гэтым сам Хрыстус: "Шукайце праўды, і праўда вас вызваліць". Менавіта гэта дазволіць нам стаць свабоднымі, шчаслівымі людзьмі.

 

— Якім, на Ваш погляд, павінен быць біскуп?

— Біскупскае служэнне — працяг святарскага служэння. Святар — чалавек, які павінен быць тым, хто ў сваёй асобе прадстаўляе любоў, міласэрнасць нябеснага Айца.

 

— Ці мяняецца чалавек, атрымаўшы біскупскае пасвячэнне?

— Напэўна тое, што здараецца з чалавекам у жыцці, тым ці іншым чынам уплывае на яго характар. У кожнай сітуацыі асоба нібы правяраецца. Як яно будзе ў маім выпадку, пакажа час.

 

*****

Тэолаг Пётр Рудкоўскі назваў біскупа Алега Буткевіча беларускім  эквівалентам Папы Рымскага Францішка: "…Невялікі пакойчык (нават не кватэра!) — гэта ўся ягоная "плябанія". Ксёндз Алег вельмі просты і непасрэдны ў кантактах з людзьмі, дужа ўразлівы на патрэбы бедных, з добрым сэрцам, адораны музычнымі і вакальнымі здольнасцямі. Апроч таго — рэгулярны госць ва ўніверсітэце імя Машэрава і ў Старасельскай школе пад Віцебскам (яго выступы заўжды карысталіся вялікім попытам у студэнтаў і вучняў), удзельнік тэле- і радыёперадач, і гэта пры тым, што ўвесь час на яго плячах была цяжкая праца па адбудове касцёла Св. Антонія. Наскрозь беларускамоўны і прасякнуты любоўю да Беларусі".

Цырымонія аблачэння ў біскупскую хіратонію ксяндза Алега Буткевіча адбудзецца ў кафедральным саборы Віцебска 18 студзеня.

 

На здымках: кс. Алег Буткевіч (у цэнтры) з вернікамі падчас яго службы вікарыем у Міёрскай парафіі; на ўрачыстасці ў Віцебску пры абвяшчэнні рашэння Папы Рымскага Францішка аб прызначэнні ксяндза А. Буткевіча біскупам.

 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.