У Міёрскі касцёл 20 жніўня прыбудуць рэліквіі св. Тарэзы ад Дзіцяткі Езуса, перэгрынацыя якіх па Беларусі пачалася 1 чэрвеня і завершыцца 28 жніўня.
Мошчы святой ужо пабывалі ў розных куточках свету, у тым ліку на Украіне, у Польшчы, Літве, Эстоніі, Расіі. Беларусь стала па ліку 76-й краінай, якая іх прымае. У Віцебскай дыяцэзіі прыпынкі ўжо былі зроблены ў Браславе, Відзах і Паставах. У Міёры рэліквіі прыбудуць у 12 гадзін і будуць тут на працягу дня і ночы. Прыедуць памаліцца ля мошчаў святой парафіяне з Дзісны, Павяцця, Друі.
На далейшым шляху перэгрынацыі рэліквіі па Віцебскай дыяцэзіі будзе шэсць касцёлаў: у Шаркаўшчыне (21.08), Глыбокім (22.08), Параф'янаве (23.08), Полацку (24.08), Лепелі (25.08), Оршы (26.08). Апошні прыпынак — у Віцебскай катэдры (27.08).
Св. Тарэза ад Дзіцяткі Езуса з'яўляецца вельмі папулярнай на тэрыторыі Беларусі. Амаль у кожным касцёле, у тым ліку і ў Міёрскім, можна ўбачыць яе выяву (фігуру ці абраз) у постаці маладой манахіні з букетам ружаў і крыжам у руках. Свой шлях да святасці Тарэза прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу. Адышла ў вечнасць у 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў св.Тарэзу ад Дзіцяткі Езуса доктарам Касцёла.