Авторизация
 

Памяці а. Мікалая Рунды

Памяти о. Николая Рунды Кружыць лёгкі, чысты, асляпляльны сваёй белізною снег. Здаецца, ён засыпае беспрытульнасць і журбу, дорыць надзею на нешта значнае і светлае ў нашым жыцці. Напамінае, як казаў святар Мікалай Васільевіч Рунда, што жыць трэба годна, сумленна, па праўдзе. Вышэйшая воля ашчаслівіла цябе нечаканай радасцю — магчымасцю прыйсці ў гэты белы свет.

 

Падаў бялюткі сняжок і 21 лютага мінулага года, калі пасля працяглай хваробы на 90-ым годзе жыцця перастала біцца сэрца былога благачыннага Міёрскай акругі, протаіерэя Мікалая Васільевіча Рунды. Першая мая сустрэча са святаром адбылася ў 1987 годзе ў вёсцы Грыгаравічы, куды ў мясцовую царкву прыехаў Мікалай Васільевіч. Быў летні дзянёк. Святар босы хадзіў па двары, карміў курэй. Пазнаёміліся. З першай сустрэчы Мікалай Васільевіч запомніўся цікавым субяседнікам, які шмат пабачыў у жыцці, перажыў многае. У наступныя гады наша знаёмства набыло новыя фарбы. У 1990-ым святар узначаліў праваслаўную рэлігійную абшчыну райцэнтра. Па яго ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле быў адноўлены Міёрскі праваслаўны рэлігійны прыход, а праз два гады пабудавана царква.

 

М. В. Рунда нярэдка заходзіў у рэдакцыю, прыносіў гасцінцы, любіў пасядзець з кубачкам гарбаты, пагутарыць. Размовы вяліся розныя. Святар паўтараў: чалавек, які жыве без Бога, падобны зрэзанай кветцы ў вазе. Лічыў, што скаціцца ў зло вельмі проста — дастаткова расслабіцца, бруд сам прыліпне. Каб ачысціць і ўмацаваць нашы душы, ёсць важныя царкоўныя таінствы — споведзь і прычасце. Канешне, каяцца можна і па-за сценамі храма, сам-насам. Але менавіта ў царкве пакаянне набывае паўнату і эфектыўнасць. А святар, які прымае споведзь, — з’яўляецца памочнікам і сведкай перад Богам.

 

У размовах Мікалай Васільевіч вяртаўся ў гады дзяцінства. Нарадзіўся ён у вёсцы Навінцы Мікалаёўскага сельсавета. Старэйшыя жыхары добра памятаюць яго. У сям’і будучага святара было сямёра дзяцей: 5 братоў і 2 сястрычкі. Бацька патрабаваў, каб кожны вучыўся карыснай справе. Па гэтай прычыне Мікалай асвоіў кравецкую справу, стаў добрым закройшчыкам.

 

Што да святарскай дзейнасці, то выбар быў поўнасцю асэнсаваны. У пэўнай ступені прысвяціць сябе служэнню Богу Мікалай Васільевіч вырашыў у ваенны перыяд. У нашых мясцінах быў даволі моцны партызанскі рух. Мікалай Васільевіч у партызанах шыў, рамантаваў адзенне. У час блакады мог загінуць, але застаўся ў жывых. Лясныя салдаты хаваліся на балоце “Ельня”. Немцы ішлі ланцугом, схаваўшыхся забівалі штыкамі. У такіх складаных абставінах святар паабяцаў у выпадку свайго выратавання прысвяціць жыц-цё служэнню Богу. І як ён сам гаварыў, здарыўся цуд: немцы прайшлі побач і не заўважылі.

 

Пасля вайны Мікалай Васільевіч паступае ў Жыровіцкую семінарыю, а да гэтага служыў псаломшчыкам у Дзісенскай і Чэраскай цэрквах.

