С молитвами к Росицким мученикам

С молитвами к Росицким мученикам
Вось ужо амаль 20 гадоў збірае Росіцкі касцёл у сваіх сценах пілігрымаў з розных куткоў Беларусі. Сёлета там адбыўся чарговы шматлюдны фэст. Праз Міёры праходзяць пілігрымкі з Барысава і Друі.

 

Генадзь з Глыбокага, 43 гады:

 

— Гэта мая другая пілігрымка, тры тыдні таму ўпершыню хадзіў у Будслаў. Той шлях усяго два дні, але настолькі быў уражаны ім, што захацеў працягу. Вырашыў ісці з Барысава ў Росіцу, усяго на дарогу 8 дзён. Ад Міёр да мэты ўжо прыблізна 60 кіламетраў. Ногі баляць напрыканцы кожнага дня, аднак раніцай яны як новыя. Ад імя ўсіх пілігрымаў дзякую міярчанам за цёплы прыём і начлег, за іх шчырыя і добрыя сэрцы.

 

Мінчанка Марыя, 24 гады:

 

— Упершыню ў Росіцу іду сёлета, а даведалася пра пілігрымку ад сяброўкі. Кожны дзень — гэта невялічкае выпрабаванне, аднак нейкія сілы штодзень надаюць моцы і жадання ісці далей. Мы ўсе: і малыя, і старыя у духоўнай еднасці з Богам. Кожны дзень не падобны на іншы гэта неверагодны цуд!

 

Ганна з Міёр, студэнтка:

 

Чацвёрты раз іду з Барысава да Росіцы. Упершыню накіравалася туды пешшу, калі мне было 9 год. Тады ўжо я палюбіла тыя мясціны і шаную памяць пра мучанікаў, што загінулі за веру. А больш падрабязна пра іх даведалася з кнігі І. Жарнасек "Будзь воля Твая".

 

Да святых мясцін крочаць маладыя і людзі сталага ўзросту. З іх слоў у дарозе паглыбляеш сваю веру, вучышся трываласці і самым найлепшым якасцям. На падыходзе да Росіцы адчуваецца хваляванне, бо некалі тутэйшыя мясцовыя жыхары загінулі за веру, а сёння дзякуючы ім мы можам хадзіць у касцёл, маліцца. 

 

З гісторыі

 

Невялікая вёсачка Росіца знаходзіцца ў Верхнядзвінскім раёне, ля самай мяжы з Латвіяй. Шырокую вядомасць у краіне і нават за мяжой яна набыла ў выніку жудасных падзей у лютым-сакавіку 1943 года, калі з халодным садызмам былі спалены і патоплены ў ледзяных водах ракі Свольна больш за тры тысячы мірных жыхароў адсюль і яшчэ з 426 населеных пунктаў гэтага рэгіёна. Сярод ахвяр было 2118 дзяцей да 12 гадоў і 310 чалавек старэйшых за 50 гадоў. Тых, якія засталіся жывымі, а гэта 2615 чалавек, вывезлі ў Германію. Каля 1000 дзяцей трапілі ў фашысцкі канцлагер Саласпілс пад Рыгай, дзе ў іх бралі кроў для параненых салдат арміі захопнікаў...

 

У Росіцы служылі айцы Ордэна марыянаў. Кіраўніком місіі быў ксёндз Антоній Ляшчэвіч, а дапамагаў яму Юрый Кашыра, выхадзец з праваслаўнай сям'і з вёскі Александрова нашага раёна, які перайшоў у каталіцтва і прыняў сан святара. Ксяндзы з дапамогай законных сясцёр Ядвігі Віршута і Апалоніі Пяткун займаліся місіянерскай працай.

 

Калі ў Росіцы і акрузе гаспадарылі немцы, яны патрабавалі інфармацыі пра партызан. Фашысты ставілі сабе задачу ачыс-ціць тэрыторыю ад беларускіх, рускіх і латвійскіх партызанскіх фарміраванняў, якія актыўна вялі барацьбу ў гэтым рэгіёне. Аднак мала хто тады меркаваў, што карная акцыя будзе накіравана не толькі супраць узброеных лясных салдат, але і супраць мірнага насельніцтва. Кіраўніцтва марыянаў настойліва рэкамендавала ксяндзам і сёстрам пакінуць Росіцу і вярнуцца ў Друю, аднак місіянеры вырашылі застацца са сваімі парафіянамі. Карная акцыя пачалася 16 лютага 1943 года. Фашысты пачалі зганяць у Росіцкі касцёл мясцовае насельніцтва з навакольных вёсак і лясоў. Святыня хутка напоўнілася старымі, дзецьмі і жанчынамі, на руках многіх з якіх былі немаўляты. Разам з усімі былі і ксяндзы Антоній Ляшчэвіч, Юрый Кашыра і законныя сёстры. Пяць халодных лютаўскіх дзён і начэй слухаў касцёл стогны і плач асуджаных на смерць людзей. Суцяшалі толькі словы і малітвы ксяндзоў. Паступова ў храме ўсталяваўся спакой. Нямецкі афіцэр дазволіў святарам і сёстрам свабодна выходзіць і ўваходзіць у будынак. Гэтую магчымасць яны выкарыстоўвалі, каб выпякаць хлеб для тых, хто заставаўся зачыненым у касцёле. Карнікі гаварылі, што павязуць палонных на працу ў Германію, аднак усе ведалі, што ў суседніх вёсках дзень і ноч бушуюць пажары, у якіх пакутлівай смерцю гінуць людзі. У выглядзе выключэння фашысты неаднойчы прапаноўвалі ксяндзам пакінуць Росіцу і выратаваць такім чынам сабе жыцці. Аднак Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра вырашылі, што іх святая місія заставацца з людзьмі, якія маюць патрэбу ў духоўнай падтрымцы ў апошнія хвіліны.

 

Больш за 1500 чалавек палонных былі зажыва спалены ў калгасных стайнях і хатах. Са сваімі вернікамі згарэлі і ксяндзы. Ахвяра святароў была прызнана подзвігам. У 1999-ым Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра былі кананізаваны Папам Рымскім Янам Паўлам II як святыя пакутнікі. Касцёл у Росіцы стаў для Беларусі нацыянальнай гістарычнай і духоўнай каштоўнасцю.

 

Набажэнствы

 

С молитвами к Росицким мученикам
Пілігрымы, што прыйшлі ў Росіцу пешшу ці прыехалі, удзельнічалі ў набажэнствах. Галоўнай была начная служба, калі працэсія з касцёла са спевам і свечкамі накіроўвалася да месца спалення людзей і святароў, да мемарыяльнага крыжа на краі вёскі. Маліліся пад адкрытым небам. Міжволі думалася ў той час, якая вялікая была любоў росіцкіх святароў да народа, каб не пакінуць яго ў гадзіну смерці і па сваёй волі пайсці з усімі на пакуты? Як зрабіў бы кожны з нас у такой сітуацыі? Напэўна, любы вернік задаецца гэтым пытаннем. У адной з малітоўных песень, якая абавязкова гучыць у такія дні, ёсць словы: "Няма большай любові, як жыццё сваё аддаць за сяброў сваіх". Дай Бог нам сілы любіць сваіх блізкіх, свой народ, сваю краіну, як гэта рабілі росіцкія ксяндзы.

 

Падрыхтавала Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.