Наперадзе—кананізацыя

Дзісна—самы маленькі горад Беларусі, аднак ён мае багатую гісторыю праваслаўя. Менавіта тут у грамаце, якая даравана ва Уваскрэсенскай царкве ў 1918 годзе, патрыярх Ціхан выказаў спадзяванне, што “Гасподзь не пакіне веруючых у яго”. І гэта спраўдзілася. Цяпер у нашым горадзе дзве дзеючыя царквы—Смаленскага абраза Божай Маці Адзігітрыі і Уваскрэшання Хрыстова.
Храм Уваскрэшання Хрыстова пабудаваны ў 1870 годзе на сродкі Віленскага генерал-губернатара М. М. Мураўёва, і да 1944-га ў ім праводзіліся рэгулярныя службы. Пры вызваленні Дзісны царква моцна разбурана і каля 45 гадоў паступова разбуралася. Толькі ў 1989-ым па просьбе прыхаджан будынак зноў перададзены вернікам. Па блаславенню епіскапа Дзмітрыя (тады уладыкі Віцебска-Полацкай епархіі, а цяпер архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага) пачалося аднаўленне храма. Гэтыя работы ўзначаліў святар а. Генадзь Каранеўскі. Ён уклаў шмат клопатаў і асабістай працы ў будаўніцтва, разам з прыхаджанамі ачышчаў цэглу, пілаваў дошкі, выконваў іншыя работы. І ў 1991 годзе храм быў адкрыты.

З даўніх часін у царкве знаходзіцца Смаленская ікона Божай Маці Адзігітрыі, якая беражэ наш горад ад розных бед і нягод. Цікавае паданне аб яе з’яўленні. Кажуць, што Дзісна была двойчы поўнасцю знішчана пажарамі. У час чарговага напасця людзі пабачылі на вадзе ля берага Дзвіны абраз Прасвятой Багародзіцы. Гараджане абыйшлі з ім хрэсным ходоам горад і пажары спыніліся. З тых часін штогод 10 жніўня наша царква ўрачыста святкуе дзіўнае з’яўленне гэтага абраза. Мноства людзей (і не толькі праваслаўных) імкнуцца пакланіцца Божай Маці ў час хрэснага хода па гораду, кожны атрымлівае суцяшэнне.

Толькі цікавасць да гэтай святыні, на жаль, была не ў адных веруючых. Двойчы яе імкнуліся ўкрасці. Абраз ацалеў, аднак злачынцы знялі ўнікальны старажытны сярэбраны аклад, забралі іншыя каштоўнасці. І нічога вярнуць не ўдалося. Таму па блаславенню архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія было вырашана аднавіць рызу Прасвятой Багародзіцы. Гэтым будзе займацца вядомы беларускі ювелір М. П. Кузьміч, якому, у прыватнасці, належыць заслуга ў аднаўленні Крыжа Еўфрасінні Полацкай.

З Адзігітрыеўскай царквой звязана мучаніцкая смерць святара а. Канстанціна Жданава, які быў пахаваны ў алтары гэтага храма ў 1919 годзе. Іярэй Канстанцін нёс сваё пастарскае паслушанне ў Свята-Успенсім храме, што ўзведзены пад яго кіраўніцтвам у Шаркаўшчыне. Ён карыстаўся вялікай любоўю і павагай прыхаджан. Аднак у 1918-ым быў арыштаваны і адпраўлены ў Дзісну. Пасля працяглых катаванняў і здзекаў яго павялі на расстрэл. Канваіры прымусілі святара выкапаць яму, а затым закапалі яго жывым. Прыхаджане перазахавалі цела свайго настаяцеля ў склепе пад алтаром Дзісенскай могілкавай царквы.

Па блаславенню архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія мошчы іярэя Канстанціна з пашанай перавезены ў храм Уваскрэшанне Хрыстова, да іх з незвычайнай цеплынёй і ўвагай адносяцца праваслаўныя. Цяпер рыхтуецца кананізацыя святара як навамучаніка за праваслаўную веру. Толькі гэта запатрабуе вялікіх матэрыяльных выдаткаў, нашаму прыходу яны не пад сілу. Веруючыя храма Уваскрэшанне Хрыстова звяртаюцца да ўсіх праваслаўных і наогул да добрых людзей з просьбай аказаць пасільную дапамогу. Праявіце шчодрасць і ахвяравальнасць, з адкрытым сэрцам і ад усёй душы ўнясіце сваю лепту ў Божую справу. І Усявышні не пакіне вас у сваёй благадаці.

Накіроўвайце ахвяраванні на разліковы рахунак 3015204020000 у аддзяленні ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Міёры, код 416. Атрымальнік—прыход храма Уваскрэшання Хрыстова г. Дзісна.

З надзеяй аб дапамозе і павагай прыхаджане храма Уваскрэшання Хрыстова.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.