Са з’яўленнем царквы ў Міёрах, здаецца, той куточак прылеглай гарадской тэрыторыі змяніўся. Ён добраўпарадкаваны. Прыгожая альтанка, рукатворны вадаём, клумбы з кветкамі — усё прываблівае позірк. Мікалай Васільевіч многае зрабіў сам. Дарэчы, пры ўзвядзенні царквы выконваў сталярныя работы. Наогул, пра такіх людзей кажуць: майстра на ўсе рукі.

 

У свой час Мікалай Васільевіч скончыў у Маскве двухгадовыя курсы ігры на баяне. Яму падуладны гэты інструмент, а таксама арган, які калісьці выкарыстоўваўся ў Віцебскім касцёле. Палічылі ўстарэлым і непрыгодным, а ва ўмелых руках святара ён ажыў.

Успомнілася размова са святаром пра пакаянне, па-грэчаску — метанойя, што азначае “перамена розуму”. Сапраўднае пакаянне суправаджаецца прызнаннем схаванай праўды пра сябе, жаданнем перарадзіцца да лепшага, пазбавіцца грахоў, змагацца з імі. Асабліва цяжка даводзіцца людзям, якія прыйшлі ў царкву ўжо ў сталым узросце. За плячыма ў многіх — цяжкі груз грахоў. Святар быў перакананы, што іх не трэба баяцца, а трэба пачынаць ад іх вызваляцца. Сам шлях вызвалення душы ад грахоў прыносіць вялікую радасць. Задача святара дапамагчы чалавеку на гэтым шляху.

 

А далей усё залежыць ад душэўнага таленту чалавека. Пакаянне павінна ісці ад сэрца. Нельга проста механічна прымяняць спавядальныя формулы, трэба, як казаў святар, каб «само палілося». Не павінна быць самаапраўдання і перакладвання віны на іншых людзей і на абставіны жыцця. Некаторыя памылкова лічаць, што чым мацней чалавека захлістваюць эмоцыі — тым мацнейшае пакаянне. Гэта не так. Ні ў якім разе нельга штучна выклікаць у сабе пакаянныя пачуцці, «накручваць» псіхіку — гэта прывядзе да істэрыкі і нервовых узрушэнняў, а карысці не прынясе.

Вялікую работу правяла праваслаўная царква і непасрэдна святар М. В. Рунда ў сувязі са святкаваннем 2000-годдзя хрысціянства. Запомніліся ўрачыстасці ў Лявонпалі, якія мелі шырокі рэзананс і па-за межамі раёна. Мікалай Васільевіч актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі дабрачыннай дзейнасці, аказваў дапамогу адзінокім і састарэлым, мнагадзетным сем’ям, займаўся выхаваўчай работай сярод веруючых. Ён праявіў сябе як адданы справе чалавек, да апошняга захоўваў энергічнасць, бадзёрасць, вялікую працаздольнасць і аптымізм. Дзякуючы яго намаганням у 2001-ым узведзены храм у вёсцы Пестуны. На тэрыторыі раёна паставіў 5 паклонных крыжоў. Заўсёды ўмеў знаходзіць паразуменне з насельніцтвам, у тым ліку каталіцкага веравызнання і іх святарамі. Вызначаўся гасціннасцю. Запрашаў да сябе ў дом, дзе яго жонка Ніна Браніславаўна частавала аладкамі, іншымі прысмакамі, а ў час пастоў святар прапаноўваў паспрабаваць посныя стравы з бобу, фасолі.

 

Служэнне Мікалая Васільевіча Рунды праваслаўнай царкве і людзям, Айчыне адзначана шматлікімі царкоўнымі ўзнагародамі і юбілейнымі медалямі, падзякай ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Напісаны гэтыя радкі, і быццам адбылася чарговая сустрэча са святаром.

 

Л. КАСАТЫ.

 

 

 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 30 января 2022
Антон, Виктор, Георгий, Иван, Павел, Савелий, Антонина

Именины 29 января 2022
Иван, Максим, Петр, Неонила

Госці краін

free counters
Партнеры сайта